Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае далучыцца да фотаконкурсу: ён ладзіцца да юбілею класіка

Светлыя згадкі пра паэта

Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае далучыцца да фотаконкурсу: ён ладзіцца даюбілею класіка

Сапраўдная паэзія — гэта тое, што па-за часам. Яна лучыць нас з Вечнасцю, прыадкрываючы велізарныя сусветы ў нас саміх. Прычым у кожнага няспешнага чытача адны і тыя ж радкі могуць выклікаць розныя асацыяцыі, успаміны. Апошнія, дарэчы, Максім Багдановіч называў: згадкі (ад слова згадваць). Знакамітыя радкі сталі песняю: “Зорка Венера ўзышла над Зямлёю/, Светлыя згадкі з сабой прывяла”…

А якія згадкі-ўспаміны выклікаюць у вас творы Максіма Багдановіча, песні на яго словы, прысвечаныя яму творы мастацтва? Ёсць магчымасць пра тое расказаць, далучыўшыся да фотаконкурсу “Мой Максім Багдановіч”. “Варта прыкласці  намаганні, каб знайсці для сябе сваю гісторыю, сваю Беларусь, свайго Максіма Багдановіча — чалавека, без якога немагчыма ўявіць нашу краіну, — пішуць у прэс-рэлізе музейшчыкі. — На яго творах “Зорка Венера”, “Апокрыф”, “Пагоня” ды іншых мы з дзяцінства вучыліся мастацтву любові, прыгажосці, вернасці Бацькаўшчыне.

Але хто для кожнага з нас Максім? Прапануем паўдзельнічаць у фотаконкурсе, адказаць на гэтае пытанне. Паспрабаваць глыбей зразумець паэта і адлюстраваць сваё бачанне”.

Можна паказаць мясціны, звязаныя з паэтам, зрабіць фотарэпартаж з імпрэзы, дзе чытаюць яго творы. А можа нехта створыць асацыятыўны партрэт Максіма?  

На конкурс можна дасылаць (да 31 кастрычніка) фотаработы ў розных тэхніках. Колькасць работ ад аднаго ўдзельніка — не абмежаваная. Больш падрабязна пра конкурс чытайце на сайце музея.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter