Свята ў гонар мядзведзя

Такое свята на самай справе было зафіксавана ў Докшыцкім раёне (ваколіцы Бягомльшчыны) Віцебскай вобласці. Яно адзначалася 6 красавіка (24 сакавіка па старым стылі), якраз напярэдадні Благавешчання, або Звеставання, і атрымала незвычайную назву -- Камаедзіца. Акрамя Камаедзіцы беларуская сакральна-абрадавая традыцыя так ці інакш узгадвае мядзведзя на Каляды і ў чацвер на Масленічным тыдні або 24 лютага -- у дзень ушанавання бога-ахоўніка Вялеса.

На Сорак пакутнікаў (22 сакавіка) мядзведзь павінен быў пакінуць сваё лежбішча. Існавала прыкмета: калі мядзведзь, разбуджаны веснавым цяплом, выйдзе з бярлогі і ўбачыць свой цень, то ён вернецца назад і праспіць яшчэ сорак дзён, бо столькі будуць працягвацца замаразкі. Канчаткова мядзведзь пакідаў сваю зімовую бярлогу 7 красавіка -- на Благавешчанне.
У асяроддзі паўднёвых славян таксама існавалі “мядзведжыя дні”. 11 студзеня балгары адзначалі дзень святога Савы, які ахоўваў людзей ад мядзведзяў. У якасці падарунка-ахвяравання варылі кукурузную або аўсяную кашу  і пакідалі яе нанач. У гэты ж самы дзень строга забаранялася хадзіць у лес, узгадваць мядзведзя ў гаворцы, працаваць, запрагаць хатнюю жывёлу. 21 ліпеня балгары адзначалі яшчэ адзін мядзведжы дзень, паколькі лічылі, што функцыю ахоўніка ад дзікага звера выконвае і святы Пракоп.    Аналагічныя падзеі разгортваліся і ў дзень святога Андрэя -- 13 снежня. Прычым у гэты дзень абмежаванняў у характары працоўнай дзейнасці было яшчэ больш.
На Камаедзіцу калісьці рыхтавалі асаблівую ежу. На першую страву гатавалі сушаны рэпнік -- у знак таго, што мядзведзь ужывае пераважна раслінную ежу. На другую страву падавалі жур (аўсяны кісель), таму што мядзведзь любіць авёс. А вось месца трэцяй рытуальнай стравы займала гарохавая каша, якая разварвалася або ўправала так, што калі яе падавалі на стол, то яна была ў выглядзе камоў (камкоў, камякоў). Менавіта каша і стала асновай для назвы абраду (“есці камы”) і свята, падчас якога  ён выконваўся.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter