У 22-і раз па традыцыі ў старажытным горадзе Шчучыне прайшоў Дзень беларускага пісьменства

Свята ўдалося! Прайшло з размахам!

У 22-і раз па традыцыі ў старажытным горадзе Шчучыне, упершыню згаданым у ХV стагоддзі, багатым на культурную спадчыну, прайшоў Дзень беларускага пісьменства. З усёй Беларусі і з розных краін сюды прыехалі журналісты, выдаўцы, кіраўнікі СМІ. У наступным годзе фэст пройдзе на Гомельшчыне, у Рагачове.


Чым жа знакамітыя Шчучын і яго ваколіцы ў гісторыі беларускага слова? Гэта радзіма паэткі Алаізы Пашкевіч, якая праславілася пад псеўданімам Цётка. Ля бронзавага помніка Цётцы ў Шчучыне заўсёды ляжаць кветкі, ладзяцца паэтычныя чытанні. Так было і гэтым разам. Бо Слова панавала на свяце. Сёлета да яго таксама быў выпушчаны маляўнічы плакат з выявай  помніка легендарнай  паэтцы.  І многія госці Шчучына ў гэтыя дні, гледзячы на плакаты, мелі магчымасць з піетэтам успомніць пра гэтага дзіўнага майстра беларускага слова.


А напярэдадні ў Шчучыне пабывала Міністр інфармацыі Лілія Ананіч. Горад, які прыкметна папрыгажэў, яе ўразіў, пра што Міністр і расказала на прэс-канферэнцыі, выказаўшы на­дзею, што традыцыйнае свята пройдзе з размахам. Так яно і здарылася.

Свята традыцыйна пачалося навукова-творчай экспедыцыяй “Дарога да святынь”. 5 верасня ў Цэнтральнай бібліятэцы прайшоў 9-ы міжнародны “круглы стол” “Сугучча: літаратурны працэс і інфармацыйнае грамадства” і навукова-практычная канферэнцыя “Шчучынскія чытанні”. Галоўныя ж тэмы ўрачыстага тэатралізаванага адкрыцця свята “Квiтней, Беларусь наша родная!” 6 верасня — 70-годдзе Перамогі і Год моладзі.


У Шчучыне ўпершыню адбылося ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Сем беларускіх пісьменнікаў сталі ўладальнікамі ўзнагарод. Дарэчы, сімвалічна, што пасля Дня беларускага пісьменства Беларусь прыняла ўдзел у Маскоўскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, дзе былі падведзены вынікі чарговага конкурсу краін-удзельніц СНД “Мастацтва кнігі”.  

У дзень свята ў Шчучыне адкрылася кнігарня “Несцерка”, пакуль адзіная ў краіне, дзе можна не толькі пагартаць кнігу, якая спадабалася, але і выпіць кубачак кавы, уладкаваўшыся за барнай стойкай, пагартаць яшчэ які-небудзь асобнік і падумаць, на якім жа  спыніць свой выбар.


Прыемна было бачыць у “Несцерцы”, у гэтай новай кнігарні з крэатыўным падыходам, дзяцей і бацькоў, якім стаў даступны шырокі кніжны асартымент.

З’явіўся і новы павільён “Гродна­саюздрук”, дзе прадстаўленыя і прэса, і кнігі, і тавары беларускай вытворчасці да навучальнага года.

У Шчучыне таксама абнавілі палац Друцкіх-Любецкіх, бібліятэку імя Цёткі ды іншыя аб’екты. Дарэчы,  палац, архітэктурная пярліна Шчучына, аддадзены дзецям — там будзе працаваць школа мастацтваў. Так што юныя гараджане  змогуць далучацца да мастацтва ва ўмовах прыгажосці і камфорту.


Зразумела, атмасфера ў Шчучыне была сапраўды святочнай. Здзівіла і насычаная праграма: тэматычныя кніжныя, газетныя і фотавыставы, экспазіцыі плакатаў, прэзентацыі новых кніг беларускіх пісьменнікаў, творчыя сустрэчы літаратараў з чытачамі. Прайшлі таксама маладзёжнае літаратурнае спаборніцтва, флэшмоб, спартыўныя спаборніцтвы, працаваў Горад майстроў, былі майстар-класы па выцінанцы і шмат іншых прыемных і карысных мерапрыемстваў.

Завяршыўся XXII Дзень беларускага пісьменства цырымоніяй перадачы эстафеты свята, канцэртам майстроў мастацтваў і маляўнічым феерверкам.


Лілія Ананіч:


На сённяшні дзень у краіне працуюць 470 выдаўцоў. Выдавецтвы адкрываюцца, а гэта значыць, беларусы не страцілі цікавасць да слова. За апошнія паўгода выдадзена амаль 5.300 кніг. Назіраецца змяншэнне тыражоў, але прыемна, што дзяржаўныя выдавецтвы свае тэмпы не знізілі. Іх уклад — 10-11 працэнтаў ад агульнай колькасці выданняў.

Міхаліна Чаркашына
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter