Правдивые истории о партизанском острове Зыслов

Сведкi з вострава Зыслаў

Хлеб для партызан любанскія сялянкі выпякалі ў лясной печы, у тым ліку і на Новы год
ЦІХА і спакойна зімовым часам на легендарным востраве Зыслаў, толькі шумяць-перашэптваюцца вершаліны карабельных сосен, сведак падзей ваеннага ліхалецця, калі гэты акружаны з усіх бакоў векавой дрыгвой грудок зямлі ўратаваў жыцці тысячам жыхароў навакольных мясцін. Адсюль народныя мсціўцы ў маі 1942 года ўстанавілі двухбаковую радыёсувязь з Масквой, а ў верасні — рэгулярную авіясувязь з Вялікай зямлёй. На партызанскім аэрадроме вострава Зыслаў прымалі самалёты з медыкаментамі, баявой зброяй, харчаваннем і адпраўлялі паветраным шляхам з акупіраванай фашыстамі тэрыторыі параненых, хворых і дзяцей. На востраў не ступіў бот нямецка-фашысцкіх акупантаў. Тут, у тыле ворага, размяшчаліся падпольныя партыйныя органы, штаб партызанскага руху, выдаваліся падпольныя газеты «Звязда», «Чырвоная змена», «Бальшавік Палесся». Вялася масава-палітычная работа сярод насельніцтва, працавалі партызанскі шпіталь, сталоўка, пякарні.

Ветэран вайны і працы Яўген ЧЫРКОЎСКІ.

ЯШЧЭ не было і дваццаці гадоў сялянскай дзяўчыне Вользе, як ёй даручылі выпякаць хлеб для партызан. З сяброўкай Нінай Вярынскай так налаўчыліся, што ні разу боханы не прыгаралі. Даўно няма ўжо Ніны, амаль нікога не засталося з іх партызанскага атрада. Дзевяноста трэці год размяняла Вольга Аляксандраўна Лашч. Жыве на поўным дзяржаўным забеспячэнні ў сацыяльным інтэрнаце ў пасёлку Урэчча, што паміж Любанню і Слуцкам. Святкаваць Новы год яе запрасіла ў госці пляменніца Алеся Іванаўна Вярэнік, якой таксама ўжо пад дзевяноста гадоў. У яе прасторным мураваным доме, што ў цэнтры любанскай вёскі Нежын, цёпла і ўтульна. Сельсавет забяспечвае дровамі, дачка Таццяна прыехала са сталіцы і ўсе разам будуць сустракаць навагодняе свята. Раней бацька прыносіў з лесу маладую ялінку, і ставілі яе перад абразамі ў прасторнай зале. Вечарамі дзеці майстравалі ўпрыгожванні і слухалі расповеды бацькоў пра іх навагоднія святы, абпаленыя вайной. Маці Аляксандра Іванаўна чатырнаццацігадовай дзяўчынкай разам з бацькамі пайшла ў партызаны. Усю вайну прайшоў бацька. Пра мужнасць Івана Дзмітрыевіча Вярэніка на франтах сведчаць баявыя ўзнагароды, што прымацаваны да чырвонай падушачкі.

Вольга Аляксандраўна ЛАШЧ і Аляксандра Іванаўна ВЯРЭНІК.

Вольга Аляксандраўна Лашч свае партызанскія ўзнагароды шануе, трымае ў хустачцы. У святы яны ўпрыгожваюць яе ўрачыстыя строі. Не толькі пячы хлеб, але і больш адказныя заданні даручалі ёй. Не аднойчы з падрыўнікамі ўстройвалі акупантам «канцэрт».

— Так сакрэтна называлася партызанская аперацыя па падрыве чыгункі, — узгадвае Вольга Аляксандраўна. — Партызанскія падрыўнікі адначасова на некалькіх участках выводзілі са строю чыгуначнае палатно, чым паралізоўвалі забеспячэнне варожага фронту неабходнымі тэхнікай і баепрыпасамі. Наша група ўзрывала палатно на вузкакалейцы каля вёсак Слаўкавічы, Кузьмічы, Пухавічы, Дзякавічы, Вячын. Нам указвалася колькасць рэйкаў для падрыву. Выдзялялася ўзрыў- чатка і вызначаўся час выбуху. Па траіх мы ўсталёўвалі падрыўныя прыстасаванні. Каля мяне прабіраўся да чыгункі Коля Рудзько. Дапаўзлі да рэек, якія з абодвух бакоў абступаў малады лясок. Звычайна выбіралі такія мясціны, каб зручней уцякаць. Зірнула на лясок і ўбачыла, як нехта паўзе адтуль. Ускочыла і ўцякаць, а мне ўслед: «Воля, што здарылася?» Я адказала, што немцы паўзуць. Хлопцы кінуліся таксама наўцёкі. Раніцай камандзір партызанскага атрада Плышэўскі выцяў мяне па губах і сказаў, што гэта да рэек падбіраліся партызаны. Потым камандзір папрасіў прабачэння за нестрыманасць. Толькі аднойчы так струсіла. 

Вольга Аляксандраўна пом- сціла ворагу за забітую сястру Еву, якой і васямнаццаці гадоў не было. Вяскоўцы хаваліся ў лесе. Фашысты іх высачылі і акружылі. Пагналі ў вёску. Ева баялася, што яе адправяць у Германію. Яна дапамагала старэйшай сястры Ганне глядзець немаўля і несла яго на руках. Дзяўчына ішла ў пачатку калоны, а стомленая Ганна ледзьве перастаўляла ногі ў хвасце натоўпу. За вёскай Нежын прасціраўся прасторны луг. Ева азірнулася на сястру і паклала немаўля на дарогу, каб Ганна яго забрала. А сама, калі падышлі да хмызняку, кінулася ўцякаць. Густога лесу не было, і нямецкі ахоўнік заўважыў яе. Людзі ў калоне сталі прасіць, каб не страляў. Ён паслухаў і нават аўтамат не зняў з пляча. А на дрэве сядзеў снайпер і на вачах ва ўсіх забіў Еву. Яна яшчэ на хаду азірнулася і ўпала. Дзіцятка Ганна падняла, і ўсіх пагналі далей. Амаль тыдзень ляжала забітая і прыцярушаная снегам дзяўчына. Людзі расказалі пра забойства яе брату Івану Насановічу, які быў у атрадзе Плышэўскага. Ён узяў партызан, і яны пахавалі сястру. На тым месцы бярозы параслі.

— І я ў той калоне ішла разам з маці, — дадае пляменніца Алеся Іванаўна. — Нас загналі ў нежынскую хату і хацелі спаліць, але пачуліся стрэлы. Стралялі партызаны, якія прыйшлі вызваляць нас. Мы кінуліся ў лес і ўратаваліся. Вёску Нежын раз’юшаныя акупанты спалілі дашчэнту, а жыхары падаліся ў лес. 

— Мяне маці на руках у партызанскім атрадзе насіла, — уключылася ў размову суседка Ніна Іванаўна Шаўцова, якая завітала ў хату. Пяцігадовай трапіла яна з маці ў атрад. Дзіцячая памяць захавала моманты ваеннага часу. 

— Запомніўся нямецкі салдат, што зайшоў у хату, а я ляжала хворая. Працягнуў мне круглую таблетку, якую я баялася ўзяць. Ён укінуў у рот сабе адну і мне падаў. Гледзячы на мяне нямоглую, заплакаў. І яшчэ запомніла, калі нас гналі немцы, мая цётка несла на руках маленькую дачку. Холадна было. З-пад покрыўкі віднелася босая ножка дзяўчынкі. Нямецкі салдат, убачыўшы гэта, падышоў і ўхутаў немаўля. Запала ў памяць і лютасць карнікаў, што выганялі нас з лесу, дзе мы хаваліся.

— Сярод акупантаў сустракаліся розныя, — разважае Вольга Аляксандраўна. — Лес ратаваў нас, грэў і карміў. Прывязуць мужчыны сухіх дроў, напалім печ і па шэсць бляшаных формачак хлеба за адзін раз выпякалі. Нам дапамагаў увішны яўрэйскі юнак, які спрытна замешваў цеста.

— У дзяжы замешвалі?

— Каля печы стаяла доўгая скрыня, у якой да вайны вазілі фураж калгасным каровам. Перагарадзілі яе на тры адсекі. У адным замешвалі цеста, у другім яно падыходзіла, а з трэцяга напаўнялі ім формы і ставілі ў печ.

— Адкуль мука?

— У самым пачатку вайны, калі наступалі фашысты, нашы людзі закапалі ў лесе калгасную бульбу і жыта. У партызанскі атрад прывезлі з вёскі жорны і ўсталявалі іх. Конь хадзіў па крузе і круціў жорны. З гэтай мукі і пяклі хлеб. Сховішча бульбы і зерня замініравалі ад ворага. Адзін наш партызан выпадкова на такую міну наступіў і параніўся, але яго выратавалі. Самалётам адправілі на лячэнне ў Маскву.

— А дзе соль бралі?

— Па хатах адпраўлялі дзяўчат з вёсак Туркі, Слабодка, Жораўка і Асавец, каб збіралі соль. Прыносілі па жменьцы ў атрад. Нават адзенне і абутак сякі-такі прыносілі. Бывала і такое, што выкарыстоўвалі мінеральныя ўдабрэнні, якія да вайны ўносілі на палеткі. Засыпалі салетру ў кацёл з вадой, пену здымалі, а салёную ваду прымянялі для гатавання ежы і выпечкі хлеба. А калі не было і гэтага, пяклі прэсны жытнёвы хлеб. Пшаніцы не мелі.

Мы з Нінай Вярынскай, бывала, і бульбай ласаваліся. Пасадзім у печ чарговую партыю формачак з цестам, а самі хуценька начысцім бульбы і пячом партызанскі ласунак — бульбяныя булачкі. Толькі ў святы такое сабе дазвалялі. У пякарню зазіралі хлопцы, што малолі зерне. Яны, акрамя агульнай ежы, нічога не мелі. Мы частавалі іх бульбянымі прысмакамі. Наш цестамес на іх пакрыкваў, што жорны прастойваюць, і, каб ён не бачыў, мы ціхенька клікалі хлопцаў. Яны непрыкметна забягалі ў пякарню і атрымлівалі бульбяны ласунак.

— Можа, хлопцы да вас і заляцаліся? Вайна вайною, а маладым — маладое.

— Не было калі пра гэта і думаць. Хваляваліся, каб пад кулі не трапіць і выжыць. Вайна шмат чаго нас пазбавіла. Бацька мне прыказваў сцерагчыся некаторых у атрадзе. Дзяўчына я была ладная, дужая і смелая. Умела за плугам хадзіць, касіць, дровы сячы. Любога мужыка ў працы замяняла. Хлопцы да мяне прыглядаліся. Адчувала, хто чым дыхаў, і памятала бацькавы словы. Мо, каму і вальней было, але не нам. Многіх дзяўчат немцы пагналі ў Германію. Мне ўдалося застацца дома. Брат Іван сябраваў з камандзірам партызанскага атрада Плышэўскім і параіў узяць мяне ў хлебапёкі. Брат папярэджваў, каб была асцярожнай. Некаторыя нашы камандзіры дзяўчат да сабе прыгалублівалі. Мой клопат быў, каб хлеб удаваўся. 

— Колькі боханаў за дзень выпякалі?

— У печ умяшчалася шэсць формачак. Тры выпечкі ў суткі. Бляшаныя формы прынеслі з любанскай хлебапякарні. Даставалі іх з печы, палівалі зверху хлеб вадой, каб хутчэй астываў, і накрывалі на лаве даматканымі ручнікамі.

— У халодны час у пякарні было цёпла. А як вытрымлівалі гарачую печ у летнюю спёку?

— Дзверы не закрывалі. Стаяла звычайная печ. На падлозе каля яе спалі да ранку. Ноччу паліць дровы не дазвалялася, каб па дыме вораг не вызначыў стаянку. Прыязджалі партызаны на конях і забіралі хлеб. Дзякавалі за свежыя духмяныя боханы.

— У навагоднюю ноч даводзілася каля печы стаяць?

— Усяляк было. Хлеб патрэбен быў штодня. Новы год імкнуліся адзначыць баявымі поспехамі. У атрадзе трымалі калгасных кароў, якіх перад прыходам акупантаў перагналі ў лес. Усю вайну жывёла вандравала з намі па лесе, і пасля вызвалення ад акупантаў перадалі статак у калгас.

Недалёка ад нашай пякарні ў вялікім катле гатавалі ежу для партызан. Калі пралятаў нямецкі самалёт, вартавыя падавалі сігнал трывогі, і кацёл імгненна пераварочвалі ў агонь, каб фашысты не заўважылі вогнішча. Кухарыла вясковая жанчына з дачкой Тоней. Аднойчы, пакуль ежа варылася, кухарка зашывала адзенне партызанам, а дачцэ сказала, каб памяшала варыва. Дзяўчынка стала мяшаць, страціла прытомнасць і ўпала на кіпучы кацёл. Моцна ашпарылася. У хлеўчыку партызанскія дактары яе ратавалі. Моцна стагнала, пакуль не сканала. І гэта ўсё на вачах у маці. Такім было наша партызанскае выжыванне. 

МАРЫЯ Станіславаўна Чыркоўская з вёскі Старасек памятае, як прызямліўся першы самалёт з Вялікай зямлі на партызанскім аэрадроме Зыслава. Было гэта ў верасні 1942 года. Партызаны старанна рыхтаваліся да яго прыёму. Настрой панаваў прыўзняты. На востраве выставілі вартавых каля вогнішчаў. У небе пачуўся гул самалёта. 

— Успыхнулі вогнішчы, і аэраплан нізка праляцеў з выключанымі агнямі, развярнуўся і пайшоў на пасадку з заглушанымі рухавікамі, — да дробязей прыпамінае Марыя Станіславаўна. — Затым загарэліся агні на самалёце, і ён праляцеў над пляцоўкай, развярнуўся і стаў зніжацца. Пачулася скрыгатанне, і ён пакаціўся па зямлі, развярнуўся і патушыў агні. Усе кінуліся да яго. Вогнішчы затушылі. Нам перадалі прывітанне са сталіцы. За шчасце было бачыць усё гэта. Хутка разгрузілі самалёт, унеслі ў яго параненых, і зноў загулі рухавікі, самалёт прабег па зямлі і ўзняўся ў начное неба.

Зімовым часам, калі снегам засыпала партызанскі аэрадром, Марыя Станіславаўна прымала ўдзел у расчыстцы ўзлётнай паласы. 

— Разам са мной былі Люба Дзегцярова, Вольга Перагудава і іншыя школьныя сяброўкі. Мой бацька запрагаў каня, і мы вазілі санкамі снег, каб самалёт змог прызямліцца. Нават даводзілася хваёвым лапнікам укрываць яго, калі заставаўся дняваць на Зыславе. Хадзілі і па лесе, адшуквалі парашуты, якія спускаў самалёт. 

З вострава я наведвала бацькоў у вёсцы Старасек. Мая маці, Надзея Цімафееўна Ляўковіч, выходжвала дома параненых партызан. Нам прыслалі семярых параненых. Адзін з іх, маладзенькі Міця Кавалёў, ляжаў з моцна пашкоджаным каленам. Ад болю стагнаў. Доўга лячыўся ў нас. Калі я захварэла на тыф, Міця падтрымліваў мяне. Кранала яго цеплыня. Яго адправілі самалётам на лячэнне ў Маскву.

— Дык вы больш і не бачыліся?

— Міця вярнуўся з Масквы на Зыслаў і цікавіўся пра мяне. А нас перад гэтым фашысты аблавай выгналі з балота і загналі ў вялікі хлеў, а потым выпусцілі на двор, дзе мы правялі ноч. Было гэта на пачатку вясны. Яшчэ марозец трымаўся. Раніцай пагналі ў Слаўкавічы, і там моладзь адправілі ў бабруйскую турму, дзе пратрымалі тры тыдні. Кармілі раз у дзень дробненькай бульбачкай. Загрузілі ў таварныя вагоны і павезлі ў Германію. У лагеры Цэнтвег каля горада Мюльхайма я працавала на заводзе. Раз у дзень давалі міску баланды. Ледзьве выжыла.

ДАМОЎ дзяўчына вярнулася пасля Перамогі. Выйшла замуж за аднавяскоўца Яўгена Сцяпанавіча Чыркоўскага, якому таксама давялося многае перажыць.

Чатырнаццацігадовым падросткам прыйшоў ён у партызанскі атрад Гарбачова брыгады П. К. Панамарэнкі. Таксама ўдзельнічаў у партызанскіх «канцэртах» на чыгунцы, узрываў масты. Не забыў і смак партызанскага хлеба.

— Хлеб пяклі смачны, — праз дзесяцігоддзі сцвярджае былы партызан Яўген Сцяпанавіч Чыркоўскі. — Сам не аднойчы круціў жорны на Зыславе. Да нас прыязджаў камандзір брыгады Панамарэнка, і яго сустракалі боханам хлеба. Камандаванне давярала мне стаяць на пасту. Атрымаў аўтамат.

— Помніцца першы выстрал?

— Плячо вельмі ўздрыгнулася ад аддачы. Не было сілы моцна трымаць зброю. Але асвоіў аўтамат і трапна біў па ворагу.

— Самы памятны ваш бой?

— Як за Зыславам ланцугом акружала наш атрад вялікая варожая групоўка. Камандзір загадаў усім залегчы. Амаль тыдзень біліся. Выстаялі.

— Яўген Сцяпанавіч, а чым запомніўся Новы год на Зыславе?

— У навагодняе свята ў некаторых зямлянках ставілі ялінкі. Нават песні гучалі. А найбольшай навагодняй радасцю былі паведамленні з Масквы пра наступленні Чырвонай Арміі, а потым — і пра вызваленне савецкіх гарадоў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адзін аднаму перадавалі прыемныя звесткі. У навагоднюю ноч мы марылі пра перамогу. Верылі, што яна будзе за намі.

У пасляваенныя гады Чыркоўскія працавалі ў калгасе. Марыя Станіславаўна лён і каксагыз вырошчвала на былых балотах. Яўген Сцяпанавіч калгасных кароў пасвіў. І, акрамя баявых узнагарод, адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

— Муж часта па начах ускрыквае: «Трымай яго, страляй!», — адзначае Марыя Станіславаўна. — Пытаю, а каго ты, Жэня, ловіш? Адказвае, што ў сне вайну бачыць. І мне сніцца, што ўцякаю ад немцаў. Ніколі гэта не забудзецца.

Уладзiмiр Субат

Любанскі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter