«Кераміка патрабуе ўвагі»

— Кераміка патрабуе ўвагі, часу, уседлівасці, трэба адчуць матэрыял, з якім працуеш, прывыкнуць да яго, — упэўнены майстар.
Работы Мікалая Несцярэўскага можна ўбачыць яшчэ ў Нацыянальным мастацкім музеі, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, музеі выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах, у прыватных калекцыях за межамі краіны. Мастак працаваў над афармленнем галоўнай паветранай гавані Беларусі — Нацыянальнага аэрапорта. Дэкаратыўныя керамічныя шматфігурныя пано, якія раскрываюць самабытны вобраз Беларусі, упрыгожваюць залы гастранома «Мінск» у Валгаградзе.
Фантазію лепяць рукi
Асаблівае месца ў жыцці Мікалая Несцярэўскага займаюць выставы і творчыя сустрэчы на яго малой радзіме. Хоць мастак нарадзіўся ў вёсцы Бацюты на Беласточчыне, а зараз жыве ў Мінску, у дзятлаўчан свой гонар: Мікалай Несцярэўскі вырас менавiта тут, на Гродзеншчыне.
— У Дзятлава мы пераехалі ў 1945-м. Зараз я разумею, што пасляваеннае юнацтва было цяжкім, але шчаслівым. Шчасце было ў дружнай сям’i, у адчуваннi мiрнага жыцця. Мы ў той час жылі небагата, але ўжо з ранніх гадоў дзеці былі прывучаныя да працы. Працоўная загартоўка і адказнасць выхавалі характар на ўсё жыццё.
Хлопец вучыўся рамяству ў сталяра, з цягам часу пачаў вырабляць мэблю па ўласных эскізах. Пасля заканчэння Гро-дзенскага культасветвучылішча працаваў мастаком-афарміцелем, настаўнікам малявання і чарчэння. Ніводнае свята ў Дзятлаве не абыходзілася без Мікалая Несцярэўскага, бо ён выдатна спяваў, іграў на трубе і акардэоне і нават стварыў у раённым Доме культуры духавы аркестр! Пасля лёс прывёў яго на Мінскі мастацка-вытворчы камбінат, дзе Мікалай Лаўрэнцьевіч працаваў мастаком-керамістам больш за дваццаць гадоў.
— Праца з глінай не даруе мітусні. На разнастайныя задуманыя формы з гліны трэба шмат часу і вытрымкі. Не кожны возьмецца, — падкрэслівае мастак і тут жа дадае: — Мала проста прытрымлівацца тэхналогіі, трэба адчуваць матэрыял і ўмець з ім дамаўляцца. Але вынік зачароўвае! Калі бярэш у рукі гліняную рэч, адчуваеш жывое цяпло агню.
Кубкі, збаны, гаршочкі, дэкаратыўныя скульптуры… Самая вялікая калекцыя керамічных вырабаў Мікалая Несцярэўскага захоўваецца ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Супрацоўніцтва мастака і музея пачалося ў 1991 годзе. За гэты час тут з’явілася асобная зала, прысвечаная творчасці Несцярэўскага (яшчэ больш за тры сотні работ захоўваецца ў фондах!). У мінулым годзе ў дзятлаўскім музеі адбылася прэзентацыя альбома «Я яшчэ не ўсё зрабіў...» — на сотні старонак сабраны яскравыя фотаздымкі работ, цёплыя словы сяброў, мастацтвазнаўцаў, пісьменнікаў, журналістаў.
— Многія глядзелі на мяне як на дзівака, маўляў, навошта аддаў свае работы, калі іх можна было выгадна прадаць?! Але ж не ўсё трымаецца на матэрыяльных каштоўнасцях. Я ведаю: мае работы ў добрых руках, яны радуюць і натхняюць маіх землякоў. І гэта галоўнае, — лічыць суразмоўца.
Адзначым, майстру асабліва блізкая гістарычная тэма. Ён стварыў унікальную калекцыю керамічных медальёнаў, партрэтаў-плакетак з князямі Вялікага Княства Літоўскага, каралямі Рэчы Паспалітай, героямі Грунвальдскай бітвы. Сярод работ Мікалая Несцярэўскага таксама ўбачыце навукоўцаў, пісьменнікаў, мастакоў, якія ўзбагачалі нашу культуру ў XX стагоддзі: Якуба Коласа, Янку Купалу, Браніслава Тарашкевіча… З адметных партрэтаў ствараецца галерэя вобразаў, якая перадае не толькі характар героя, але і характэрнасць матэрыялу — цеплыню абпаленай гліны.
— Каб працаваць на ганчарным крузе, патрэбны дужыя рукі, — дзеліцца 88-гадовы мастак. — На жаль, сіл і здароўя сёння ўжо не хапае. Затое пачаў больш пісаць. Завяршыў рукапіс пра свой лёс і творчасць. Справа за малым — знайсці сродкі на выданне.
Натхненне прыродай

— Мікалай Лаўрэнцьевіч працуе ў многіх напрамках мастацтва. Жывапісам пачаў займацца, калі пайшоў на пенсію, — дадае Вольга Цюшляева, дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. — У сваіх работах ён адлюстроўвае і раскрывае свет чалавечых пачуццяў, характараў, тонкія адценні настрою, няўлоўныя імгненні ў жыцці чалавека і прыроды. Больш за ўсё яго вабяць пейзажы, беларускія краявіды. Назвы сведчаць пра любоў да малой радзімы: «Вечар на рацэ Моўчадзь», «Бабуліна хата», «На радзіме».
Асобнае месца ў творчасці Несцярэўскага займаюць партрэты. Адна з апошніх работ — партрэт гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага, што сёлета папоўніла экспазіцыю дзятлаўскага музея. У музеі прыцягвае ўвагу і карціна з Якубам Коласам.
— Народны паэт Беларусі прыязджаў у Дзятлава ў 1954 годзе, — узгадвае гісторыю стварэння палатна Вольга Цюшляева. — Але аб гэтай падзеі Мікалай Несцярэўскі даведаўся пастфактум, са старонак газет. Вядома, перажываў, што ўпусціў такі момант! Тады ён стварыў карціну па гарачых слядах з газетнага фотаздымка. І ўжо дамаляваў сярод прысутных і сябе.
Праца — лепшы адпачынак
Лета Мікалай Лаўрэнцьевіч праводзіць за горадам, у акружэнні сасновага лесу. Ляжаць на канапе перад тэлевізарам не яго гісторыя. Лепшы адпачынак — праца на дачы. Тут усё зроблена яго рукамі — цагляны дом с маляўнічымі вітражамі, басейн, фантан з мініяцюрнымі фігуркамі. З акон адкрываецца прыгожая панарама лесу. Прырода натхняе на новыя творчыя адкрыцці.
— З часам людзі становяцца прагматычнымі, у іх знікае дух рамантыкі, — з сумам заўважае суразмоўца. — Але я перакананы, што мастацтва ніколі не страціць сваёй значнасці для людзей неабыякавых. Мастак павінен шмат працаваць, а яшчэ ( і гэта значна важней!) быць сумленным і адкрытым перад самім сабой.
Цікава, што феномен творчасці Несцярэўскага складаецца не з арыгінальнасці дэкаратыўных ці маляўнічых прыёмаў у тым ці іншым прадмеце мастацтва, а з уласнага адчування асобы, з’явы, падзеі. Да чаго б ні дакраналіся яго вялікія, моцныя рукі, у выніку мы бачым просты і зразумелы свет, блізкі кожнаму з нас.
kristinahilko@sb.by
Фота аўтара.