У Нацыянальным гістарычным музеі ладзіцца выстава “Старажытная Беларусь”

Свежы погляд на старую гісторыю

У Нацыянальным гістарычным музеі ладзіцца выстава “Старажытная Беларусь”


Напэўна, гэта адзінае месца ў краіне, дзе можна ўбачыць самую шырокую панараму прадметаў побыту нашых продкаў з часоў з’яўлення першага чалавека да XVIII стагоддзя. У 1993 годзе гэтая зала атрымала новае афармленне. Тут упершыню была прадстаўлена культура краіны з найстаражытных часоў — так, як гэта не дэманстравалася раней. Але прайшлі гады, і многае маральна састарэла — не, не экспанаты, а вітрыны, афармленне, падсветка.

Так у дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Алега Рыжкова ўзнікла думка: калі няма магчымасці пакуль што стварыць цалкам новую панараму падзей мінулага, то трэба хоць бы яе асвяжыць.

Тры апошнія месяцы ўсе прадметы рэстаўравалі, электрыкі праводзілі новую падсветку, друкавалі подпісы да прадметаў на беларускай, рускай і англійскай мовах, афармлялі інтэр’ер. І вось — старая зала ўжо як новая.

Зайшоўшы сюды, я не разгубіўся. Планіроўка засталася ранейшай. Але не адразу зразумеў, якія змены адбыліся. Потым стаў хадзіць і ўглядацца ў вітрыны. Прадметы расклалі так, што яны цяпер “дыхаюць” свабодней. Раней ім было цесна — папярэднія распрацоўшчыкі экспазіцыі хацелі паказаць як мага больш рэчаў, але тэхнічныя магчымасці не дазвалялі кожны артэфакт падсвяціць, выдзеліць. Цяпер новыя лямпы дапамагаюць гэта зрабіць. Тут няма яркай ілюмінацыі. Глядач як быццам апынаецца ў мінулым — дзякуючы прыглушанаму святлу ў вітрынах.

Алег Рыжкоў звяртае ўвагу на галоўнае:

— Вы бачыце перад сабою толькі арыгіналы. Усе муляжы мы прынялі. Наведнік павінен прасякнуцца сапраўднай гісторыяй. Бо гэтая экспазіцыя — своеасаблівы кароткі даведнік для кожнага, хто хоча зразумець, дзе прыхаваныя вытокі самабытнасці беларусаў.

Якую кераміку і ўпрыгажэнні выкарыстоўвалі продкі, якім бажаствам маліліся (а тут і язычніцкі ідал з-пад Шклова, і хрысціянскія, іўдзейскія, мусульманскія рэліквіі), якія кнігі выдавалі і чыталі (уражвае палітра моў, на якіх надрукавана літаратура), як абаранялі Айчыну з часоў, калі апраналіся ў шкуры і стралялі з лука датуль, калі адзеліся ў рыцарскія латы і ўзялі ў рукі агнястрэльную зброю? Адказы на гэтыя пытанні вы знойдзеце ў музеі.

Віктар Андрэеў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter