Свая хатка, як родная матка

Падчас перасялення ў новую хату можна “запраграмаваць” жыццё ў ёй. У папярэднiх артыкулах мы пастаянна звярталi ўвагу на тое, што будаўнiцтва хаты нагадвала самы сакральны акт першатварэння свету. Разам з тым гэтую аналогiю неабходна працягваць i надалей, таму што i асваенне новай жыллёвай прасторы адбывалася ў адпаведнасцi з бiблейскай гiсторыяй “ажыўлення” новастворанага свету.

З’яўленню на Зямлi чалавека папярэднiчала стварэнне розных вiдаў жывёл. Вiдаць, менавiта таму i асваенне новага жылля таксама доўжылася сем дзён. Спачатку на адну ноч у хату пускалi пеўня, затым гусь або кошку, парася, авечку, карову, каня i толькi на сёмы дзень у хату перасялялася сям’я гаспадароў. Навукоўцы падкрэслiваюць адну цiкавую дэталь: паслядоўнасць начавання хатнiх жывёл цалкам паўтарала паэтапнае ахвяраванне новай будынiне (памятаеце: пад парог новай хаты закопвалi пеўня) i завяршэнне будаўнiцтва ўмацаваннем “канька”. Пры гэтым захоўвалася логiка ўзрастаючай важнасцi прадстаўнiкоў жывёльнага свету для вядзення вясковай гаспадаркi.
Тут жа хацелася б звярнуць увагу яшчэ на адну акалiчнасць. Як пачатак узвядзення жытла, так i асваенне хаты мела сiмвалiчную прывязку да каляндарнага часу. Лiчылася, што на працягу года ёсць “шчаслiвыя” i “нешчаслiвыя” днi для рэалiзацыi гэтай iдэi. Так, калi пачатак будаўнiцтва хаты прымяркоўвалi да часу памiж Вялiкаднем i Тройцай (“Без Троiцы дом не строiцца”), то засяленне ў пабудаваны дом часцей за ўсё суадносiлi з днём 14 верасня (ушанаванне святога Сямёна) або 4 снежня — у дзень Увядзення Багародзiцы ў храм. Пры гэтым зноў жа ўлiчвалi фазу Месяца — найбольш спрыяльным лiчыўся час ад маладзiка да поўнi, каб у хаце заўсёды быў дастатак i дабрабыт.
У асяроддзi славянскiх народаў было распаўсюджана павер’е аб тым, што новабудоўля абавязкова запатрабуе ахвяру. Натуральна, што ў такiм разе старыя людзi не вельмi хацелi перасяляцца ў новую хату, бо баялiся хуткай смерцi. Вiдаць, зусiм невыпадкова першымi ў хату пускалi кошку або пеўня. У гэтым бачылася дваiстая выгада: няхай нячыстая сiла забiрае сабе кошку (гэтыя ўяўленнi абапiралiся на прынцып: хто першы заходзiць, той i будзе прынесены ў ахвяру), аднак кошка заўсёды знойдзе паразуменне з нячысцiкамi — у такiм разе жывымi застануцца i гаспадар, i кошка. На падворак першым запускалi пеўня. Па павер’ях, кошка першай сустракала гаспадара на “тым” свеце, а певень заўсёды быў гаспадаром на падворку — без яго i скацiна не вялася, i карова не даiлася i г.д.
Пераход у новую хату — рытуал складаны i шматаспектны. З аднаго боку, ён быў скiраваны на тое, каб “закруглiць” жыццё ў старой хаце, а з другога — каб перадаць эстафету шчаслiвай долi новаму жытлу. Вось гэта людская мара i прадвызначала характар асноўных абрадавых дзеянняў гаспадароў новабудоўлi. А ў сценах старой хаты адвечная iдэя паляпшэння дабрабыту ўвасаблялася ў асаблiвай пашане да трох асноўных аб’ектаў космасу сялянскага жытла: печы (сiмвалу нязгаснасцi жыцця), дзяжы (сiмвалу сямейнага дастатку) i чырвонага кута (сферы духоўнага аб’яднання дамачадцаў).
Перад тым як з’ехаць на новае месца, у старой хаце старанна прыбiралi, там нельга было нiчога пакiдаць пасля сябе. У новую хату пераносiлi мэблю, посуд, адзенне, аднак не бралi з сабой тыя рэчы, якiя ў старой хаце выкарыстоўвалiся ў пахавальным абрадзе. У тым выпадку, калi ў старой хаце добра жылося, ладзiлася, то ў новую бралi з сабой нават крыху смецця з падлогi.
Аднак асноўная ўвага была скiравана на тое, каб перадаць новаму жытлу спор, плён, дабрабыт, долю. З гэтай нагоды сям’я павiнна была выканаць тры найбольш адказныя рытуалы. Па-першае, перадаць эстафету агню. Гаспадар браў гаршчок, нагортваў у яго са старой печы некалькi гарачых вугельчыкаў, раздзiмаў iх i так пераносiў у новую хату. Увайшоўшы ў новую будынiну, гаспадар абносiў каля ўсiх сцен, кланяўся кожнаму куту, а затым ставiў гаршчок на прыпечак i запальваў дровы ў новай печы. Тым часам гаспадыня прыносiла вядро вады i ставiла яе ў печ у вялiкiм гаршку. Як толькi вада злецiцца, гаспадыня вылiвала яе ў вядро i старалася памыць падлогу (ад чырвонага кута да парога) яшчэ да таго часу, пакуль чужы чалавек зойдзе ў хату.
Аднак самай высокай ступенню святасцi быў надзелены сам момант пераходу гаспадароў. Якраз ён i павiнен быў прадвызначаць шчаслiвую долю сям’i, яе захаванасць на доўгi век, згуртаванасць i гармонiю суiснавання, таму па сутнасцi сваёй абрад улазiн нагадваў пачатак вясельнага застолля, калi маладыя вярталiся з храма i першы раз заходзiлi за стол. Бацька перавязваў рукi маладых i парай вёў iх да чырвонага кута. Тое ж самае было i падчас улазiн. У розных мясцiнах Беларусi абрад меў некаторыя адметнасцi, аднак iх аб’ядноўвала адна iдэя: запраграмаваць адзiнства сям’i. Таму часцей за ўсё першым на парозе станавiўся гаспадар, трымаючы ў руках новы саматканы ручнiк, за якi па ўзросце бралiся ўсе астатнiя члены сям’i, i бацька быццам бы “ўцягваў”-уводзiў сям’ю ў прастору новага жытла. Пры гэтам мацi трымала ў руках родавы абраз або тую iкону, якую бацькам падарылi на вяселлi падчас вянчання ў храме.
Калi ў новы дом засялялася сям’я, у якой не было дзяцей, то першай пасля “рытуальных” жывёл прасiлi зайсцi цяжарную жанчыну, каб у новай хаце нараджалiся дзецi. Калi ў хату засялялася сям’я пчаляра, то, перад тым як зайсцi, гаспадар мазаў мёдам усе чатыры вуглы хаты: “каб жыццё было салодкае”.
Святочнае застолле спраўлялi ўрачыста, як вяселле. Накрывалi багаты стол, запрашалi сваякоў i суседзяў, найбольш пажаданымi гасцямi былi цесляры i печнiкi. Кожны з запрошаных гасцей прыходзiў на ўлазiны з падарункам, людзi жадалi шчаслiвага i спрыяльнага ва ўсiм жыцця ў новай хаце.
Абжыванне новай хаты i “ўжыўленне” ў яе прастору доўжылася на працягу ўсяго першага года жыцця, аднак найбольш адказнымi лiчылiся першыя 7—9 дзён, на працягу якiх гаспадар чытаў малiтвы, звернутыя да тых святых, якiя з’яўлялiся ахоўнiкамi жытла, прамаўляў спецыяльныя магiчныя замоўныя формулы: “Хата, камната, на ўсё штоб была багата i на людзей здарова. Хата, камната, на ўсё штоб была багата i на людзей здарова”.
Важнай складовай асваення жыллёвай прасторы хаты было цэласнае аднаўленне складанай сiстэмы абярэгаў, якiя назапашвалiся ў чырвоным куце хаты на працягу ўсяго каляндарнага года: грамнiчныя свечкi, галiнкi асвячонай вярбы, велiкоднае яйка, чацвярговая соль, дажынкавы сноп-гаспадар, галiнка рабiны, замоўленай у дзень Раства Багародзiцы — 21 верасня. Аднак пры ўсiм тым хата лiчылася цалкам асвоенай толькi тады, калi ў ёй спраўлялi першае вяселле i памiраў хто-небудзь з дамачадцаў.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter