У год 90-годдзя беларускага кіно пачынае сваю работу XXI Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”

Сваякі братоў люм’ер

Заўтра на вуліцы кінаманаў вялікае свята. У год 90-годдзя беларускага кіно пачынае сваю работу XXI Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”.

І перад намі зноў паўстаюць адны і тыя ж прыцягнутыя за вушы пытанні: класа “А” гэты фестываль ці ўсё ж такі класа “В”? І калі класа “В”, то калі ён стане класа “А”? І не разумеем мы, ёлупні, што ўсе адказы знаходзяцца ў нас саміх: якім самі будзем лічыць фестываль, такім ён і будзе. Таму што гэта наша свята і гаспадары тут мы. І ці варта паўбюджэту форума траціць на якую-небудзь зорку, якая прыедзе да нас на адзін вечар, каб пачаставацца крамбамбуляй і пасля банкету паваліцца ў басейн, — не ведаю.
    
Можа, лепш проста паглядзець новае кіно з добрым настроем і ва ўтульнай кампаніі? Напрыклад, драму “Я не вярнуся” Ільмара Раага, якая будзе фільмам цырымоніі адкрыцця, скандальнае ўкраінскае “Племя”, якое ўжо атрымала шэраг прызоў у Еўропе (дарэчы, у адной з роляў знялася беларуска Яна Новікава з Гомеля). Ці стужку Міхаіла Сегала “Кіно пра Аляксеева” з Аляксандрам Збруевым, драму “Дурань” Юрыя Быкава. А мо сустрэцца 8 лістапада ў кінатэатры “Кастрычнік” са Станіславам Гаварухіным і паглядзець яго Weekend — вольны рэмэйк “Ліфта на эшафот” Луі Маля...

Увогуле 160 стужак з 50 краін — не хухры-мухры. А акцэнт гэтага года менавіта на кінематаграфіі постсавецкіх краін, думаю, будзе зразумелым самаму шырокаму колу гледачоў.

Якія з’явіліся новаўвядзенні? Фестываль памяняў пляцоўку — галоўнай, акрамя іншых мінскіх кінатэатраў, стала адрамантаваная і ўтульная “Масква”. У праграме “Лістападу” з’явіўся новы конкурс — нацыянальнага кіно, у якім прымуць удзел толькі беларускія стужкі. Наша краіна прадстаўлена 40 фільмамі — мастацкімі, дакументальнымі і анімацыйнымі.

У гэтым тэматычным выпуску мы засяродзілі ўвагу не толькі на фестывалі, але і на актуальных пытаннях сучаснага кіно. Ці здолеюць аўтары прадухіліць прадзюсарскі дыктат? Ці не падобнае да дурнога густу так званае новае народнае кіно? Што знаходзіцца ў рэжысёрскіх партфелях вядучых кінематаграфістаў краіны? Два такія розныя акцерскія полюсы — народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук і заслужаны артыст Мардовіі, зорка серыяла “Вароніны” Станіслаў Дужнікоў — падрабязна раскажуць пра свой падыход да прафессіі і акцёрскія комплексы.

Што ж, наперад! Усе мы ў гэтыя дні можам адчуць сябе паўнавартаснымі сваякамі братоў Люм’ер.

pepel@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter