«Светлы Яблычны Спас – Сікораўскай душы часцінка»

ПАД такой назвай на радзіме вядомага садавода-селекцыянера Івана СІКОРЫ ў вёсцы Малыя Алашкі на Шаркоўшчыне прайшоў раённы фестываль

Вузенькую вуліцу невялічкай вёсачкі Малыя Алашкі, якая прытулілася на самай мяжы раёна, у суботу зранку запаланілі аўтобусы і легкавушкі з усіх канцоў рэспублікі і нават з замежнымі нумарамі. Тут жыў і працаваў знакаміты садавод-селекцыянер, саджанцы якога набывала не толькі Еўропа, але і Амерыка. Амаль за паўвека сваёй дзейнасці ён выпрабаваў 500 сартоў яблынь, 100 — груш, 70 — сліў. Вывеў 116 сартоў арэха. Вяршыняй жа дзейнасці садавода стаў гібрыд яблыні пад нумарам 1337, атрыманы ад скрыжоўвання ранету «семірынка» і фальвейля. Сорт у гонар яго стваральніка назвалі «памяць Сікоры». А яшчэ — яблыкам XXI стагоддзя.

І сёлета традыцыйнае свята Яблычны Спас пачалося якраз з даніны павагі земляку — адкрыцця скульптуры таго самага яблыка      «памяць    Сікоры» (на верхнім здымку). Падзея была прымеркавана да 25-годдзя музея Івана Паўлавіча, які таксама знаходзіцца ў Малых Алашках.

— Здаўна лічылася, што Яблычны Спас павінен напамінаць людзям аб неабходнасці духоўнага самаўдасканальвання, аб тым, што нікому ніколі не позна змяніцца і поўнасцю перайначыць сваё жыццё. Яркім прыкладам таму з’яўляецца Іван Паўлавіч Сікора, які ўклаў усю сваю душу, усё сваё жыццё ў развіццё айчыннага садоўніцтва, — падкрэсліў у сваім выступленні старшыня Шаркоўшчынскага райвыканкама Мікалай Баговіч.

Прыемны сюрпрыз для гасцей свята падрыхтавала жыхарка Малых Алашак, траюрадная пляменніца садавода Галіна Сікора. Разам з работнікамі культуры ў літаратурна-музычнай гасцёўні жанчына выступіла з цэлай праграмай у гонар Сікоры і роднай вёскі. Яна прысвяціла свайму знакамітаму родзічу ўласныя вершы і песні, напісаныя на іх. Выконвала сама, а таксама лепшыя самадзейныя артысты раёна.

Ада Райчонак, якая працавала настаўніцай у Малых Алашках, калі жыў і тварыў Сікора, перадала дырэктару музея Наталлі Перхуровіч перапіску Івана Паўлавіча з дачкой Льва Талстога — Соф’яй і іншыя дыкументы, а таксама ... Сікораўскі дом , які ў свой час выкупіла за ўласныя грошы і тым самым выратавала яго ад разбурэння.

Падарунак зрабіла і ААТ «Васюкі», на тэрыторыі якога знаходзіцца музей Сікоры, яго стары сад, а таксама малады гадавальнік, вырашчаны рукамі нашчадкаў. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла ўчастак зямлі, каб пашырыць гадавальнік. А гэта значыць, што сікораўскія яблыні, грушы і слівы «прыйдуць» у гарады і вёскі, на падворкі жыхароў.

Дарэчы, вельмі ўдала ўпісаўся ў свята раённы конкурс «Уладар сяла», дзе спаборнічалі   тры   сям’і    лепшых маладзёжных падворкаў: Шчукіных — Яўгена, Юліі і Міланы з ААТ «Ельня-Агра», Ананіч — Дзмітрыя, Анжэлы і Маргарыты з ААТ «Васюкі» і Пестун — Яўгена, Алёны і Насці з ААТ «Шаркоўшчынскі агратэхсэрвіс». Канкурсанты падабраліся надзвычай цікавыя. Напрыклад, Яўген Шчукін — механізатар, пераможца на вясенняй пасяўной. Яго жонка Юлія — галоўны заатэхнік гаспадаркі, вучыцца завочна ў Віцебску ў ветакадэміі. Дзмітрый Ананіч — манцёр Варапаеўскай дыстанцыі пуці, занесены на Дошку гонару арганізацыі. Тры гады запар сям’я Шчукіных перамагае ў раённым конкурсе на лепшую падсобную гаспадарку і атрымлівае трэцяе цяля за гэта. Яўген і Алена Пестуны не толькі здолелі выдатна аздобіць свой дом, але нават зрабілі ў двары фантан.

Частавалі канкурсанты пірагамі ўласнай выпечкі, паказвалі спрыт у пераборцы і чыстцы бульбы, распілоўцы і колцы дроў. З невячлікім адрывам перамагла сям’я Ананіч. Яна і прадставіць Шаркоўшчыну на абласным конкурсе «Уладар сяла».

Акордам свята стала ўрачыстая рэгістрацыя шлюбу жыхароў Шаркоўшчыны Дзмітрыя Вількеля і Кацярыны Губскай. Маладых можна зразумець. У беларусаў яблыка — гэта сімвал урадлівасці і здаровых нашчадкаў!

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?