Кухни народов мира, яркие шоу и фотозоны: мы окунулись в новогоднюю атмосферу популярных минских ярмарок

Свята на бойкім месцы

Напярэдадні Каляд і Новага года ў Мінску традыцыйна праходзяць святочныя кірмашы. Гэтай зімой гараджан і гасцей чакаў сюрпрыз: гандаль разгарнуўся адразу на чатырох пляцоўках. Дзве — у традыцыйных лакацыях: на Кастрычніцкай плошчы і каля Палаца спорту. Да звыклых кірмашоў дадалася «Мяцеліца» каля Камароўскага рынку і «Арт-Арэна» на вуліцы Кальварыйскай. Карэспандэнт «Р» пачаставалася імбірнымі прысмакамі, пакаштавала абляпіхавую гарбату і нацешылася атмасферай свята.

Падарунак да Новага года — адкрыццё кірмашу «Мяцеліца» каля крытага павільёна Камароўскага рынку.

Як і ў мінулыя гады, у цэнтры Мінска — на Кастрычніцкай плошчы — вечарамі мнагалюдна. 12 гандлёвых павільёнаў стаяць у рад уздоўж праспекта Незалежнасці.

— Прыйшлі сюды ўзнімаць сабе настрой, — дзеліцца Сцяпан, які стаіць у чарзе па абляпіхавую гарбату.

— А мы прыйшлі, каб сагрэцца глінтвейнам, — падключаюцца да размовы маладыя людзі. — Гулялі па горадзе, трохі змерзлі.

— Тут пануе цёплая атмасфера. Прыемна здзіўленыя, — расказвае пажылая пара. Пенсіянеры прывялі на фудкорт унучку: хочуць зрабіць прыгожы фотаздымак на памяць — каля галоўнай ёлкі.

Устаноўлены 24 драўляныя домікі, дзе можна перакусіць і набыць сувеніры.

Падарунак да Новага года — адкрыццё кірмашу «Мяцеліца» каля крытага павільёна Камароўскага рынку. Там упершыню ўстаноўлены 24 драўляныя домікі, дзе можна перакусіць і купіць сувеніры. Асаблівую атмасферу свята стварае мноства агнёў над галавой — ілюмінацыя працуе нават удзень.

Становімся ў чаргу па гарачыя блінцы. Прадавец зазывае пакупнікоў:

— З сырам, вяндлінай, курыцай, чырвонай ікрой!

— Слойка з вішнямі, піражок з бульбай, плоў з мясам, пірог са шпінатам! — чуецца голас гандляра з суседняга доміка.

Стравы прапануюць на любы смак і кашалёк: ад фастфуду да кухняў народаў свету.

Ад асартыменту вочы разбягаюцца: тут і гарачыя стравы, і выпечка, і прысмакі, і вялікі выбар напояў. Частку пляцоўкі займаюць сувеніры — тут таксама ажыятаж.

— У Мінск прыехалі на некалькі дзён, каб купіць падарункі сваякам, — дзеліцца маладая мама з Ліды. — Пра кірмаш расказалі сябры, яны жывуць непадалёк. Не чакала такога багацця выбару тавару! Тут вельмі прыгожа і весела!

Камароўскі рынак — добрае месца, каб купіць падарункі сваякам.

Муж Дзіяны выбірае елку на сезонным базары, сама яна закупляе ўпрыгажэнні, а сынок маладой сямейнай пары непадалёк глядзіць навагоднія мультфільмы на вялікім экране — яго спецыяльна ўсталявалі пад адкрытым небам.

Сустракаю яшчэ адну сям’ю: дзеці радасна танчаць пад музыку, а бацькі ласуюцца каляднымі пернікамі.

На кірмашы можна набыць жывую елку.

 — Ці чулі, тут прадаюць варэнне з шышак і яблычны сыр? Цікава, што гэта такое. Пойдзем шукаць, — дзеліцца планамі Яўген, бацька сям’і.

Ацаніць новы кірмаш прыйшлі і студэнты — выбіраюць месца для сустрэчы Новага года. Кампанія маладых людзей пераканалася: для свята пляцоўка добрая!



— Спачатку з сябрамі збіраліся куды-небудзь паехаць на свята, але зараз зразумелі, што і ў Мінску нам будзе камфортна і весела. Глядзіце, якая прыгажосць! — дзяўчына паказвае на яркую фотазону. — Вырашылі застацца тут.

Дарэчы, кірмаш «Мяцеліца» працуе штодня, у навагоднюю ноч будзе адкрыты да самай раніцы. У навагоднюю ноч усе жадаючыя могуць прыйсці сюды, каб загадаць жаданне.

Асаблівую атмасферу свята ствараюць казачныя персанажы.

Зарадзіцца навагоднім настроем зараз таксама можна ў двары былой фабрыкі па адрасе: Кальварыйская, 21. «Арт-Арэна» — гэта вялікі фудкорт, дзе размясцілася больш за 40 пунктаў з ежай і напоямі. Стравы прапануюць на любы смак і кашалёк: ад фастфуду да кухняў народаў свету. Над пляцоўкай усталявалі вялікі белы шацёр, тут госці змогуць укрыцца ад дажджу і снегу. Новая забаўляльная прастора змяшчае больш за дзве тысячы чалавек і працуе штодня з 12 да 23. У навагоднюю ноч шоу-праграма працягнецца да 5.00. 15 студзеня на тэрыторыі «Арт-Арэны» пройдзе доўгачаканы фестываль зімовых гарачых напояў.

Зарадзіцца навагоднім настроем зараз можна ў двары былой фабрыкі па адрасе: Кальварыйская, 21. 
Фота БЕЛТА

ypopko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter