Свая Варшава ў Навагрудку.

Што дапамагае беларускім палякам жыць у міры і згодзе.

Што дапамагае беларускім палякам жыць у міры і згодзе.

Гісторыкі сцвярджаюць, што польская народнасць пачала складвацца ў перыяд фарміравання раннефеадальнай польскай дзяржавы ў ІХ—ХІ стагоддзях. Этнонім “палякі” з’явіўся ў ХІ стагоддзі. Пасля Люблінскай уніі 1569 года, калі беларускія землі разам з іншымі землямі Вялікага Княства Літоўскага ўвайшлі ў Рэч Паспалітую, польскі этнакультурны ўплыў у Беларусі ўзмацніўся. Менавіта ў гэты час прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў і шляхты пачалі прымаць каталіцкую веру або ўніяцтва, разам з пераменай веры мяняючы этнічнае самавызначэнне.

Паводле апошняга перапісу, у краіне жывуць 294 549 палякаў. Большасць з іх пражывае ў заходніх абласцях краіны. Каб на ўласныя вочы ўпэўніцца ў еднасці беларускай і польскай культур, карэспандэнт “НГ” накіравалася да палякаў Навагрудчыны.

“Паляк заўсёды зразумее беларускую мову, — упэўнена старшыня Саюза палякаў на Беларусі Ядвіга Лысая. — Наша задача — захоўваць традыцыі, якія засталіся нам у спадчыну ад дзядоў і прадзедаў. Штогод праводзім калядныя сустрэчы. Больш за сотню чалавек збіраецца на нашы вячоркі. Песні спяваем на польскай і беларускай мовах. На Вялікдзень праводзім конкурс яек-пісанак. Асабліва нашым замежным сябрам падабаецца свята вёскі Дубровіца, дзе кампактна пражываюць палякі. Таму гэту вёску мясцовыя жыхары між сабой некалі называлі Варшавай. Не застаюцца па-за святам і беларусы. З гэтым у нас паразуменне. У час каталіцкага свята ніводзін праваслаўны не будзе секчы дровы або гной з хлява вывозіць. І наадварот, калі беларусы святкуюць, мы таксама да іх далучаемся”.

Палякі Навагрудчыны шануюць гісторыю роднага краю. Ладзячы такія фестывалі песні, як “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў”, папулярызуюць польскую і беларускую песню. Палякі, беларусы і літоўцы не толькі з нашай краіны, але і блізкага замежжа, збіраюцца на свята, каб сваю творчасць прадэманстраваць і нешта карыснае для сябе пачарпнуць.

Ядвіга Станіславаўна з гонарам расказвае пра тое, што многія дзяржаўныя і культурныя дзеячы Беларусі ў XVI—XIX стагоддзях былі палякамі. Сярод іх найбольш вядомыя Кішкі, Патоцкія, Сапегі, Хадкевічы, Ваньковічы, Агінскія. Беларускімі палякамі былі Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, якія зрабілі вялікі ўклад у развіццё беларускай літаратуры. Пра гэта палякі Навагрудчыны імкнуцца расказаць кожнаму, хто завітвае на іх традыцыйныя раённыя святы з замежжа. А гэта і свята польскай паэзіі, якое ладзіцца штогод у Доме-музеі Адама Міцкевіча. Дарэчы, летась у ім перамаглі Аляксандр Сіневіч і Марк Лысы. Іх вершы прагучаць на свяце ў Гродне. Парадуюць сваімі выступленнямі фальклорныя калектывы “Навагрудскія крэсавянкі” і “Свіцязянка”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter