Попробовать сочную клюкву и понаблюдать за серыми журавлями можно в Миорах в эти выходные

Свята мясцовых брэндаў

Экалагічнае свята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» ладзіцца з верасня 2012 года. Месца і час яго пра­вя­дзення выбраны нездарма. На Міёршчыне ў верасні пачынаецца сезон збору журавін, а па запасах гэтых ягад тутэйшае балота Ельня зай­мае першае месца ў Беларусі. І менавіта тут штогод спыняюцца на адпачынак падчас восеньскай міграцыі больш за 4000 шэрых жураўлёў і дзясяткі тысяч гусей розных відаў.

Фота Валерыя Кавалёнка

Кожны фестываль, прысвечаны дзвюм галоўным асаблівасцям Міёрскага раёна, радуе гасцей цікавымі экскурсіямі, кулінарнымі эксперыментамі, інтэрактыўнымі фотазонамі, незвычайнымі актыўнасцямі. Ёсць чаму падзівіццца і сёлета. Ужо заўтра, 14 верасня, жыхары і госці Міёраў могуць стаць сведкамі ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу «Жураўлінае вяселле», пахварэць за каманды міжраённага турніру інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі?» і адкрытага кубка раёна па валейболе сярод жанчын. А колькі ўсяго цікавага чакае 15 верасня!

Жадаючыя змогуць паназіраць за жураўлямі ў суправаджэнні арнітолагаў, прайсціся па экасцежцы, прыняць удзел у тэматычным «Жураўліным квэсце», вырабіць экасувенір на памяць, распісаць пернік з выявамі брэндавых ягад і птушак і нават дапамагчы ў фарміраванні калекцыі будучага Музея журавін і жураўлёў. На свяце будуць працаваць дзіцячыя і маладзёжныя пляцоўкі, прэзентуюць вырабы народных майстроў і экалагічную літаратуру, арганізуюць продаж журавін і прадукцыі айчынных прадпрыемстваў.

На фестывалі падвядуць вынікі раённых конкурсаў — па добраўпарадкаванні, сярод сельскіх падворкаў, па зборы журавін, захавальнікаў Ельні і гэтак далей. Падрыхтавана насычаная канцэртная праграма. На свяце выступяць калектывы Даўгаўпілса і Крустпілскага краю з суседняй Латвіі, наш фолк-гурт PAWA. Запланаваны тэатралізавана-канцэртная шоу-праграма «Жураўліная нота» і святочная тэматычная дыскатэка «Жураўліны опэн-эйр».


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter