В сентбяре ведущая проекта «Артэфакты» Елена Дамиева вернется в эфир «Беларусь 3» с новыми, почти детективными историями

Сведкi часу

Ад крыжа Ефрасiннi Полацкай да рыцарскiх даспехаў эпохi Сярэднявечча, выратаваных ад «чорных капальнiкаў». Ад канцылярскiх лiстоў, напiсаных каралевай Бонай Сфорца, да касцянога крыжа часоў Лiвонскай вайны. Ужо два гады археолагi, краязнаўцы i калекцыянеры дапамагаюць вядучай праграмы «Артэфакты» на тэлеканале «Беларусь 3» Алене Дамiевай шукаць цiкавыя звесткi пра сапраўдныя рэлiквii, рарытэты i экспанаты, якiя з цягам часу сталi нашымi духоўнымi святынямi. На пачатку верасня каманда праекта зноў вернецца ў тэлеэфiр. Як заўсёды, у новым, трэцiм сезоне праекта Алена Дамiева разам з экспертамi будзе знаёмiць гледачоў з сенсацыйнымi знаходкамi мiнулых стагоддзяў i разблытваць амаль дэтэктыўныя гiсторыi.


— Мы выпусцiлi ў эфiр ужо 32 праграмы i зараз знялi яшчэ 10 арыгiнальных выпускаў. Скажу шчыра: атрымлiваю вялiкую асалоду, працуючы над гэтым праектам. Я iм жыву. Калiсьцi пры слове «артэфакт» мне здавалася, што гаворка абавязкова павiнна iсцi пра нешта старажытнае, пыльнае, замшэлае… Але калi пачала здымаць першую праграму, маё меркаванне кардынальна змянiлася. Кожны з рарытэтаў, пра якiя распавядаем гледачам, гэта сапраўдны сведка мiнулых эпох, якi можа паведамiць, як жылi нашы продкi. Дарэчы, спачатку планавалася, што я буду расказваць выключна пра дамскiя штучкi мiнулых часоў: упрыгожваннi, любоўныя лiсты розных славутых паненак i гэтак далей. Але ўсё пайшло ў iншы бок, i першы выпуск мы прысвяцiлi, здаецца, каменнай свiдраванай сякеры. Шмат каму той выпуск спадабаўся, таму вырашылi i далей iсцi гэтай дарогай — дапамагаць гледачам арыентавацца ў каштоўным свеце нашых знакамiтых артэфактаў i, дзе гэта магчыма, раскрываць нерастыражыраваныя таямнiцы папярэднiх уладальнiкаў.

— У дзяржаўных i прыватных калекцыях — тысячы цiкавых i каштоўных рэчаў. Па якiм прынцыпе вы выбiраеце артэфакты для праграмы?

— Для мяне галоўнае, каб ён выклiкаў у гледачоў даследчую цiкавасць. Многiя з гэтых рэчаў гадамi хранiлiся ў музейных сховiшчах, а некаторыя нават нiколi не выстаўлялiся напаказ. Таму мне як аўтару праграмы хочацца, каб тэлеглядач разам са мной пачаў разважаць, чаму гiсторыя павярнулася так, а не iнакш? Чаму ўладальнiк гэтага артэфакта паступiў тым цi iншым чынам? Дарэчы, у праграме ёсць шмат розных «чаму». I мы стараемся адказаць на ўсе гэтыя пытаннi. Таму, здаецца, праект па‑ранейшаму выклiкае такую цiкавасць. 

Сярод самых асаблiвых «герояў» новых выпускаў — нефрытавы нож Фабержэ, канфiскаваны мытнымi органамi ў кантрабандыстаў пры перасячэннi iмi дзяржаўнай мяжы. 

Зараз гэты артэфакт знаходзiцца ў калекцыi Музея выратаваных мастацкiх каштоўнасцяў у Брэсце. Таксама раскажам пра знакамiтыя тураўскiя саркафагi XII стагоддзя i пра фрагмент амулета, якi быў знойдзены падчас раскопаў старажытнага паселiшча эпохi неалiту ля вёскi Асавец Бешанковiцкага раёна. Археолагi адносяць гэты артэфакт да сярэдзiны III тысячагоддзя да нашай эры. Не буду раскрываць усе сакрэты, але спадзяюся, што мы апраўдаем чаканнi гледачоў. 

— Здаецца, вашы гледачы ў першую чаргу — гэта прафесiйныя гiсторыкi, археолагi i ўвогуле навукоўцы. 

— Зусiм не так. Мне вельмi прыемна, што «Артэфакты», як выявiлася, глядзяць абсалютна розныя людзi. На вулiцах да мяне падходзяць i студэнты, i людзi сталага ўзросту. Спыняюць на хвiлiну‑другую, дзеляцца ўражаннямi, цiкавяцца, пра што будзе наступная праграма. Калi працавалi над першымi выпускамi, нават не маглi сабе ўявiць, што будзе такi водгук. Праект сапраўды пайшоў у народ, яго гледачы — людзi самых розных прафесiй, якiя любяць гiсторыю i сваю краiну. Гэта тыя, хто разумее, што важна ведаць i памятаць мiнулае i герояў тых часоў. Дарэчы, прыемна, што на вулiцах пазнаюць не толькi мяне, але i нашых экспертаў: супрацоўнiкаў музеяў, навукоўцаў, краязнаўцаў, калекцыянераў.

— Колькi часу вам трэба для падрыхтоўкi аднаго выпуску? 

— Тут ёсць адзiн момант. Пра некаторыя артэфакты захавалася зусiм мала iнфармацыi. А тая, што ёсць, — гэта ў асноўным легенды i прыдумкi. 

Таму з кожным артэфактам працуем iндывiдуальна: абмяркоўваем яго з вялiкай колькасцю экспертаў, дасылаем запыты ў музеi iншых краiн i разам са спецыялiстамi знаходзiм адказы на пытаннi. 

Зараз у нас ёсць яшчэ адна мэта — знайсцi пра ту цi iншую рэч новыя факты, пра якiя не ведаюць нават музейшчыкi. У гэтым сезоне, мяркую, iм (i канешне, усiм гледачам) будзе цiкава паглядзець выпуск пра тураўскiя саркафагi. Не магу сказаць, колькi дакладна я працую над адным выпускам. Таму што, па‑першае, паралельна вя­дзецца праца па некалькiх артэфактах. I па‑другое, што лiчыць за кропку адлiку? Я шукаю звесткi, правяраю iх, да апошняга хаджу i думаю, як цiкава i па‑новаму расказаць гледачам пра нейкую рэч… А пасля ноччу саджуся за стол i пiшу сцэнарый да самай ранiцы. Далей раблю макiяж i еду на працу. 

— Гледачы добра памятаюць вас па iншых праектах, якiя ў розны час выходзiлi на каналах рэспублiканскага тэлебачання. Гэта, напрыклад, праграма «Под грифом «Известные», псiхалагiчнае шоу «Понять и обезвредить», цыкл фильмаў «Города Беларуси». Тэматыка кожнай з гэтых перадач палярна розная. А што вам самой блiжэй: культура, псiхалогiя, дакументалiстыка? 

— Склалася так, што мая прафесiя — гэта адначасова i маё хобi. Канешне, калi бярэшся за новую для сябе тэму, заўсёды ёсць пэўны страх: а цi здолею? Гэта можна параўнаць з момантам, калi ўпершыню спрабуеш ступiць ў ваду i паплыць. I вось ты ўжо у вадзе, робiш першы ўзмах рукой, другi… Ты плывеш! Так i я: пачынаю нешта для сябе новае, а пасля ўцягваюся i гэта раз за разам прыносiць мне ўсё большае задавальненне. Калi мы пачыналi «Артэфакты», паставiла сабе мэту: загаварыць па‑беларуску. Мой тата ваенны, мы шмат пераязджалi ў дзяцiнстве, таму я дрэнна ведала i беларускую мову, i гiсторыю Беларусi. I вось «Артэфакты» дазволiлi мне вырашыць адразу некалькi задач: падцягнуць мову i веданне гiсторыi i досыць павандраваць па Беларусi. Бо я заўсёды шмат працавала i практычна не бачыла сваю краiну. 

— Мы заспелi вас на паўдарозе да Брэсцкай крэпасцi. Трэба меркаваць, хутка чакаць новы праект? 

— Так, ў планах зараз зрабiць цыкл фiльмаў, прысвечаных самай знакамiтай брэсцкай славутасцi. Зараз гляджу, што ўжо выходзiла на гэтую тэму, бо не хачу паўтарацца. Таму падрабязнасцей пакуль не чакайце, я толькi зандзiрую гэтую глебу.

СПРАВКА «СБ»

Алена Дамiева — загадчык сектара спецпраектаў тэлерадыёкампанii «Брэст». Аўтар i вядучая праектаў «Артэфакты», «Понять и обезвредить», а таксама цыкла фильмаў «Города Беларуси», якi прынёс ёй перамогу на Мiжнародным тэлевiзiйным фестывалi «ТЭФИ — Содружество».

leonovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter