Свой сярод сваіх

Беларускі «Лістапад» атрымаў пастаянную акрэдытацыю FIAPF

«Лістапад» атрымаў пастаянную акрэдытацыю Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў.

Падзея адбылася ў ходзе 66-га Міжнароднага Канскага кінафестывалю, паведаміла «Р» прэс-сакратар Міністэрства культуры Юлія Віскуб.

У складзе Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF) — 31 член (асацыяцыя) з 25 краін, якія вырабляюць кінапрадукцыю. Гэта арганізацыя акрэдытуе фестывалі за высокую якасць іх падрыхтоўкі. Патрабаванні асацыяцыі да фестываляў уключаюць такія крытэрыі, як добрыя арганізацыйныя рэсурсы на працягу года, па-сапраўднаму міжнародны выбар фільмаў і конкурсных журы, размяшчэнне міжнародных карэспандэнтаў, дбайныя меры па прадухіленні пірацтва, падтрымка з боку мясцовай кінаіндустрыі, страхоўка ўсіх копій фільмаў, высокія стандарты афіцыйных публікацый і інфармацыйнага забеспячэння (каталог, праграмкі, флаеры).

Падобную акрэдытацыю маюць больш за 50 кінафестываляў найвышэйшага класа, у іх ліку — Берлінскі, Венецыянскі, Канскі, Манрэальскі, Маскоўскі і многія іншыя.

У 2011-м і 2012 гадах Мінскі Міжнародны кінафестываль «Лістапад» меў часовую акрэдытацыю FIAPF. Зараз яна атрымана на пастаяннай аснове, што можна лічыць выдатным падарункам юбілейнаму, дваццатаму кінафоруму, які пройдзе сёлета з 1-га па 8 лістапада.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter