Лішак у арганізме актыўных форм кіслароду — АФК, здольны пашкоджваць клеткі, тканкі і стаць прычынай шматлікіх хвароб

Свабодныя радыкалы раскрываюць таямніцы

Лішак у арганізме актыўных форм кіслароду — АФК, які вядзе да ўтварэння свабодных радыкалаў, здольны пашкоджваць клеткі, тканкі і стаць прычынай шматлікіх хвароб: ад хранічных артрытаў, хвароб Альцгеймера і Паркінсона да раку печані і лёгкіх. Але гэтую сітуацыю можна прадухіліць. Наталля Бізунок, доктар медыцынскіх навук, загадчыца кафедры фармакалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэту, не адзін год шукала спосаб кіравання работай ферменту, адказнага за ўтварэнне АФК. І ён знайшоўся. У выніку была створана цэлая лінейка лекавых прэпаратаў, якія рэгулююць гэты працэс. Аднак навуковая праца дала яшчэ адзін нечаканы, важны вынік, які закрыў белую пляму ў фармакалогіі: тэорыю, якая дазваляе загадзя пралічыць, як іменна будзе нарастаць эфект пры павелічэнні дозы лякарства.

 

Пасля яе публікацыі ў міжнародным рэцэнзуемым навуковым часопісе Open Journal of Clinical Diagnostics Наталлі Бізунок, поспехі якой сёлета адзначаныя прэзідэнцкай стыпендыяй для таленавітых маладых навукоўцаў, прапанавалі заняць пасаду галоўнага рэдактара гэтага выдання.

Адзін час лічылася, што ўтварэнне актыўных форм кіслароду — з’ява заўсёды негатыўная, якая нясе толькі шкоду, і яе трэба падаўляць чым больш, тым лепш. Але цяпер уяўленні пра гэта моцна змяніліся. “Дакладна ўстаноўлена, што АФК адыгрываюць у арганізме вялікую ролю: яны забяспечваюць нармальную ўнутрыклетачную і міжклетачную сігналізацыю і камунікацыю. Іх пэўны ўзровень — у розных тканках ён свой — проста неабходна падтрымліваць. Але калі ўтворыцца іх лішак, сітуацыя мяняецца ў горшы бок, узнікаюць розныя паталагічныя працэсы”, — Наталля Бізунок тлума­чыць, што хоць у арганізме чалавека і ёсць механізм абароны ад такіх негатыўных уздзеянняў, ён сфарміраваўся эвалюцыйна і проста не паспявае ўдасканальвацца адэкватна развіццю цывілізацыі. Забруджанае паветра, нездаровая ежа, шкодныя звычкі пагаршаюць становішча, і сістэма антыаксідантнай абароны, закладзеная ў нас ад прыроды, не спраўляецца з ухілененнем лішніх радыкалаў, якія пашкоджваюць клеткі.

Падступаючыся да вырашэння гэтай праблемы, навукоўцы з БДМУ ўзялі за аснову той факт, што само ўзнікненне АФК адбываецца не выпадковым чынам, а пры непасрэдным удзеле асаблівага ферменту Nox2. “Наша задача была навучыцца кіраваць яго актыўнасцю — пры неабходнасці павялічыць яе або паменшыць. І цяпер мы ведаем, як гэтага дабіцца! У выніку вывучэння мноства хімічных злучэнняў мы знайшлі рэчывы і падыходы, з дапамогай якіх можна мяняць актыўнасць ферменту. Яны і сталі асновай для распрацоўкі новых лякарстваў, якія не толькі рэгулююць генерацыю актыўных формаў кіслароду пры пэўных паталагічных станах, але і валодаюць шэрагам іншых карысных уласцівасцяў”, — пералічваць іх Наталля Бізунок можа доўга. Напрыклад, грацэпрол мае анальгезіруючае і процізапаленчае дзеянне; нейрамін — нейрамадулятар, спатрэбіцца ў комплекснай тэрапіі дэпрэсіўных станаў, неўрозаў, парушэнні сну; тэтракард, інакардын — дапаможныя сродкі пры ішэмічнай хваробе сэрца; валікар павышае фізічную вынослівасць; лейаргунал умацоўвае імунітэт... Дарэчы, ва ўсім свеце ідзе ўсплёск распрацовак падобных камбінаваных лякарстваў, на іх робяць стаўку многія фармкампаніі. Бо, спалучаючы два-тры рэчывы, можна не толькі ўзмацніць эфект, але і дабіцца прынцыпова новага. І пры гэтым затраты на распрацоўку будуць меншыя. У нас гэтыя прэпараты стварала вялікая група хімікаў, біяхімікаў, фармаколагаў, таксіколагаў, урачоў, якая працавала над рэалізацыяй дзяржпраграмы па распрацоўцы новых лякарстваў.

А вось тэорыя, якая атрымала міжнародны рэзананс, была сфармулявана якраз пры вырашэнні гэтай практычнай задачы. Справа ў тым, што пры павелічэнні дозы лякарства яго эфект можа ўзмацняцца з рознай хуткасцю. І дагэтуль не было належнага тлумачэння, якімі прычынамі гэта абумоўлена. Дзякуючы навукоўцам з БДМУ заканамернасць была раскрыта. Пакінуўшы складаныя падрабязнасці для спецыялістаў, Наталля Бізунок тлумачыць яе максімальна спрошчана: “Раней дамінавала ідэя, што біялагічна актыўнае злучэнне або лякарства для таго, каб выклікаць пэўны эфект, павінна падзейнічаць толькі на адну мішэнь — рэцэптар або фермент. Нашы ж даследаванні даказалі, што ўсё намнога складаней: кожны эфект абумоўлены ўзаемадзеяннем з некалькімі мішэнямі, і з павелічэннем дозы лякарства іх падключаецца ўсё больш, а фармакалагічны эфект залежыць не толькі ад іх колькасці, але і ад таго, як яны ўплываюць адзін на аднаго, узаемадзейнічаюць паміж сабою”. Гэтыя вельмі важныя веды дапамогуць пры распрацоўцы новых лякарстваў, ацэнцы іх эфектыўнасці і бяспекі, падборы найбольш аптымальных рэжымаў назначэння, пошуку найлепшых камбінацый. Паказальны прыклад таго, як цесна фундаментальныя пошукі звязаны з практыкай.

Юлія Васілеўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter