Свой погляд на неба

У галерэі Цэнтра сучасных мастацтваў адкрылася выстаўка «Беларусь за гады незалежнасці. Лепшае»
У галерэі Цэнтра сучасных мастацтваў адкрылася выстаўка «Беларусь за гады незалежнасці. Лепшае». Гледачам прадстаўлены творы жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Імёны аўтараў скрозь знакамітыя — Канстанцін Селіханаў, Уладзімір Слабодчыкаў, Віктар Альшэўскі, Зоя Ліцвінава, Анатоль Бараноўскі, Мікалай Бушчык…




Фота Віталія ПІВАВАРЧЫКА

Ёсць творы пачатку 1990-х і  сёлетнія, класічныя і  тыя, што пераходзяць на сучасную мову, з музейных калекцый і з уласных збораў мастакоў, работы сталых майстроў і маладых. Почырк некаторых настолькі пазнавальны, што творы можна нават не падпісваць, як, напрыклад, «Ружовы стул» мэтра дызайну Уладзіміра Цэслера.

Арганізатары гавораць, што імкнуліся паказаць паўнавартасную карціну развіцця школы выяўленчага мастацтва ў краіне за апошнія два дзесяцігоддзі, і лічаць, што выбарка атрымалася змястоўнай і вельмі цікавай.


Фота Артура ПРУПАСА
Сярод аглядаючых экспазіцыю сустрэла вядомага графіка, старшыню Беларускага саюза мастакоў Рыгора Сітніцу (на здымку)  і не прамі-нула задаць некалькі пытанняў.

— Рыгор Сямёнавіч, якое ж яно — наша  сённяшняе  выяўленчае  мастацтва?

— І раней, і сёння вельмі цікавае і адметнае. Абумоўлена гэта тым, што мы знаходзімся на памежжы цывілізацый — заходняй і ўсходняй. Мы захавалі традыцыйную акадэмічную школу і разам з тым — адкрытыя да ўсялякіх эксперыментаў, якія зараз пануюць у Заходняй Еўропе.

— Там, дарэчы, класічная мастацкая школа практычна страчана...

— Так, за Брэстам ужо мала дзе знойдзеш. Мы ці не апошні бастыён. І я перакананы: гэта выдатна, што сённяшняе наша мастацтва трымаецца традыцый. Без традыцый і дома не збудуеш. Бо ёсць фундамент, канструкцыі, дах. У якой форме дом будзе — гэта іншае пытанне. Але аснова, падмурак — заўсёды класічныя і традыцыйныя.

Што яшчэ вельмі важна, у нас ёсць духоўны, душэўны складальнік. Наогул, мастацтва існуе, калі ў ім ёсць аўтарскае аблічча, нацыянальны і эмацыянальны складальнік. Дык вось у нашым сучасным мастацтве ў пераважнай большасці ўсё гэта прысутнічае. Мы захоўваем школу, прымаем да сябе ўсё, што нам прапануе так званы вольны свет, і ўмеем з гэтым абысціся, адаптаваць да нашых традыцый і зрабіць яго сваім.

— Пры гэтым важна заставацца самім сабой...

— Безумоўна, і я вельмі радуюся за калег, што мы ідзём гэтай дарогай. Мы такія, якія мы ёсць на гэтым кавалку Зямлі. Мы бачым неба па-свойму, беларускімі вачыма, хоць яно для ўсіх аднолькавае. Нам дадзена так бачыць, і менавіта гэтым сваім поглядам мы цікавыя свету. Канечне, ёсць сярод нашых маладых мастакоў тыя, хто страшэнна хоча быць супереўрапейскім, але гэта прыводзіць перш за ўсё да ўніфікацыі, непазнавальнасці. Мастак цікавы якраз тады, калі ён вылучаецца сваім поглядам, почыркам сярод іншых і калі ў яго творах пазнавальная краіна, з якой ён выйшаў.


Фота Віталія ПІВАВАРЧЫКА

— А як ставіцеся да актуальнага мастацтва?

— Нейкія новыя тэндэнцыі я ні ў якім разе не адвяргаю. Бываючы шмат у якіх краінах, вельмі пільна сачу за імі, цікаўлюся і магу сказаць, што ў нас гэтая плынь мае пакуль больш-менш здаровыя формы, хаця ўжо сустракаюцца прыклады проста абуральныя. Дык вось, я адвяргаю прафанацыю і непрафесіяналізм. Мы ж самадзейнасць не ацэньваем па шкале акадэмічнай музыкі. Тое самае і тут. Трэба разводзіць паняцці.

Перакананы: мастаком трэба не толькі нарадзіцца, быць Богам пацалаваным, але мастацтву трэба і вучыцца. І калі ты нешта пераймаеш, мець галаву на плячах і разумець, што ты з гэтым робіш і з чым спалучаеш. Ці дадае твая творчасць станоўчай энергіі ў свеце, ці паляпшае цябе і людзей альбо, наадварот, разбурае.

Дзякуй Богу, мне здаецца, нават няпоўны, бо можна было б дадаць яшчэ некалькі дзясяткаў твораў, зрэз нашага сучаснага мастацтва прадстаўлены на гэтай выставе, паказвае, што, захоўваючы традыцыю, мы плённа засвойваем новае і ў нас нават можна яшчэ і павучыцца. Свет, калі шырока адкрые для сябе наша сучаснае мастацтва, пазайздросціць.

Сёння любы можа назваць сябе мастаком, і паспрабуй давядзі, што гэта не так. Ён парваў газету, назваў гэты свой твор «Інфармацыйны бум» і напісаў да яго тлумачальны тэкст на дзве-тры старонкі. Калі ты запярэчыш, што гэта ўсяго толькі парваная газета, — скажуць, што ты састарэлы рэтраград. Але ці трэба да палотнаў Рубенса, Тыцыяна або Пікаса пісаць, што меў на ўвазе мастак? Мы  і  так гэта разумеем  і  бачым.

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter