Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Тальяці з удзелам беларускай суполкі “Нёман” прайшло мерапрыемства, прысвечанае Дню вываду савецкіх войскаў з Афганістана

Светлая памяць у сэрцах

Дзень 15 лютага — вялікае свята. Мы памятаем, з якой палёгкай уздыхнулі ўсе ў 1989-м, калі з Афганістана выйшлі апошнія калоны савецкіх войск. Памятаць пра мінулае — значыць думаць пра будучыню. Пра тое, каб яна была мірнаю, каб ніколі не гінулі ў ваенных канфліктах дзе б там ні было маладыя воіны, каб не прыходзіла нязбытнае чорнае гора ў хаты і сэрцы іх бацькоў, іх братоў і сясцёр, каханых. “Памяць сэрца” — пад такою назвай 9 лютага мы ладзілі мерапрыемства ў 46-й школе гарадской акругі Тальяці, з якой у нас даўняе сяброўства і супраца. Яшчэ ў 2010-м на базе школы пачаў дзейнасць факультатыўны клас беларускай культуры, мы разам і ў іншых культурна-асветніцкіх, патрыятычных праектах. Перад канцэртнай праграмай сябры і госці знаёміліся з выставай, якую падрыхтавала бібліятэка “Истоки”. Загадчыца бібліятэкі Вольга Горшэнева падабрала цікавыя матэрыялы пра Афганскую вайну. Дарэчы, у гэтай бібліятэцы ёсць і куток, прысвечаны беларускай літаратуры.

У тальяцінскай беларускай суполкі “Нёман” цяпер з’явіліся новыя сябры
Фота: Інэса Лопарава

Гасцей і школьнікаў віталі ў зале дырэктарка школы Ларыса Чубенка, яе намесніца Алена Янбарысава. Потым далі слова нам, беларусам. Пагранічнікі Добраахвотнага таварыства “Застава-63”, а таксама ўдзельнікі баявых дзеянняў у Афганістане прадставілі дакументальны фільм пра падзеі тых часоў. Ганаровым госцем на мерапрыемстве быў Уладзімір Патака, дырэктар Рускага культурнага цэнтра, які павіншаваў усіх са святам, з надыходзячым Днём абаронцы Айчыны.

І вось пачаўся канцэрт. У праграму яго ўвайшлі новыя беларускія і рускія песні, якія гучалі ў выкананні нашых артыстаў з гуртоў беларускай песні “Купалiнка” і дзіцячага “Зорачкi”. Каларытныя сцэнічныя строі, прыгожыя маладыя твары, вясёлыя, лірычныя і патрыятычныя песні... Гледачы не шкадавалі апладысментаў.

У канцэрце паўдзельнічалі нашы пастаянныя партнёры з Тэатра танца “Кредо” (малодшае яго крыло) і вучні школы. А напрыканцы сустрэчы дырэктарка школы ўручыла Падзячныя лісты арганізатарам і ўдзельнікам. Потым і пасля канцэрта прадаўжаліся цікавыя размовы. У прыватнасці, кіраўніцтва школы мае намер прадоўжыць сяброўства з актывістамі суполкі “Застава-63”.

Голас Радзімы № 7 (3511), чацвер, 16 лютага , 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter