Для народного мастера Ивана Супрунчика главное условие творчества — вдохновение

«Свечка памяці» над драўлянымі скульптурамі Цераблічаў

Народны майстар Іван Супрунчык па-свойму адказвае на тры пытанні Прэзідэнта, выказаныя ім у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу 

Выцягнутая паміж старажытнымі Туравам і Давыд-Гарадком вёска Цераблічы славіцца ўнікальным народным музеем этнаграфіі і побыту палешукоў. У прасторным драўляным будынку нязвыклай для гэтых мясцін архітэктуры сабраны эксклюзіўныя сялянскія рэчы. Гадамі збіраў іх у землякоў Іван Супрунчык. Экспазіцыя незвычайнага музея багатая і на драўляныя скульптурныя работы палескага самародка. У іх адлюстраваны жыццё і традыцыі продкаў. Захоплены творчай справай, Іван Піліпавіч звычайную сякеру ператварыў у мастацкі пэндзлік і амаль паўвека нястомна стварае незабыўныя вобразы аднавяскоўцаў, аналізуе філасофію іх жыцця.


Славу сялянскаму сыну прынеслі не толькі залатыя рукі, але і цікавыя яго расповеды пра жыццё землякоў. Пра гэта сведчыць змястоўная кніга водгукаў наведвальнікаў музея, створанага Іванам Супрунчыкам чвэрць стагоддзя таму. Уклад вясковага самародка ў нацыянальную культуру адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва «За духоўнае адраджэнне» за 2000 год у намінацыі «народная творчасць» (за пластычнае ўвасабленне ў традыцыйнай разьбе па дрэве беларускіх фальклорных матываў). Палескі майстар — двойчы лаўрэат ВДНГ у Маскве і Міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску», адзначаны прэміяй Беларускага савета прафсаюзаў, удастоены звання народнага майстра Беларусі, ганаровы паляшук і ганаровы грамадзянін Столінскага раёна.

Даражыць Іван Піліпавіч асаблівым падарункам — наборам адмысловых сякер, атрыманым з рук Кіраўніка дзяржавы. Удзячны творца перадаў Прэзідэнту свае драўляныя скульптуры. Высякаць з дрэва пачаў ён у маладосці звычайнай сякерай. На пачатку для вытанчанасці сваіх твораў карыстаўся разцамі. З набыццём вопыту і ўмення адмовіўся ад іх. Пераважыла захапленне працаваць з сякерай у руках. Многія скульптуры захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі, у фондах старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі, у Брэсцкім абласным, Столінскім раённым краязнаўчых музеях. Самабытны творца папоўніў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.

Іван Піліпавіч ладзіць выставы сваіх эксклюзіўных твораў на фестывалях, плэнерах. Яго скульптурнымі кампазіцыямі аздоб­лена родная вёска Цераблічы. Пастаянна прырастае яна новымі сялянскімі сядзібамі. Амаль усе агароды ператвораны ў парнікі. Гаспадары вырошчваюць агуркі, памідоры, іншую гародніну. Зямля шчодра адплачвае за старанне. Кожны кавалачак тут апрацаваны. Няма пустуючых сядзіб. 

Непадалёку ад музея этнаграфіі і побыту ўзвышаецца новы двухпавярховы будынак дзіцячага сада — сярэдняй школы. Іван Піліпавіч часты госць у навучэнцаў. Да выхаду на песнію настаўнічала яго жонка Марыя Іванаўна. У палескую глыбінку прыехала яна па размеркаванні пасля заканчэння Пінскага педвучылішча. Выйшла замуж і засталася тут назаўсёды. Завочна закончыла Брэсцкі педінстытут імя Пушкіна. За дзесяцігоддзі працы праз яе рукі прайшло некалькі вясковых пакаленняў. І на заслужаным адпачынку яна не сядзела склаўшы рукі. Упраўлялася на падворку (карова, свінні, куры, вялікі агарод) і знаходзіла час для дапамогі мужу прымаць у музеі наведвальнікаў. Гасцей кранала яе інтэлігентнасць. Цяжкім болеем адгукнулася ў сэрцы Івана Піліпавіча страта жонкі. Як кажуць: гора адно не ходзіць. Летась ад кавіда заўчасна не стала дачкі Валянціны. Як і маці, яна таксама была педагогам.

Маці Аксіння Сцяпанаўна і Іван СУПРУНЧЫКІ.
— Каб заглушыць боль страты, адпраўляюся ў лес, — змахвае набеглую слязу Іван Супрунчык. — Крочу сярод знаёмых векавых дубоў і сосен і спакайней на душы становіцца. Наш лес пачынаецца адразу за рачулкай Моствай. Там вякамі жылі мае продкі, хлеб вырошчвалі, жывёлу гадавалі. У сярэдзіне мінулага стагоддзя пры стварэнні ваеннага палігона лю­дзей выселілі. Некалькі сем'яў атабарылася і ў нашай вёсцы. Пасля закрыцця палігона на дзясяткі кіламетраў парос густы лес. Столькі ў ім таямнічасці і велічы! У любы час года лес зачароўвае: дрэвы нібыта перашэптваюцца паміж сабою. Гэтыя гукі не кожны ўмее пачуць.

— А як выбіраеце дрэвы для стварэння будучых скульптур? 

— Вышукваю такія, што аджылі свой век. Звычайна пад задуманую ідэю падбіраю адпаведны матэрыял. На жывое дрэва рука не падымаецца з сякерай. Калі не стала маці, днямі па лесе хадзіў, прыглядаўся, каб знайсці дрэва для надмагільнага крыжа. І трапіў да патрэбнага мне варыянту. Спілаваў дрэва, прывез дамоў і стаў сякерай апрацоўваць яго. Увасобіў вобраз маці з крыжам за плячыма. Праз усё жыццё ёй давялося несці нялёгкі крыж. Пры родах памерла маці яе. Народжаную дзяўчынку выхоўвалі сваякі. У пятнаццаць гадоў сіраце сасваталі жаніха з вялікага сялянскага роду Стральцоў. У нашай вёсцы дванаццаць радаводаў. Мае карані вядуць да аднаго з іх. Наведвальнікаў музея вітаюць скульптурныя кампазіцыі, якія прадстаўляюць кожны церабліцкі род. 

У майго дзеда Фядота было 18 дзяцей. Самы малодшы ў сям'і — мой бацька Піліп. Яго і пасваталі да пятнаццацігадовай сіраты Аксінні. Да жаніцьбы яна нарачонага не бачыла. Толькі чула, што ён умелы цясляр. Па вёсках будаваў людзям хаты. Быў і здольным музыкам. Сам змайстраваў скрыпку. На ёй іграў на вяселлях. Шмат іншага пра бацьку чуў ад маці. Колькі давялося ёй перажыць, калі ў час нямецка-фашысцкай акупацыі гітлераўцы прымусілі бацьку цягнуць на сабе барану па мінным полі. Здранцвелая маці стаяла з чатырма дзецьмі, гледзячы на гэтыя здзекі. Дзякуй Богу ўсё абышлося. 

У нашых навакольных лясных гушчарах, акружаных балотамі, дзейнічалі партызаны. Пасля вызвалення мясцін ад ворагаў, бацька з іншымі аднавяскоўцамі пайшоў на фронт. Захоўваю яго ваенную фотакартку, што прыслаў у пісьме з фронту. А потым нам прыйшла пахаванка. Загінуў бацька пры вызваленні Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і пахаваны ў брацкай магіле польскага горада Зялёна Гура. Увекавечыў бацьку ў драўлянай скульптуры: ён з салдацкай пілоткай і з зорачкай над галавой. Дапаўняе кампазіцыю драўляны слуп з узноўленай скрыпкай і пахаванкай, на якой выбіты тэкст «Супрунчык Піліп Фядотавіч, радавы 224 стралковага палка 162-й стралковай дывізіі загінуў 23.10. 1944…» У гэты дзень мне споўнілася два гады. Усталяваў гэты мемарыял каля свайго падворка. Тут бацька перад адпраўкай на фронт развітваўся з намі. Вайна асіраціла многія церабліцкія сем'і. У мяне з'явілася ідэя ўвекавечыць аднавяскоўцаў, што не вярнуліся з вайны. 

— Землякі вас падтрымалі?

— Пра маю задумку даведаўся былы кіраўнік калгаса Іван Сямёнавіч Гваздзюкевіч. Ён сам прайшоў франтавымі шляхамі ад першага да апошняга дня вайны. З ваеннага парада на Краснай плошчы ў Маскве 7 лістапада 1941 года адправіўся змагацца з ворагам. У мірны час узначаліў гаспадарку. Парадны касцюм яго ўпрыгожвалі баявыя і працоўныя ордэны і медалі. Іван Сямёнавіч падтрымаў ідэю ўвекавечвання памяці вяскоўцаў, што загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі. 

У Цераблічы за ваеннае ліхалецце прый­шла 41 пахаванка. З падтрымкай калгаснага старшыні талакой усталёўвалі ў вёсцы перад сядзібамі загінуўшых драўляныя скульптуры. Як і мой бацька, загінулі ў баях з фашыстамі каля польскага горада Зялёна Гура з сям'і Шпакевічаў браты Кастусь, Яўхім і Васіль. У мемарыяльнай кампазіцыі іх твары выходзяць з аднаго суцэльнага слупа. А побач — скульптура маці, якая навечна застыла ў чаканні сыноў. Пад Кёнігсбергам застаўся ляжаць у зямлі самы дужы ў нашай даваеннай вёсцы Пётр Наскевіч. Яго сваяк Іван Наскевіч, які ведаў некалькі замежных моў, загінуў на латвійскай зямлі. Іх вобразы ўвасобіў у скульптурныя кампазіцыі. Адну з іх, якую назваў «Асвенцым», прысвяціў загінуўшаму ў гэтым канцэнтрацыйным лагеры свайму дзядзьку Раману Кірыловічу. Лічу, што ўдалай выдалася кампазіцыя «Свечка памяці». Зараз займаюся рэстаўрацыяй драўляных скульптур гэтага комплекса . 

Святыняй нашай вёскі стаў абноўлены мемарыял “Надзея”. На гранітных плітах выбіты імёны загінуўшых на вайне франтавікоў з Церабліч і з суседніх вёсак былых Храпуньскага і Мярлінскага сельсаветаў. 

Сёння, калі ў свеце пануе моцнае напружанне, варта кожнаму задумацца, якою цаною даліся мірныя гады. Пасляваеннаму пакаленню пашчасціла амаль восем дзесяцігоддзяў жыць пад светлым небам. Калі глядзеў па тэлебачанні пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, запала ў сэрца, што кожны з нас павінен асэнсаваць і адказаць на тры асноўныя пытанні: на кану стаіць спакой, суверэнітэт і далейшае развіццё. Глыбокі сэнс тут закладзены. 

— Іван Піліпавіч, якія творчыя планы ў вас у Год гістарычнай памяці?

— Ён для мяне яшчэ і юбілейны. Рыхтуюся да свайго 80-годдзя. Больш вабіць філасофская тэма сэнсу жыцця чалавека. Ад рана аўдавелай маці праз яе расповеды пра наш радавод атрымаў неацэнны скарб гістарычнай памяці аб зямлі, на якой нарадзіўся, і пакаленнях людзей, якія тут жылі.

За нашай вёскай ва ўрочышчы Кашэўскае Падрадунне шырока раскінуў галлё сямісотгадовы дуб-велікан. Сведкай многіх гістарычных падзей ён быў. З пакалення ў пакаленне мае землякі шанавалі дрэва. Аднойчы дзевяностагадовы аднавясковец Фёдар Іванавіч Шпакевіч папрасіў сыноў адвезці развітацца з дубам. Сыны прывезлі бацьку ва ўрочышча. Стары падыйшоў да волата і на каленях прамовіў: «Дубе, табе тут надалей стаяць, новыя пакаленні вітаць. А мне больш цябе не відаць». Праз два тыдні селянін адыйшоў у вечнасць. Глыбокі сэнс закладзены ў гэтай на першы погляд нязначнай падзеі: гісторыю свайго краю, традыцыі і звычаі трэба ведаць і шанаваць, перадаваць нашчадкам. Увогуле пастаянна збіраю паданні, легенды і сказы. Запісваю ад бабуль, дзядоў, як магу. Калі пачуў пра развітанне з дубам, доўга выношваў ідэю ўвасаблення яе ў графічную кампазіцыю. Склалася яна ў мяне з некалькіх графічных накідаў. Яны адлюстроўваюць важнасць гістарычнай памяці. Высока ўзвышаецца сонца і ў нябесную вышыню ўздымаюцца ператвораныя ў белых буслоў душы людзей. На другой кампазіцыі побач з дрэвам немаладых гадоў чалавек, а з неба, як працяг чалавечага роду, апускаецца немаўля з парасткам маладога дрэўца ў руках. Пакуль што ўсё гэта адлюстравана ў графіцы. Яшчэ канчаткова не вырашыў, як гэту ідэю найлепей увасобіць у драўлянай скульптуры. У абвешчаны Год гістарычнай памяці настроены здзейсніць задуманую мару. 

Сёлета плануецца юбілейная выстава маіх работ. Аналізую перажытае і на аснове гэтага выношваю ідэю дадзенага мерапрыемства.

Мемарыял братам –франтавікам Кастусю, Яўхіму і Васілю Шпакевічам.
— За гады творчай дзейнасці дзе ладзіліся выставы вашых твораў?

— Першая значная выстава была ў Маскве яшчэ ў савецкія часы. Вельмі хваляваўся, як прымуць маю творчасць. Усё прайшло цудоўна. Атрымаў залаты медаль ВДНГ. Потым былі выставы ў Століне, Пінску, Брэсце, Мінску, Кіеве, Галандыі і Польшчы. Да кожнай з іх заўжды старанна рыхтуюся. З малых гадоў у мяне цікавасць да гісторыі і этнаграфіі. Потым гэта перарасло ў зборы і калекцыю розных прадметаў: ад археалагічных помнікаў да сялянскага побыту. Усё гэта знайшло прытулак у бібліятэцы, якой я шмат часу загадваў. Чвэрць стагоддзя таму першых наведвальнікаў прыняў наш вясковы музей. Круглы год да нас едуць наведвальнікі не толькі з Беларусі, але і замежныя аматары гісторыі. 

— У шыкоўным ілюстраваным вашымі творамі альбоме «Палескія былі ў творах Івана Супрунчыка», выдадзеным дзесяць гадоў таму, занатавана шчырае прызнанне, што яшчэ сябе не выразілі ні ў чым». А ў свой юбілейны год, калі самы час падводзіць вынік творчай дзейнасці, можна абвергнуць гэтае выказванне? 

— Буду чэсным перад самім сабою і скажу, што чалавек да сваіх апошніх дзён не можа спыніцца. Нельга сябе перамагчы ні ў чым. Колькі мне адмерана жыць, столькі я неразлучны са сваёй справай. Сякерай махаць з-за пляча не так і проста, дрэва само падказвае, што рабіць. Важна яшчэ і натхненне. У Год гістарычнай памяці прыкладу больш намаганняў, каб плённым выдаўся ён у маёй творчасці.

— Дзякуй, Іван Піліпавіч, за шчырую размову. Творчага вам даўгалецця!

subbat50@mail.ru

Фота аўтара і з архіва І. П. Супрунчыка.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter