История жизни директора хозяйства Михаила Страпко

Свойскi хлеб

Калісьці Міхаіла Страпко пераконвалі, што ў вёсках Белавежжа кветкі не прыжываюцца. Ён жа пераканаў усіх у адваротным
Калісьці Міхаіла Страпко пераконвалі, што ў Відамлі ды іншых вёсках Белавежжа кветкі не прыжываюцца. Ён жа пераканаў усіх у адваротным...



ВЫПУСКНІКУ агранамічнага факультэта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Міхаілу Мікалаевічу СТРАПКО пашчасціла пачынаць сваю працоўную біяграфію ў легендарным камянецкім калгасе “Савецкая Беларусь”, якім кіраваў двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Лявонцьевіч Бядуля. Амаль два дзесяцігоддзі Міхаіл Мікалаевіч ужо сам узначальвае калектыў перадавога ААТ “Відамлянскае” Камянецкага раёна. За вытворчыя паказчыкі і актыўную грамадскую дзейнасць узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”, юбілейным медалём да 100-годдзя прафсаюзнага руху, ганаровымі граматамі Брэсцкага аблвыканкама, абіраўся членам прэзідыўма Савета Федэрацыі  прафсаюзаў Беларусі, дэпутатам Камянецкага раённага Савета. Узначальвае аграрную камісію Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў. Старшыня Аграпрамысловага саюза Брэстчыны. 

ВОСЬ-ВОСЬ зазелянеюць пойменныя лугі абапал юрклівай рэчкі Ясельды, што бяжыць-спяшаецца ад Белавежжа да паўнаводнай Прыпяці. Пацеркамі ўздоўж рачной плыні параскіданы ледзь прыкметныя хутары, вёскі, мястэчкі. Ваколіца выцягнутай шнурком больш як за сотню двароў вёсачкі Дубраўка прымыкае да лесу, які падступае да некалі непраходных балот. Пасля шырокамаштабнай меліярацыі на былой дрыгве раскінуліся хлебныя нівы. Паўвека таму гэтыя забалочаныя прасторы забяспечвалі сенам жывёлу мясцовых гаспадарак. Па пояс у вадзе шчыравалі касары. Сем’ямі выязджалі ў балота сяляне ў сенакосную пару. Як мележаўскія героі, на ўзвышшах ладзілі курані. Балотныя травы касілі вышэй, каб на пожню класці пакосы. На руках выносілі на грудок дасушвацца сена. Праз паркалёвую хусцінку наталялі смагу іржавай балотнай вадой, па якой сноўдалі вужакі. Зорнымі вечарамі патрэскваў хмызняк у вогнішчы, дзе булькатаў духмяны кулеш. Апагеем сенакосных дзён было складанне стажкоў. 

У вялікай сям’і Страпкоў гэту важную справу давяралі падлетку Міхасю. Дзед Васіль навучыў унука спрытна ўкладваць вострую, як лязо, асаку ў стажок, каб вецер не знёс вершаліну і дождж не заліў. Да моцных маразоў стаялі стагі, пакуль па зімніку коньмі вывязуць.

Разам з сябрам дзяцінства Мікалаем Семяновічам кожнае лета праводзіў у сялянскай працы Міша Страпко. Акучвалі калгасную бульбу, кароў пасвілі, а калі падраслі, пайшлі са старэйшымі ў пакос на балоце. Ведалі кожную сцяжынку ў лесе да грыбных і ягадных мясцін. А ўвосень іх чакалі заняткі. 

Пасля Дубраўскай пачатковай школы і Гошаўскай васьмігодкі даводзілася за дзевяць кіламетраў хадзіць у Бездзежскую сярэднюю школу. Праз лес, каля могілак пралягаў шлях. Восенню і вясною ездзілі на веласіпедах, а ў зімовыя завеі жылі ў інтэрнаце. Пасля заканчэння школы юнакі марылі адправіцца на камсамольскія будоўлі. Але так сталася, што на доўгія гады разлучыліся сябры. Мікалай паехаў вучыцца ў Маскву і стаў юрыстам. А Міхаіл Страпко адправіўся паступаць у Саратаўскае ваеннае вучылішча. Не надта ўдала вытрымаў уступныя экзамены, але яму, як і некаторым іншым абітурыентам, прапанавалі папрацаваць на зборы яблыкаў і падрыхтавацца да пераздачы экзаменаў. Жылі ў палатках і працавалі ў калгасе. Вярнуліся ў вучылішча, і толькі адзінкам пашчасціла. Прыехаў Міхась дамоў і ўладкаваўся на працу ў Драгічынскую ПМК. Атрымаў трэці разрад каменшчыка. Будаваў новую сярэднюю школу ў Бездзежы. Увосень вёска Дубраўка праводзіла яго і старэйшага брата Змітрака ў армію. Служылі ў Архангельскай вобласці, побач з Плісецкім касмадромам. 

Салдатам прапаноўвалі рыхтавацца паступаць ва ўніверсітэт міжнародных адносін. А саслужывец Лявонаў, які родам быў з Горак, з цікавасцю расказаў пра Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. І Міхась пасля службы падаўся на агранамічны факультэт, але не хапіла ведаў, каб паступіць. Пайшоў на падрыхтоўчы факультэт, а потым стаў і студэнтам. У час вучобы актыўна займаўся грамадскімі справамі. Захапляўся танцамі, спортам. Перад размеркаваннем прапанавалі застацца ў аспірантуры, але такой раскошы ён сабе не мог дазволіць. Бацькі працавалі ў калгасе і выхоўвалі пяцярых дзяцей. На значную падтрымку з дому не разлічваў. На старэйшых курсах уладкаваўся вахцёрам у студэнцкім інтэрнаце. Пасля атрымання дыплома вучонага-агранома імкнуўся на вытворчасць. У вядомым не толькі на Беларусі камянецкім калгасе “Савецкая Беларусь” працаваў аграномам студэнцкі сябра Аляксандр Шык, які запрасіў яго ў гаспадарку.

— Трапятала маё сэрца пасля размовы з галоўным аграномам калгаса Мікалаем Купрыянавічам Андрасюком, які прапанаваў працу агранома-аграхіміка, — узгадвае Міхаіл Мікалаевіч Страпко. — Гаспадарку наведвалі хлебаробы з усёй рэспублікі, вывучалі перадавы вопыт.

З Масквы завітаў у госці мой сябра Мікалай Семяновіч, з якім у юнацтве хварэлі камсамольскай рамантыкай. Калгас яго ўразіў. Узгадвалі нашу вёску. У сталічных архівах ён даведаўся, што пачатак Дубраўкі паклалі ўкраінскія сяляне, якія некалі аблюбавалі гэты глухі куток. З чужакамі браць шлюб не дазвалялася, каб мацавалася вёска. Мае продкі з тых першых пасяленцаў, сярод якіх у асноўным былі прозвішчы Зіновіч і Семяновіч. Бабуля Алеся расказвала, як яе сваталі за майго дзеда Васіля, у якога ад нараджэння адна нага была карацейшая, і ён накульгваў. Настаў час яму жаніцца. Запрэглі коней і паехалі ў суседнюю вёску Крамно, у сям’ю, дзе было дзевяць сясцёр. Алеся грэлася на печы, калі ў хату завіталі сваты. Бацькі загадалі, каб злазіла і прымала гасцей, бо яе чарга замуж ісці. Нічога не заставалася, як слухаць бацькоў. Згулялі вяселле і пражылі ў пары доўгі век.

— А якім было ваша сватаўство?

— На калгасным бульбяным палетку сустрэў маладую настаўніцу, якая са школьнікамі збірала бульбу. Пазнаёміліся. Амаль два гады хадзіў да Тамары ў суседнюю вёску Долбнева. Вяселле гулялі зімовай адлігай. Бацькі нявесты нанялі з Брэста ансамбль, а на другі дзень паехалі ў маю Дубраўку, дзе ўвесь вечар заліваўся гармонік. Сваякі і ўся вёска сабраліся. У нас традыцыя, што і ў радасці, і ў горы разам. Здзіўленнем для мяне было, калі ў калгасе “Савецкая Беларусь” мяне ўладкавалі на кватэру да адзінокай бабулі. Дзень, другі, а ў хату ніхто не заходзіць. Падумаў, мо, гаспадыня ў сварцы з вяскоўцамі, і ніхто дзверы не адчыняе. Потым зразумеў, што тут сяляне больш заможныя, чым мае землякі, і кожны жыве сам па сабе. У нашай Дубраўцы іншы звычай. На свежаніну нікога не клічуць, але частуюць усіх, хто завітае.

Дзверы бацькоўскай хаты ніколі не зачыняліся. Толькі прыеду на канікулы, стомлены з дарогі, а маці ўжо кліча суседак, каб паслухалі, што цікавага раскажу. Апусцеў наш падворак, а ўспаміны пра сустрэчы з землякамі засталіся назаўсёды. Побач з нашай сядзібай жыве мая першая настаўніца, дзевяностагадовая Надзея Андрэеўна Крывіцкая. У пачатковай школе паміж урокамі нам гарбату заварвала. Аднойчы яна выйшла з настаўніцкай, і мы не ўтрымаліся, каб ні паласавацца цукрам. Мяшэчак упаў, і драбкі рассыпаліся ў той момант, як яна вярнулася. Стала сорамна. Праз дзесяцігоддзі не забываецца той учынак. Мудрая Надзея Андрэеўна нікому не расказала. Ад беднасці спакусіліся мы на цукар, які для нас быў рэдкасцю, як і батоны, што прывозіў бацька з заробкаў. Па лустачцы даставалася кожнаму. Пасля вяртання брыгады дастаўлялі заробленае збожжа і дзялілі паміж працаўнікамі. Мяхі пшаніцы везлі на хомскі млын, дзе яе вальцавалі. Маці пякла духмяны белы хлеб. Бабуля Алеся да апошніх дзён выпякала ў печы на дубовых лісцях круглыя боханы. Заўжды частавала мяне свежым акрайцам. Дагэтуль памятаю смак бабулінага хлеба. Яе дачка, мая цётка Маруся, і зараз па бабулінаму рэцэпту, толькі ўжо на бляшанках, выпякае хлеб.

Падрастала мая дачушка Вольга, і ў кожны прыезд у Дубраўку мы частаваліся свойскім духмяным хлебам. 

Бацькі радаваліся, што працую ў моцнай гаспадарцы, дзе было на каго раўняцца. За высокія вытворчыя паказчыкі старшыня Уладзімір Лявонцьевіч Бядуля атрымаў другую Залатую Зорку. 

Усім калектывам імкнуліся трымаць высока ўзнятую планку рэкордаў. На чарговым калгасным сходзе мяне абралі старшынёю прафсаюзнага камітэта, а потым і намеснікам кіраўніка гаспадаркі. За сямнаццаць гадоў працы пад кіраўніцтвам легендарнага старшыні атрымаў пэўную загартоўку.

— І выраслі да самастойнага кіраўніка.

— Неаднаразова паступалі прапановы ўзначаліць калгас, але адчуваў, што не гатовы. Пасля таго як кіраўніка калгаса “Кастрычнік” Аляксея Аляксеевіча Жуковіча прызначылі начальнікам раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі, старшыня райвыканкама Уладзімір Аляксандравіч Мацука катэгарычна прапанаваў мне ўзначаліць гаспадарку. Не было жадання пакідаць калгас “Савецкая Беларусь”, які быў у зеніце славы. Далі паразважаць да раніцы. Так, на пачатку года прыняў не надта моцную гаспадарку. Ураджайнасць збожжавых не дасягала 20 цэнтнераў з гектара, а малака даілі па 3600 кілаграмаў ад каровы. Пастаянна паўставала праблема выплаты заробкаў. Восем вёсак аб’ядноўваў калгас, і зямлі было тры з паловай тысячы гектараў. Тэхнічны парк складаўся з некалькіх аўтамашын “ЗІЛ-130” і старых трактароў. Як агранома мяне цікавіў стан палёў. Зіма выдалася маласнежная, і на раллі ледзьве ногі не паламаў на замёрзлых пясчаных глыбах. Пабываў і на фермах, дзе ўтрымлівалася толькі 340 дойных кароў. Старшыня райвыканкама параіў павялічыць дойны статак да 1000 кароў. Пярэчыў яму, што гэта нерэальна. А ён катэгарычна: рабі як хочаш, інакш не выжывеш. Адразу ўзяліся за рэканструкцыю ферм. 

— Ці ўдалося справіцца на той тэхніцы з веснавымі палявымі работамі?

— Трактарамі, машынамі, прычэпамі, чым маглі, вывозілі на палі арганіку. Хадзіў па машынна-трактарнаму стану і ўгаворваў механізатараў, каб лепш рамантавалі тэхніку, раней выязджалі ў поле і пазней працавалі. Дамоў за трыццаць кіламетраў вяртаўся апоўначы, а ў шэсць гадзін раніцы  праводзіў ужо нараду. Праз два гады далучылі суседнюю гаспадарку, у якой таксама трэба было многае мяняць. Не хапала трактароў і плугоў для апрацоўкі зямлі. “Кіраўцамі” і “Беларусамі” аралі. Не заўжды вытрымлівалася якасць палявых работ, але сяўбу не зацягвалі. Памянялі галоўнага агранома на маладога спецыяліста, выпускніка Ляхавіцкага саўгаса-тэхнікума Аляксандра Русецкага, які адразу загарэўся працай. Справы ў раслінаводстве сталі наладжвацца. Дзякуючы прымяненню новых тэхналогій і адбору насеннага матэрыялу ўраджайнасць збожжавых вырасла да 35 цэнтнераў з гектара на бедных пясчаных глебах з банітэтам 26,8 бала.

— А як развіваецца жывёлагадоўля?

— За першыя гады амаль падвоілі колькасць дойнага статка. Рэканструяваныя фермы запаўнялі буйной рагатай жывёлай. Далучылі частку суседняга заняпалага калгаса “Радзіма”, якім некалі мне прапаноўвалі кіраваць. Падзялілі яго з ААТ “Белавежскі”. Праз нейкі час яшчэ дзве гаспадаркі прынялі. Агульная плошча сельгасугоддзяў ААТ “Відамлянскае” вырасла да 13000 гектараў, а населеных пунктаў стала 39. Гадавы надой ад каровы дасягаў ужо 6000 кілаграмаў малака. Пасля далучэння апошняй гаспадаркі з нізкай прадукцыйнасцю кароў гэты паказчык знізіўся. Але праз год удой павялічылі на 750 кілаграмаў ад кожнай каровы. Сёлета плануем пераадолець шасцітысячны рубеж па надоях ад кожнай з 2200 кароў. Агульнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы вырасла амаль да 7 тысяч.

Рост валавой прадукцыі жывёлагадоўлі спрыяе вырашэнню многіх фінансавых пытанняў. Значна папаўняе казну і продаж насення траў. Дзесяць гадоў займаемся іх вырошчваннем і ўпэўнена трымаем першынство ў вобласці.

— Якія травы вырошчваеце?

— У асноўным шматгадовы і аднагадовы райграс пашавы. Летась сабралі 260 тон насення. Ачышчаем, даводзім да неабходных кандыцый і рэалізуем у Беларусі. Па прыкладзе мазырскай сортавыпрабавальнай станцыі пачалі займацца насенневодствам кукурузы з выкарыстаннем малдаўскай і еўрапейскай асноў. Летась пад гэтую культуру выдзялялі 300 гектараў і былі прызнаны лепшымі на Брэстчыне па вытворчасці пачаткаў. 

Штогод пашыраем хлебную ніву. Сёлета ўпершыню збожжавы клін зойме 4000 гектараў. Цукровых буракоў атрымліваем да паўтысячы цэнтнераў з гектара. Летась сабралі 20000 тон салодкіх каранёў. 

Нашы земляробы неаднаразова адзначаліся на рэспубліканскіх “Дажынках”. За першае месца сярод маладзёжных экіпажаў рэспублікі па ўборцы збожжавых Андрэй Новік атрымаў аўтамашыну “Волга”. Пераможцамі рэспубліканскага спаборніцтва на жніве сярод маладзёжных экіпажаў выходзіў экіпаж Аляксандра Ваўчка і Сяргея Ліцука.

— Кіраваць такой маштабнай гаспадаркай няпроста?

— З самага пачатку імкнуўся арганізаваць структуру кіравання. Важна і тое, што ў Відамлю перавёз сям’ю і адчуў палёгку. Жонка занялася настаўніцкімі справамі, працавала завучам, а потым і ўзначаліла мясцовую сярэднюю школу. Два дырэктары пад адным сямейным дахам. 

— Школьнымі справамі цікавіцеся?

— Як жа не цікавіцца, там закладваецца будучае гаспадаркі. Часта сустракаемся з навучэнцамі, арыентуем на сельскія прафесіі. 

— Колькасць вучняў памяншаецца?

— Наадварот, значна павялічваецца. У першы клас прыходзяць да дваццаці дзяцей, а было па 3—4. Цяпер у школе 140 вучняў.

— Ці застаюцца яны ў гаспадарцы?

— Касцяк механізатараў і вадзіцеляў аўтамашын — выпускнікі Відамлянскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы. Аляксей і Канстанцін Логашы, Сяргей і Аляксандр Ліцукі, Віктар Іванюк, Аляксандр Жыдок, Андрэй Хвесік зусім нядаўна папоўнілі атрад механізатараў і вадзіцеляў. Большасць дзяўчынак паступае вучыцца. Многія нашы спецыялісты — выпускнікі мясцовай сярэдняй школы. Сярод іх пакуль бачу толькі аднаго, які найбольш праяўляе здольнасці кіраўніка. На жаль, канкурэнцыі ў яго няма. Важна загадзя рыхтаваць замену. Памылка Уладзіміра Лявонцьевіча Бядулі, што ён упусціў гэта. Галоўныя спецыялісты “Савецкай Беларусі” разышліся па іншых гаспадарках, а замяніць слыннага старшыню не было каму. 

Калі ад’язджаю па справах, давяраю кіраваць намеснікам — Вячаславу Епімашку і Аляксандру Русецкаму. 

— Як паступалі вы з галоўнымі спецыялістамі далучаных гаспадарак?

— Хто хацеў, застаўся працаваць, а хто знайшоў іншы занятак.

— Час паказаў вынікі далучэння гаспадарак. Якія яны?

— Вытворчыя паказчыкі палепшыліся: вырасла ўраджайнасць, павысілася рэнтабельнасць раслінаводства і жывёлагадоўлі, з’явіліся сродкі на набыццё новай тэхнікі. Асабіста сам ездзіў на МТЗ набываць трактары. Некалькі разоў бываў на Мінскім аўтазаводзе. Закупілі і імпартныя сельгасмашыны. Навялі парадак і дысцыпліну сярод механізатараў. Сучасная магутная тэхніка патрабуе высокага прафесіяналізму. Пільна падбіраем механізатараў на новыя машыны.

— Тэхнічны арсенал значна вырас?

— На нашых палях і фермах задзейнічана 62 трактары і 36 аўтамабіляў, што дае магчымасць спраўляцца своечасова з гаспадарчымі работамі. Сучасныя пасяўныя агрэгаты эфектыўна працуюць на веснавым полі. Пасяўны клін сёлета перавышае 6000 гектараў, палову з іх складаюць збожжавыя культуры. На паўтысячы гектараў пасеем цукровыя буракі, кукурузныя плантацыі зоймуць паўтары тысячы гектараў, у тым ліку на вырошчванне насення кукурузы адвялі 300 гектараў. Пасеяны ўжо раннія збожжавыя. З кожным днём фронт палявых работ пашыраецца. Нікога не трэба прымушаць працаваць. Кожны механізатар ведае, што ад аб’ёмаў і якасці выкананых работ залежыць яго заробак.

Пастаянна клапоцімся і пра сацыяльна-бытавыя ўмовы працаўнікоў. Толькі на цэнтральнай сядзібе, у аграгарадку Відамля, узведзена 120 жылых аднакватэрных дамоў з усімі бытавымі выгодамі. Імкнемся кожнага маладога спецыяліста затрымаць у калектыве. За сродкі гаспадаркі ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах вучацца 11 студэнтаў, якім выплачваем стыпендыі, 9 чалавек атрымліваюць адукацыю завочна. Кожны чацвёрты ў калектыве ўзростам да 30 гадоў. Абсалютна ўсе забяспечаны жыллём. Штогод уводзім у эксплуатацыю па 5—8 катэджаў, хаця апошнім часам цяжэй стала фінансаваць будаўніцтва жылля. 

— Ці былі ў вашым жыцці такія моманты, аб якіх дагэтуль шкадуеце?

— Ні аб чым не шкадую. Прапаноўвалі прэстыжную пасаду старшыні райвыканкама, але мне па сэрцу праца на зямлі, дзе адчуваю сябе гаспадаром. Прырос да гэтых мясцін і да людзей. Столькі здароўя ўкладзена ў агульную справу. Шмат задум яшчэ не рэалізавана. Толькі што закончылі ў Відамлі ўзвядзенне храма ў гонар Пакравоў Прасвятой Багародзіцы. Месца выбралі побач са школай, каб дзеці бачылі храм, выхоўваліся на праваслаўных традыцыях. 

— Вясна вас абуджае?

— Вялікая радасць бачыць, як ажывае зямля. Кожную сваю пражытую вясну памятаю. Люблю цёплы час года. Сумую ў асеннія доўгія вечары. Зімой чакаю вясну, калі заклякочуць у гнёздах буслы. У душы — аптыміст і перакананы, што менавіта аптымізм рухае прагрэс. Калі здараюцца няўдачы, імкнуся імгненна забываць пра іх.

— Чаго ў жыцці больш за ўсё баіцеся?

 — Напэўна, ад продкаў на генетычным узроўні перадаўся страх вайны. Каб хутчэй закончылася неразбярыха ва Украіне. Шкада ні ў чым не павінных людзей. Мы прынялі ўжо больш за 20 бежанцаў з Данецкай і Луганскай абласцей. Усе свабодныя памяшканні пазасялялі. Старыя хаткі выкупілі ў гаспадароў, адрамантавалі і аддалі перасяленцам, якія расказваюць, як уцяклі з чамаданчыкамі ў руках. Не магу ім адмовіць. Яны згодныя на любую працу. Уладкоўваем на фермы, слесарамі, механізатарамі. Юнак са слязьмі на вачах расказаў, як расстралялі сябра, а яму ўдалося ўцячы. Як такім не дапамагчы!

— Ваша галоўнае правіла ў жыцці?

 — Аддаваць сябе поўнасцю справе. Даць магчымасць селяніну адчуць, што яго праца запатрабаваная і годна аплачваецца. Культура вяскоўцаў вырасла. Нашы вёскі з вясны да позняй восені патанаюць у кветках. А мяне пераконвалі, што на гэтай зямлі яны не растуць. Вакол Дома культуры пасвіліся каровы. Мы з жонкай пачалі “пераломваць” вёску. З кожнай замежнай камандзіроўкі прывожу насенне кветак, экзатычных раслін. Цяпер жывёла па вуліцах не бадзяецца. Падзялілі сялянскіх кароў, якіх было звыш двухсот, а засталося каля дваццаці, на два статкі, каб не хадзілі праз цэнтр. Няма неабходнасці трымаць жывёлу. Стабільныя заробкі. За мінулы год сярэдняя зарплата перавысіла пяць мільёнаў рублёў. А ў даярак і механізатараў — па шэсць з паловай. Жывёлавод Любоў Брышчук надойвае на малочна-таварнай ферме Грушаўка ад кожнай з пяцідзесяці кароў па 7350 кілаграмаў малака і атрымлівае па 10 мільёнаў рублёў штомесячна. Растуць заробкі, павышаецца дабрабыт працаўнікоў гаспадаркі. І ў нашых вёсак ёсць будучае. 


Уладзімір Субат
Камянецкі раён
Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter