Свет Янкi

Ён нездарма ўзяў сабе псеўданiм Купала. Нарадзiўшыся 7 лiпеня, у купальскую ноч, гэты чалавек быў такiм жа таямнiчым i народным, як i само свята. Ён усё жыццё шукаў сваю папараць-кветку, i сёння яго народ можа з упэўненасцю сказаць – знайшоў-такi…

Юбiлей беларускага Песняра   шырока адзначаць   у   сталiцы i   на   малой   радзiме 

Ён нездарма ўзяў сабе псеўданiм Купала. Нарадзiўшыся 7 лiпеня, у купальскую ноч, гэты чалавек быў такiм жа таямнiчым i народным, як i само свята. Ён усё жыццё шукаў сваю папараць-кветку, i сёння яго народ можа з упэўненасцю сказаць – знайшоў-такi… 

7 лiпеня ў Мiнску i ў вёсцы Вязынка адбудуцца святочныя мерапрыемствы з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння беларускага класiка. Дырэктар Дзяржаўнага лiтаратурнага музея Янкi Купалы Алена Мацевасян падкрэслiла, што лiтаратурныя вечарыны i iмпрэзы, музейныя экспазiцыi, тэматычныя творчыя сустрэчы праходзяць на працягу ўсяго года. Так,    Нацыянальны фестываль беларускай песнi i паэзii “Маладзечна-2007” быў цалкам прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння Янкi Купалы i Якуба Коласа. Да таго ж у вёсцы Якiмоўшчына, дзе паэт працаваў памочнiкам вiнакура, адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкi. 

На днях у музеi Янкi Купалы прайшлi VII лiтаратурныя чытаннi “Мастацкi свет Янкi Купалы”, у якiх прынялi ўдзел знакамiтыя вучоныя  i даследчыкi. Адкрылася новая экспазiцыя “Жыццё i творчасць Янкi Купалы ў гады вайны”. 

— Тэма смерцi паэта амаль нiколi не прысутнiчала ў экспазiцыях музея. Мы ўпершыню пакажам экспанаты, якiя дагэтуль у нас яшчэ не бачылi,  — расказвае Алена Мацевасян. – Гэты будзе частка прыступак, дзверы 414-га пакоя з гасцiнiцы “Масква”, дзе загiнуў паэт, люстэрка з нумара. Дарэчы, кожны, зазiрнуўшы ў люстэрка, пабачыць там Янку Купалу. 

А 7 лiпеня ў скверы iмя Янкi Купалы ў Мiнску пройдзе свята “Палымянае слова паэта”. Чакаецца, што ўдзел у мерапрыемстве прымуць больш чым 25 культурных устаноў, а таксама розныя мiнiстэрствы i ведамствы. У той жа дзень у фiлiяле Дзяржаўнага лiтаратурнага музея Янкi Купалы ў Вязынцы пройдзе рэспуб-лiканскае свята паэзii i народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасцi Беларусi”. На свята запрошаны прадстаўнiкi рэспублiканскiх i мясцовых органаў улады, пiсьменнiкi, прафесiянальныя i самадзейныя калектывы. Музыка i паэтычнае слова будуць гучаць у Вязынцы на працягу ўсяго дня. А ў вёсцы Якiмоўшчына пройдзе традыцыйнае этнаграфiчнае свята “Купалле”, якое сваёй таямнiчасцю заўсёды прываблiвае сюды турыстаў. 

Акрамя таго, у вераснi запланаваны сумесныя мерапрыемствы “Шляхi, шляхi з зямлi радзiмай…” з пушкiнскiм запаведнiкам Мiхайлаўскае.  Лiтаратурныя чытаннi i выстаўкi будуць праходзiць да канца года. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter