Беларусы Тальяці ўшанавалі памяць пра тых, хто загінуў у розных войнах па ўсім свеце

Свята Белых Жураўлёў

Беларусы Тальяці ўшанавалі памяць пра тых, хто загінуў у розных войнах па ўсім свеце


“Мне часам падаецца, што салдаты,/ Якім вайна ўзарвала шлях дамоў,/ Не засталіся ў холадзе праклятым,/ А сталі клінам белых жураўлёў”… Са знакамітых радкоў пачалося ў Тальяці Свята Белых Жураўлёў. У інтэрнэце знаходзім, што свята заснаваў народны паэт Дагестана Расул Гамзатаў, яго пачалі праводзіць у Дагестане з 1986 года. У 2009-м ЮНЕСКА ўнесла ў спіс міжнародных святаў 22 кастрычніка як Свята Белых Жураўлёў — дзень паэзіі ды памяці пра загінулых у войнах.


Юныя артысткі з харэаграфічнага ансамбля “Лицей”

Такі гуманістычны духоўны рух па свеце выклікала песня “Жураўлі”. Як вядома, паэт напісаў верш на аварскай мове у 1965-м, вяртаючыся з Хірасімы. Там ён пабачыў помнік дзяўчынцы Садака Сасакі, якая, змагаючыся з лейкеміяй, атрыманай пасля ядзернага ўзрыву, майстравала папяровых жураўлікаў. І ў Японіі ж паэт атрымаў вестку пра смерць сваёй маці… Верш пераклаў на рускую мову паэт-франтавік Навум Грэбнеў, музыку па просьбе Марка Бернэса напісаў Ян Фрэнкель. Песня, запісаная 8 ліпеня 1969 года, стала апошняю для спевака: праз месяц яго не стала. А сам твор шырока пайшоў па свеце, гэта песня-рэквіем, песня-малітва, плач па ўсіх салдатах, што не вярнуліся з вайны. Свята Белых Жураўлёў — яшчэ і паэтычная падзея, бо аддаць даніну павагі тым, хто адышоў ад нас, можна і ў вершах.

Свята ў Тальяцінскім сацыяльна-эканамічным каледжы праводзілі беларуская суполка “Нёман”, гурты “Купалiнка” і “Зорачкi”, бібліятэка “Истоки”. У тэматычным канцэрце паўдзельнічалі сталыя партнёры суполкі: харэаграфічны ансамбль “Лицей”, тэатр танца “Кредо”, а таксама новыя: вакальны ансамбль Дзіцячай школы мастацтваў “Гармония” (кіраўніца Інэса Лопарава) і салістка Святлана Абрамкіна. У зале сабралася больш за 300 гледачоў. Вяла імпрэзу кіраўніца суполкі “Нёман”Людміла Дзёміна. Яна, а таксама загадчыца бібліятэкі Вольга Горшэнева, галоўны спецыяліст упраўлення кадраў і працы з персаналам “АўтаВАЗа” Святлана Булдакова павіншавалі з юбілеем Аўтаграда ветэранаў-першапраходцаў, якія сваёй працай дапамагалі станаўленню аўтагіганта. Ветэраны атрымалі падзякі ад кіраўніцтва завода, юбілейныя медалі “50 лет АвтоВАЗ”.

Канцэрт атрымаўся светлым, часам з настроем лёгкай тугі. Песні змяняліся танцамі, вершамі. Дарэчы, рэпертуар у “Купалiнкі” ды “Зорачак” зноў паднавіўся. У моладзевым складзе “Купалiнкi” спяваюць і чацвёра юнакоў. Калі ў канцы праграмы ў Людмілы Дзёмінай госці спыталі, чаму свята, якое ініцыяваў Расул Гамзатаў, праводзяць беларусы, яна адказала: “Свята Белых Жураўлёў — гэта дзень для ўсіх… Бо ахвяраў вайны па ўсім свеце шмат, у тым ліку і ў нашай роднай Беларусі. Сёння мы шануем памяць пра тых, хто загінуў у Брэсцкай крэпасці і Хатыні, у Хірасіме і Нагасакі, а таксама ў Грозным і Каспійску, у Маскве, Багдадзе, Беслане, у гарадах Сірыі, Афганістана, Лівіі, ва ўкраінскім Данецку…” Дзень Белых Жураўлёў — гэта нагода ўсім, хто жадае жыць без войнаў, аб’ядноўваць намаганні ў імя міру, мацаваць дружалюбныя стасункі паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў. У Расіі гэты дзень прысвечаны культурнаму адзінству прадстаўнікоў усіх нацый і народаў, якія жывуць на яе тэрыторыі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter