О доме Якуба Коласа в Пинске

Сваё каханне Колас сустрэў у Пiнску

Калі прыязджаеш у Пінск напярэдадні Новага года, адразу адчуваеш святочную атмасферу
Калі прыязджаеш у Пінск напярэдадні Новага года, адразу адчуваеш святочную атмасферу. Вакзал заўсёды ўпрыгожаны ялінкай, у кіёсках на станцыі без перашкод адшукаеш падарункі, ды і ў паветры лунае прыемнае пачуццё ўсхваляванасці перад навагоднім цудам. Дарэчы, тры высокія яліны відаць і з-за бліжэйшых дамоў.

Свае каханне колас - 2.jpg

І хоць іх ніколі не ўпрыгожваюць, яны сведкі Новага года, які святкавалі тут роўна стагоддзе таму. Таго года, які стаў апошнім у Пінску для Якуба Коласа, яго жонкі Марыі Каменскай і іх двухгадовага сына Данілы.

Тыя яліны і сёння можна пабачыць непадалёк ад пінскага вакзала. Усяго дзесяць хвілін — і ты паварочваеш на вуліцу Івана Чуклая, былую Водаправодную. З-за іх бачны доўгі і вузкі стагадовы дом. На сцяне каля ўвахода злева вісяць адразу дзве шыльды. Першая паведамляе, што гэты дом уключаны ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Другая тлумачыць чаму: менавіта тут з 1912 па 1915 год жыў пісьменнік Якуб Колас.

Пасля званка ў дзверы на ганак выходзіць цяперашні гаспадар дома. Гэта здаецца неверагодным, але, тым не менш, праўда. Хоць Аляксандр Старадуб мае да сям’і Коласа ўскоснае дачыненне, рысы яго твару вельмі нагадваюць аблічча пісьменніка. Той жа велікаваты нос, тыя ж масіўныя дугі броваў, тыя ж акуратныя вусы. Не ведаю, ці курыў Якуб Колас, але Аляксандр Іванавіч дастае цыгарэту і смачна зацягваецца. Відаць, ранні візіт для гаспадара несвоечасовы, і я прашу прабачэння. Мы маўчым яшчэ некалькі хвілін, а потым мужчына нарэшце пачынае расказ. Сцэна выглядае так, нібыта стомлены пясняр выйшаў адпачыць у перапынку паміж напісаннем твора…

Як высветлілася, Аляксандр Старадуб — праўнук Арсеня Балевіча, першага гаспадара гэтага дома. З канца XIX стагоддзя Арсень Аляксандравіч быў афіцэрам царскай арміі. Пасля працаваў фельчарам у Галоўных майстэрнях Палескай чыгункі ў Пінску. У апошнія гады пазамінулага стагоддзя царскія ўлады выдзелілі яму ўчастак зямлі непадалёк ад станцыі, дзе медык у 1900 годзе і пабудаваў сабе дом.

Свае каханне колас.jpg

Планіроўка яго, што цікава, захавалася некранутай да сённяшняга дня. Палова, што выходзіць вокнамі на двор, — гаспадарская. З вокнамі на вуліцу — для кватарантаў. Вядома, тут няма ўжо той вытанчанай мэблі, інтэр’еры сучасныя, а дом мае ўсе плюсы гарадскога жылля. Аляксандр Старадуб узгадвае словы свайго дзеда: тады жылося не так добра. Таму, калі сітуацыя з грашыма напярэдадні Першай сусветнай стала зусім цяжкай, прадзед вырашыў здаваць палову дома. І так сталася, што першымі жыльцамі сталі дзве дзяўчыны-настаўніцы, у тым ліку Марыя Каменская. Сяброўкі здымалі два пакоі і выкладалі ў Пінскім вучылішчы.

Ніхто не ведаў, што так здарыцца, але неўзабаве Марыя Дзмітрыеўна папрасіла каляжанку аб высяленні. Не, дзяўчаты не пасварыліся. Прычына такой просьбы, наадварот, была куды больш радасная: Марыя вырашыла выйсці замуж за Канстанціна Міцкевіча, настаўніка 3-га прыходскага вучылішча ў Пінску.

Маладыя людзі сустракаліся амаль год. Марыя Дзмітрыеўна па-ранейшаму працавала ў Пінску. Канстанцін Міхайлавіч выкладаў у прыходскім вучылішчы, яно знаходзілася непадалёк ад чыгуначнай станцыі. Дзед расказваў Аляксандру Старадубу, што праца не перашкаджала стасункам Якуба Коласа і ягонай нявесты. Наадварот, ён часта прыходзіў да яе ў госці. І гэтыя візіты былі жаданай падзеяй не толькі для будучай жонкі пісьменніка. Любіў прымаць Якуба Коласа і сам прадзед Арсень Аляксандравіч. Аляксандр Старадуб падміргвае: маўляў, адукаваным людзям заўжды ёсць пра што пагутарыць. Вось яны і праводзілі доўгія вечары ў гасцінай Балевічаў. Пілі бясконца чай, вялі доўгія гутаркі, гадзінамі спрачаліся. Аляксандр Старадуб ківае на пусты сёння ўчастак: улетку фельчар і пісьменнік бавілі час ва ўтульнай альтанцы. Але цяпер, шкадуе сённяшні гаспадар дома на вуліцы Івана Чуклая, не засталося сведкаў тых сустрэч.

Як пазней раскажа старшы навуковы супрацоўнік Музея беларускага Палесся ў Пінску Святлана Цалімава, адна рэч з тых часоў засталася. Гаворка ідзе пра невялікую вытанчаную кушэтку. Прадмет мэблі сёння захоўваецца ў экспазіцыі, раней ён належаў Арсеню Балевічу. Менавіта гэтая кушэтка стаяла ў гасцінай, куды кватарантаў часцяком запрашалі на чай. І гэта сапраўдны цуд, не перастае здзіўляцца Святлана Пятроўна, што яна ўвогуле захавалася. Бо ў Першую сусветную вайну кушэтка падарожнічала чыгункай разам з Арсенем Балевічам у вагоне, які тады быў адзіным жыллём фельчара. Пашанцавала мэблі і ў другі раз, калі ў 1985 годзе таленавіты майстар Георгій Данілаў з мясцовага камбіната бытавога абслугоўвання абнавіў кушэтку, замяніў абіўку і пакрыў дрэва новым лакам.

Аляксандр Старадуб дакурвае цыгарэту, і наша гутарка на ганку працягваецца. Яго дзед узгадваў, што маладыя доўга вагаліся, дзе пачаць сумеснае жыццё. Але нарэшце спынілі выбар на тым самым дамку на Водаправоднай. У чэрвені 1913-га яны афіцыйна па-браліся шлюбам, а павянчаліся ў гарадской царкве Святой Варвары. Пасля вяселля маладыя наведалі сваякоў Марыі Каменскай у прыгарадзе Вільні. Там жа Якуб Колас сустракаецца з Янкам Купалам, які працуе ў «Нашай ніве». А пасля дамаўляецца з выдаўцамі аб выпуску зборніка сваіх апавяданняў.

Прыкладна праз два гады, якія мінулі з дня знаёмства Міцкевіча і Каменскай, у адным з пакояў, дзе цяпер жыве сям’я Старадубаў, нарадзіўся іх першы сын Даніла. Аляксандр Іванавіч узгадвае, што ў Пінск ён вяртаўся шмат разоў і вельмі любіў сустракацца з тымі, хто «гаспадарыў» для яго бацькі.

А вось сам пісьменнік, шкадуе пінчук, у гэтым доме пасля мабілізацыі ў 1915-м ані разу не з’явіўся. Мужчына задумваецца: напэўна, на тое свае прычыны. І хоць сам Якуб Колас не выходзіў на сувязь пасля ад’езду ў Мінск, аднойчы прадзед Арсень Аляксандравіч нават пісаў хадайніцтва на імя пісьменніка. Напачатку Вялікай Айчыннай фельчар спрыяў таму, каб маладых беларусаў не адпраўлялі ў Германію. Але савецкія ўлады расцанілі гэта як супрацоўніцтва з акупантамі і адправілі Арсеня Балевіча ў ссылку. Ад Якуба Коласа ж тады ён атрымаў адзін кароткі адказ: «Нічым дапамагчы, на жаль, не магу». Відаць, сам тады быў у апале, гаворыць Аляксандр Старадуб і дадае: пра крыўду не можа быць і гаворкі. Досыць таго, што Даніла Канстанцінавіч не забываў пра пінскі перыяд жыцця свайго бацькі.

Дарэчы, менавіта ён прапаноўваў стварыць тут музей памяці Якуба Коласа. Але ў гутарках з сынам пісьменніка, прызнаецца Аляксандр Старадуб, ён заўсёды далікатна даваў зразумець: калі ў гэтым доме жыве ўжо сёмае пакаленне Балевічаў, то няхай яны застаюцца тут і надалей. Вядома, гаворка ідзе пра памяць аб вялікім песняры Беларусі. Але калі яна жывая, то ў тысячу разоў больш дзейсная, чым самая цікавая музейная экспазіцыя. Ну а самі Балевічы няхай клапоцяцца пра яе захаванне. У гэтым сумненняў няма ўжо цяпер.

artem.kirjanov@gmail.com
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter