Свой непаўторны «аўтограф»

НА СЦЯНЕ фае адміністратыўнага корпуса ААТ «Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат» вісіць карта свету. На абодвух яе паўшар’ях чырванеюць сцяжкі, якіх з кожным годам прыбаўляецца. Гэта краіны, у якія прадпрыемства пастаўляе сваю прадукцыю. Пакупнікоў прываблівае высокая якасць тавару і яго прымальная цана. Знакамітая глыбачанская згушчонка заваявала ці не ўсе магчымыя ўзнагароды. У тым ліку прэстыжную прэмію Урада і Гран-пры на міжнароднай выставе ў Маскве «Прадэкспа-2011». Па выніках мінулага года атрыманы дыпломы «Лепшыя тавары на рынках Беларусі» і «Лепшыя тавары Беларусі на рынках Расійскай Федэрацыі». Поспех не прыходзіць сам па сабе. Ёсць два галоўныя фактары: стабільны калектыў, які ўзначальвае нераўнадушны чалавек, кіраўнік сучаснай фармацыі Валерый ДУЛІНСКІ, і маштабная мадэрнізацыя вытворчасці на працягу апошніх васьмі гадоў. Аб ёй і размова.

Абноўленае абсталяванне дазволіла Глыбоцкаму малочна-кансерваваму камбінату, акрамя ўсяго іншага, абараніць сваю прадукцыю ад падробак

НА СЦЯНЕ фае адміністратыўнага корпуса ААТ «Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат» вісіць карта свету. На абодвух яе паўшар’ях чырванеюць сцяжкі, якіх з кожным годам прыбаўляецца. Гэта краіны, у якія прадпрыемства пастаўляе сваю прадукцыю. Пакупнікоў прываблівае высокая якасць тавару і яго прымальная цана. Знакамітая глыбачанская згушчонка заваявала ці не ўсе магчымыя ўзнагароды. У тым ліку прэстыжную прэмію Урада і Гран-пры на міжнароднай выставе ў Маскве «Прадэкспа-2011». Па выніках мінулага года атрыманы дыпломы «Лепшыя тавары на рынках Беларусі» і «Лепшыя тавары Беларусі на рынках Расійскай Федэрацыі». Поспех не прыходзіць сам па сабе. Ёсць два галоўныя фактары: стабільны калектыў, які ўзначальвае нераўнадушны чалавек, кіраўнік сучаснай фармацыі Валерый ДУЛІНСКІ, і маштабная мадэрнізацыя вытворчасці на працягу апошніх васьмі гадоў. Аб ёй і размова.

Крэдыты выручаюць і... тармозяць

— Валерый Браніслававіч, вы не даяце перадышкі ні сабе, ні падначаленым. Мадэрнізацыя ўражвае сваімі маштабамі. Пераведзена на прыродны газ кацельня, заменены эжэктарныя паравыя станцыі вакуум-апаратаў «Віганд» на вакуумныя помпы ў кансервавым цэху, поўнасцю абноўлены аміячна-кампрэсарны ўчастак. Рэканструяваны, а па сутнасці, узведзены новы філіял Браслаўскага сырзавода. І гэта далёка не поўны пералік зробленага. Цяпер, як вядома, першую прадукцыю выдаў мадэрнізаваны бляшана-баначны цэх...

— Так, мы ўстанавілі і запусцілі там новую лінію. Справа ў тым, што дагэтуль у цэху былі задзейнічаны тры старыя, на дзвюх з якіх яшчэ выкарыстоўвалася паечнае шво. Прадукцыйнасць — 200 бляшанак ў мінуту, у той час як на новай — 500. Аднак галоўнае, што на новай лініі мы маем магчымасць выкарыстоўваць для банак больш тонкую бляху — 0,14 міліметра. На старой — 0,20. Эканомія металу — ад 15 да 20 працэнтаў. Толькі за кошт зніжэння металаёмкасці гадавы эфект — 7,3 мільярда рублёў. Яшчэ адзін немалаважны момант: на новай лініі мы можам вырабляць банку рознага аб’ёму для рознага прадукту. Зможам таксама вырабляць банкі нумар 2 і нумар 3 для свайго філіяла рыбзавода ў Браславе.

— Рэканструкцыя пацягнула на 56,6 мільярда рублёў. Немалыя грошы?

— Сума была б куды большай, калі б мы не пайшлі па свайму шляху: мянялі не ўсё абсталяванне, а некаторае толькі паднаўлялі.

— Як разумець?

— Мы не сталі купляць новыя прэсы па вырабе покрыўкі, а мадэрнізавалі іх у Германіі. Эфект той жа, а эканомія — у разы.

— Валерый Браніслававіч, не сакрэт, што недобрасумленныя вытворцы імкнуцца выдаць сваю прадукцыю, якая намнога ніжэйшай якасці за вашу. Ці можна паставіць эфектыўную заслону на гэтым шляху?

— Пытанне складанае, і ўсё ж, я думаю, нам зноў-такі дапаможа новая лінія. Цяпер на покрыўцы выбіваем свой лагатып і надпіс «Беларусь — Глыбокае». Гэта не этыкетку наклеіць... А яшчэ дно новай банкі меншае, чым покрыўка. Гэта выгадна і для транспарціроўкі, і для выкладкі тавару ў магазінах: банкі трывала становяцца адна на адну.

— На бляшана-баначным цэху мадэрнізацыя на камбінаце не заканчваецца?

— Дакладней, не спыняецца. Паралельна пачалі работы па мадэрнізацыі ўчастка цэха САМ, дзе мяркуем у недалёкай будучыні, а дакладней, ужо ў наступным годзе, вырабляць сухую сыроватку і сыроватку высокай ступені дэмінералізацыі — інавацыйныя прадукты, якія запатрабаваны і ў нашай краіне, і асабліва — за мяжой. Демінералізаваная сыроватка са ступенню дэмінералізацыі 90 працэнтаў можа выкарыстоўвацца не толькі як сыравіна ў харчовай і кандытарскай галінах, але і як сыравіна пры вытворчасці дзіцячага харчавання. Вытворчасцю гэтых новых прадуктаў мы дасягаем амаль стопрацэнтнай перапрацоўкі малака. Не будзе сакрэтам, што да гэтага сыроватка з перапрацоўчых прадпрыемстваў вобласці, акрамя Верхнядзвінскага, ішла на корм жывёле, а то і ўтылізавалася. На нашых філіялах у Браславе і Паставах ужо ўстаноўлена абсталяванне для згушчэння сыроваткі ў 4 разы, каб зручней і эфектыўней было яе транспарціраваць. Кошт праекта — 236 мільярдаў рублёў. Акупіцца праз сем гадоў.

— Валерый Браніслававіч, мадэрнізацыя ідзе шырокім фронтам не толькі на камбінаце і яго філіялах у Браславе і Паставах, але і вашым сельгасфіліяле «Мнюта» Глыбоцкага раёна. Тут пабудавана цудоўная малочна-таварная ферма «Шэпелева» на 750 кароў з даільнай залай, а цяпер заканчваецца рэканструкцыя фермы «Мнюта-2», на якой замест даярак кароў будуць даіць робаты. Гэта праўда?

— Так, робаты ўжо зманціраваны, і наогул там спраў засталося не так і шмат: пабудаваць станцыю абезжалезвання, пусканаладачныя работы, добраўпарадкаванне. Выдаткавана на ферму 20 мільярдаў рублёў. Патрэбна яшчэ 4 мільярды. Іх якраз і не хапае пакуль што.

— А крэдыты банка?

— Яны нас выручаюць і ў той жа час... тармозяць. Працэнтныя стаўкі настолькі высокія, што значную частку выручкі сваёй гаспадарчай дзейнасці даводзіцца аддаваць на іх. Трэцюю частку месяца даводзіцца працаваць толькі на крэдыты!

Прафесія, якой нідзе не вучаць

А цяпер заглянем ў той самы мадэрнізаваны бляшана-баначны цэх. У велізарнейшым памяшканні амаль не бачна людзей, толькі мерна пастукваюць аўтаматычныя станкі ды імчаць па бясконцых лініях гільзы бліскучых бляшанак.

Георгій Крывёнак, які працуе начальнікам цэха амаль чвэрць стагоддзя, з задавальненнем паказвае сваю «гаспадарку». І пачынае з экрана камп’ютара новай лініі, над якім нешта варажылі работнікі КІПіА.

— Немцы, наладчыкі абсталявання, паехалі, цяпер да ўсяго трэба даходзіць самім. Нічога, хлопцы кемлівыя — спраўляюцца. На гэтым месцы, — працягвае далей, — раней была старая лінія. Мы яе акуратна дэманціравалі, не спыняючы работы на іншых, прывялі ў парадак падлогу, сцены, а потым устанавілі новае абсталяванне. Зрабілі ўсё менш чым за год, як і было вызначана па плану. Дапамагло вытрымаць графік тое, што ў мантажы лініі і прэсаў прымалі самы актыўны ўдзел нашы спецыялісты. У першую чаргу хачу назваць Аляксандра Струка, Валерыя Станько, Івана Барылу, Дзмітрыя Дырко, Аляксандра Калантая, Сяргея Дарашчонка. Раней мы з упакоўкі бляхі атрымлівалі 40 тысяч бляшанак, цяпер — 55 тысяч.

Георгій бярэ ў рукі бляшанку і з гонарам паказвае на лагатып прадпрыемства, што выбіты на ёй:

— Гэта — наш «аўтограф»!

Яго ставіць ветэран з трыццацігадовым стажам, настаўнік моладзі Галіна Кукар і яе калегі, таксама майстры сваёй справы, Алена Кнырко, Людміла Барыла, Марына Забаўская.

Абслугоўваюць абсталяванне свае слесары. Іх гэтай прафесіі, між іншым, нідзе не вучаць. Уся вучоба — на месцы, у цэху. Прыходзіць чалавек, які можа трымаць толькі ключ у руках. А мінае час — і атрымліваецца класны спецыяліст. Напрыклад, такі, як Аляксандр Пачкоўскі, адзін з лепшых наладчыкаў.

Хоць зараз пра рацыяналізатарства і вынаходніцтва мала гавораць, але на камбінаце і, ў прыватнасці ў бляшана-баначным цэху, яно ёсць. Хаця б такі выпадак: з двух прэсаў па «каруселі» загружаўся адзін больш, а другі іншы раз прастойваў. Умельцы зрабілі змяненні ў схеме, і прэсы пачалі загружацца аднолькава.

Сам начальнік цэха Георгій Крывёнак — чалавек творчы, закончыў БІМСГ у Мінску, атрымаў дыплом інжынера-электрамеханіка.

Кожнай ферме — знак якасці!

Мадэрнізацыя ідзе не толькі на малочна-кансервавым камбінаце, але і на малочна-таварных фермах, якія ўваходзяць у яго сыравінную зону.

— Рэканструкцыя МТФ, даільныя залы, робаты — усё гэта спрыяе атрыманню якаснай сыравіны, — гаворыць  намеснік дырэктара па якасці і сертыфікацыі Наталля Рэдзько. — За красавік паступіла малака сортам «экстра» 47 працэнтаў і 45 працэнтаў — вышэйшым гатункам. Гэта таксама вынік і плённай работы спецыялістаў камбіната з жывёлаводамі. Дапамагаем гаспадаркам мыечнымі сродкамі, рэактывамі для вызначэння кіслотнасці, рознымі прэпаратамі. Калі ўзнікаюць праблемы, выязджаем на месца для іх вырашэння.

На прадпрыемстве магутная вытворчая лабараторыя, у якой каля чатырох дзясяткаў чалавек. Гэта спецыялісты з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй. Такія вопытныя работнікі, як Любоў Шарпенка, Тамара Сцяпанава, Ганна Сурынава, і  моладзь: Ірына Касцючэнка, Таццяна Лобан, Наташа Чарняўская, якія паспелі зарэкамендаваць сябе з лепшага боку.

З 1 мая гэтага года ўвайшоў у сілу тэхнічны рэгламент на малако: «Аб бяспецы малака і малочнай прадукцыі». Глыбачанам дадзены пераходны перыяд да 15 лютага наступнага года, за які яны павінны распрацаваць і ўкараніць сістэму HACCP не толькі ў цэльнамалочным цэху, але і ў кожнай гаспадарцы на кожнай ферме. Пачалі са сваёй у філіяле «Мнюта» — на ферме «Шэпелева», заключылі таксама дагавор аб супрацоўніцтве ў гэтым напрамку з Віцебскім ЦСМC.

А раз высокай якасці сыравіна, то і прадукцыя з яе самага вышэйшага гатунку. Сведчаннем таго з’яўляюцца шматлікія перамогі глыбачан на рэспубліканскіх і міжнародных выставах — прэстыжныя сертыфікаты «Натуральны прадукт» на масла, на вяршкі згушчаныя з цукрам, на малако пяціпрацэнтнай тлустасці і іншае. Гэта азначае, што ніякіх лішніх дабавак у прадукцыі няма.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter