Сведка сямi стагоддзяў

Каб   зноў   адкрыць   Iшкалдскi храм,   вернiкi   пiсалi   нават   жонцы   Брэжнева

 

 

Каб   зноў   адкрыць   Iшкалдскi храм,   вернiкi   пiсалi   нават   жонцы   Брэжнева 

Упершыню  пабываў у Iшкалдскiм Троiцкiм касцёле, што ў Баранавiцкiм раёне, у 1967 годзе. I хоць мне тады было ўсяго чатыры гады, але ўражаннi помню. Перш за ўсё здзiвiла яго велiч. Сцены касцёла паднiмалiся высока ўверх, нiбыта цягнулiся да неба, да самога Бога. Пазней даведаўся, што ён пабудаваны ў гатычным стылi, для якога гэта характэрна.   

Наша праваслаўная сям’я жыла тады ў суседняй вёсцы Барацiна. Таму больш ведаў пра храм з расказаў дарослых. А ў 1969 годзе Iшкалдскi касцёл закрылi. Адна з асноўных прычын была ў тым, што побач знаходзiлася васьмiгадовая школа. Мой бацька, саўгасны брыгадзiр, вяртаючыся з працы, распавядаў, як вывозiлi  iконы ды iншы рэлiгiйны iнвентар, як вернiкi клалiся пад машыны, каб не дапусцiць гэтага, як мiлiцыянеры адцягвалi iх... У школу я пайшоў, калi касцёл не дзейнiчаў.  Ён маўклiва стаяў на замку. Мы, малыя жэўжыкi, лазiлi вакол, спрабуючы знайсцi хоць якi-небудзь ход унутр. Але нiхто нават не паспрабаваў збiць замок... 

Прайшло шмат гадоў. Але i цяпер лаўлю сябе на думцы: што ведаю аб Iшкалдскiм касцёле, якi прэтэндуе трапiць у Спiс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА? Ды мала што. Тое, што i  ўсе мае землякi, многiя з якiх ходзяць туды малiцца. Нiхто ў школе нам не распавядаў аб iм, нi ў якiх газетах ды часопiсах раней не пiсалi. Ды i цяпер мала iнфармацыi аб iм. Касцёл, як i ўся гiсторыя нашай Бацькаў-шчыны,  захоўвае шмат таямнiц. I наўрад цi iх зведаем.   

Мястэчка Iшкалдзь з пiсьмовых крынiц вядома з XV стагоддзя. Яно знаходзiцца за пятнаццаць кiламетраў ад Мiра i за сем — ад Паланечкi. А менавiта з Койданава праз Мiр, Паланечку, Сталовiчы пралягаў шлях на Навагрудак i далей у Еўропу.  Блiзкасць да ажыўленай дарогi сведчыць аб тым, што Iшкалдзь не была ў баку ад гiстарычных падзей. Належала мястэчка вядомым беларускiм родам. Iм валодалi  Немiровiчы, Давойны, Iльiнiчы, Радзiвiлы, Вiтгенштэйны. Менавiта Мiкалай Немiровiч заснаваў тут Троiцкi касцёл. 

У Iшкалдзi многiя ўпэўнены, што ён быў пабудаваны ў 1415 годзе. У доказ прыводзiцца надпiс на падмурку: “1415”. Але гiсторыкi гэту дату абвяргаюць. Так, у тыя часы сапраўды тут узвялi храм, але потым замест яго на гэтым жа фундаменце з’явiўся  новы. Асвяцiлi касцёл, па розных крынiцах,  у 1471-м альбо ў 1472 годзе. Мiкалай Немiровiч i яго жонка Альжбета зрабiлi дараваннi храму. Аб гэтым сведчыць лiст, што захоўваецца тут. Iшкалдскi касцёл – самы даўнi каталiцкi храм у Беларусi, якi дайшоў да нашых дзён без пераробак. Ён так выглядаў знешне i пяць стагоддзяў таму назад. Сярод мясцовых жыхароў ёсць думка, што касцёл Немiровiч пабудаваў у гонар сваёй дачкi. Але гiстарычна такая гiпотэза не пацверджана. 

Архiтэктар будынка  дакладна невядомы. Аднак ёсць усе падставы сцвярджаць, што да яго прыклалi руку беларускiя майстры. У  архiтэктуры прагледжваюцца асноўныя прынцыпы цаглянай паўночна-заходняй готыкi. Храм адрознiваецца ад гатычных замежных i тым, што ён выглядае больш мякка, у iм ёсць i нямала дэкаратыўных элементаў, якiя прымяня-лiся тады на тэрыторыi сучасных Беларусi i Балтыi.  

Падзеi, звязаныя з Iшкалдскiм касцёлам, цесна пераплецены з гiсторыяй нашай Радзiмы. У пачатку шаснаццатага стагоддзя тут адбылiся дзве бiтвы з татарамi. Вораг пацярпеў паражэнне. Храм, несумненна, не раз з’яўляўся сведкам ваенных баёў. Аб гэтым гаворыць i земляное ўмацаванне, якое насыпана каля яго. Ды i сам будынак узведзены ў абарончым стылi. А ў час вайны 1654—1660 гадоў памiж Рэччу Паспалiтай i Расiяй касцёл быў пашкоджаны.  

Таксама на храме адбiўся i складаны лёс хрысцiянства ў Беларусi. Так, у другой палове ХVI стагоддзя ён быў ператвораны ў кальвiнiсцкi сабор. У 1641 годзе яго ўладальнiкамi сталi Радзiвiлы, i яны зноў вярнулi каталiцкае набажэнства. Дарэчы, у Iшкалдзi нарадзiўся i жыў Станiслаў Радзiвiл. Суседнiя Петкавiчы, як лiчаць гiсторыкi, — радзiма расiйскага першадрукара Iвана Хведаровiча (Фёдарава). На карысць гэтага прыводзяцца слушныя довады. Хочацца выказаць i такую думку ў падтрымку гiпотэзы. У тыя часы школы былi пад крылом касцёлаў i цэркваў. I ў Iшкалдзi Хведаровiч мог атрымаць добрую пачатковую адукацыю.   

Пасля падаўлення царскiмi войскамi паўстання пад кiраўнiцтвам Кастуся Калiноўскага касцёл перадалi праваслаўным i ператварылi яго ў Свята-Троiцкую царкву. Гэта рабiлася па ўсёй Беларусi, бо многiя каталiцкiя святары спачувалi паўстанцам. Паплечнiкi Калiноўскага мелi добрую падтрымку на тэрыторыi сучасных Баранавiцкага, Ляхавiцкага, Навагрудскага i Карэлiцкага раёнаў. Таму можна меркаваць, што i жыхары Iшкалдзi, i навакольных вёсак выказвалi сiмпатыi змагарам за волю. Дарэчы, на малюнку Напалеона Орды ў канцы ХIХ стагоддзя на касцёле вiдаць купал, што характэрна для праваслаўнай царквы.  

Перадача храма з адной канфесii ў другую паўплывала на касцёл. Унутры яго пераабсталявалi. Няма тут даўнiх iкон, старажытнага царкоўнага iнвентару. Але нiхто не адважыўся падняць руку, каб разбурыць будынак. 

Пасля закрыцця ў 1969 годзе касцёл адкрылi напрыканцы 70-х гадоў. Школа ў гэты час перабралася ў Петкавiчы. Але нельга не адзначыць i настойлiвасць вернiкаў. Гавораць, яны дайшлi аж да жонкi Брэжнева. Так гэта цi не, але пiсьмы ў Маскву сапраўды пiсалi. Спачатку сюды па нядзелях прыязджаў ксёндз з Паланечкi. А з 1984 года тут iдзе пастаянна служба. 

Цяперашнi ксёндз Мацей Шмытоўскi не хавае сваiх ўражанняў ад велiчнасцi храма. Яго сiламi быў наведзены парадак вакол касцёла, зроблены вiтражы, праведзены рамонт унутры будынка. 

 — Хутка адкрыю сайт у Iнтэрнеце, — расказаў карэспандэнту “Р” Мацей Шмытоўскi. – I найперш растлумачу, як даехаць да  касцёла. Турысты ў нас бываюць, але iх не так шмат. I ўсе скардзяцца, што складана дабiрацца. Хоць Iшкалдзь знаходзiцца ў пяцi кiламетрах ад мiжнароднай трасы. 

Як ужо гаварылася, Iшкалдскi касцёл прэтэндуе на ўключэнне ў  Спiс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Беларускiя тэлеканалы паказваюць ролiк, у якiм iдзе гаворка аб iм. I многiя турысты хочуць пазнаёмiцца з гiстарычным помнiкам. Але праехаць у Iшкалдзь можна толькi са старой дарогi Мiнск—Брэст.  А вось з магiстралi Е-30/М-1 нiяк не трапiш. Траса праходзiць праз вёску Петкавiчы, ля якой паставiлi высокi манумент зубра. Але з’езда ў вёску  няма. А менавiта па гэтай дарозе праязджаюць шматлiкiя турыстычныя аўтобусы. Чаму б iм не завярнуць на радзiму Iвана Хведаровiча i не пабываць у Iшкалдзi? Я размаўляў з адказнымi работнiкамi прадпрыемства “Белаўтастрада”, якое абслугоўвае магiстраль. Яны паведамiлi, што каля зубра з’явяцца аб’екты прыдарожнага сервiсу i тут плануецца кальцавая развязка. Але калi? Нiхто дакладнага адказу не ведае. 

— Цудоўна, калi можна будзе да нас праехаць з магiстралi! – заўважыў на маё паведамленне ксёндз. – А то iншы раз здаецца, што аб нашым помнiку гiсторыi i культуры больш ведаюць за мяжой, чым у Беларусi. 

Мацей Шмытоўскi, як паведамiлi карэспандэнту “Р” у Баранавiцкiм райвыканкоме, душой адданы справе. Мала таго, што ён рамантуе касцёл, дык яшчэ знаходзiць спонсараў i возiць вясковых дзяцей на аздараўленне за мяжу.  Так, сёлета адпачылi 25 школьнiкаў з  навакольных вёсак.  

 — Я прачытаў у iнвентарным спiсе, што на ўнутраных сценах касцёла захавалiся некаторыя фрэскi, праўда, не ўсе, — заўважыў ксёндз. – Вось бы рэстаўрыраваць! Вiдаць, над  фрэскамi працавалi выдатныя майстры. Але разумеем: вельмi дорага каштуе. Мы не ў сiлах зрабiць. I на дапамогу не разлiчваем. 

Iшкалдзь, як i суседнiя вёскi, старэе. Дэмаграфiчныя праблемы не абышлi i яе. У сярэдняй школе менш  чым 80 вучняў. Хаця напрыканцы 70-х гадоў столькi ж налiчвалася ў двух класах. Але вiдаць, што у многiх землякоў з’явiлася цяга да духоўнасцi. Гэта бачна i па дзейнасцi касцёла, куды прыходзяць ачысцiць свае душы, дакрануцца да боскага католiкi. А ў Петкавiчах жыхары на ўласныя грошы i ўласнымi сiламi будуюць царкву.   

Iшкалдскi касцёл  узвышаецца над вёскай i здзiўляе сваёй асаблiвай прыгажосцю. Яго не разбурылi нi час, нi войны, нi лiхалеццi. I ён быццам з’яўляецца сiмвалам стойкасцi i мужнасцi. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter