Свята на востраве

«Спасаўскi кiрмаш» плануе сабраць да 7000 удзельнiкаў i гасцей

«Спасаўскi кiрмаш» у Добрушы плануе сабраць у гэтым годзе да 7000 удзельнiкаў i гасцей

Напярэдаднi праваслаўнага свята, якое ў народзе называюць Мядовы Спас цi Спас на вадзе, тут у лiтаральным сэнсе – на вадзе, дакладней, на востраве, акружаным маляўнiчым руслам ракi Iпуць, пройдзе трэцi культурна-духоўны фестываль «Спасаўскi кiрмаш».

— Зона адпачынку «Востраў» здаўна была ўлюбёным месцам дабрушчан, — расказвае намеснiк старшынi Добрушскага райвыканкама Рыгор Козыраў. – Яшчэ ў савецкi час туды пралягаў масток, наведвальнiкаў запрашалi каруселi i атракцыёны... А потым мост разбурыўся, на лодках на востраў выбiралiся нямногiя, i ён паступова пачаў прыходзiць у заняпад.

Зразумела ж, мы думалi, як вярнуць да жыцця прыродную славутасць роднага краю i добраўпарадкаваць кавалачак сушы, акружаны з усiх бакоў цiхай плынню звiлiстай ракi. Вырашылi аднавiць традыцыю народных гулянняў i штогод улетку ладзiць фестываль «Спасаўскi кiрмаш». Тры гады назад Мiнiстэрства абароны дапамагло пабудаваць пантонны мост даўжынёй 70 метраў, якi злучыў востраў з горадам, мясцовыя жыхары актыўна ўдзельнiчалi ў суботнiках i асаблiва пашчыравалi ў год роднай зямлi...

— А каму належала такая цудоўная iдэя?

— У лiку арганiзатараў i iдэйных натхнiцеляў фестывалю — старшыня райвыканкама Вольга Мохарава i наш знакамiты зямляк Уладзiмiр Пракапцоў, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусi. Ён, дарэчы, заўсёды прыязджае на свята з цудоўнымi падарункамi малой радзiме. Напрыклад, у мiнулым годзе такiм падарункам стала выстаўка праваслаўных iкон XIX — пачатку XX стагоддзяў «Святая Белая Русь» з калекцыi Нацыянальнага мастацкага музея. У лiку ганаровых гасцей – губернатар нашай вобласцi – Аляксандр Якабсон, без спагадлiвай падтрымкi якога мы наўрад цi так хутка змаглi б задуманае ўвасобiць.

— Узгадваючы два мiнулыя «Спасаўскiя кiрмашы» на востраве адпачынку, жыхары Добруша з нязменнай гордасцю падкрэслiваюць маштаб фестывалю... Кажуць: колькасць i геаграфiя яго ўдзельнiкаў пацягнуць i на мiжнародны!

— Госцi едуць да нас з задавальненнем. Творчыя дэлегацыi з Украiны i Расii прыязджаюць з нумарамi мастацкай самадзейнасцi i нацыянальнымi прысмакамi. У памежных украiнскiх райцэнтрах Шчорсе i Гараднi падобных мерапрыемстваў пакуль няма i тутэйшыя жыхары загадзя рыхтуюцца да сумеснага з намi фэсту. Сёлета пацвердзiлi свой прыезд i суседзi-расiяне: з Навазыбкава, Клiмава, Злынкi... Адным словам, 7 жнiўня чакаем больш за сем тысяч удзельнiкаў i гасцей.

— Год ад году крылы славянскага культурнага фестывалю дужэюць. А што застаецца на iм нязменным?

— Добры настрой, гасцiннасць, палёт фантазii, адпачынак ад клопатаў. Кожны можа культурна бавiць час з сям’ёй цi з сябрамi, ўдзельнiчаць у шматлiкiх вясёлых конкурсах, пагуляць у футбол, пакатацца на лодках.

На маляўнiча i з густам упрыгожаных снапамi новага ўраджаю сялянскiх падвор’ях не толькi гандаль, а i выстаўкi: iнсталяцыi з садавiны i агароднiны, непаўторныя вырабы народных майстроў, вышыўка, вырабы з саломкi, даматканыя ручнiкi i посцiлкi, драўляныя скульптуры... 

Свежаспечаныя булачкi, пiрагi i кандытарскiя вырабы прапануюць мясцовы хлебазавод i прадпрыемствы райспажыўсаюза. А большасць гандлёвых радоў на востраве заўсёды займаюць пчаляры з бурштынавым мёдам. Перад пачаткам свята настаяцель Свята-Мiкалаеўскага сабора Добруша протаiерэй Аляксей чытае малiтву на асвячэнне мёду. Па народным звычаi нашы продкi перад Успенскiм постам асвячалi не толькi мёд новага збору, але i свае калодзежы, вадаёмы. Праўда, з часам такiя ранейшыя назвы свята, як Спас на вадзе i Мокры Спас паступова пачалi забывацца... Але ж на тое мы i звяртаемся да культурнай спадчыны хрысцiянства, каб чэрпаць з яе духоўныя сiлы, узнаўляць традыцыi, берагчы iх i перадаваць наступным пакаленням.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter