На палатне “Мінск 3 ліпеня 1944 года” ў ліхім героі-матацыклісце ўральскі ветэран пазнаў самога сябе

Сувораў на “Харлеі”

У гісторыю ён уварваўся на “Харлеі” — менавіта так землякі гавораць цяпер пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны з Екацерынбурга Дзмітрыя Суворава.

Dmitry Nikolaevich Suvorov never became a cool rocker
Крутым рокерам Дзмітрый Мікалаевіч Сувораў так і не стаў

Як вядома, матацыкл “Харлей-Дэвідсан” — герой многіх заліхвацкіх фільмаў, але фору ўсім амерыканскім баевікам дасць ваенная гісторыя чырвонаармейца-матацыкліста Дзімы Суворава. Кінагероем баец не стаў, але на карціну трапіў. Фігуру матацыкліста, адлюстраванага на вядомым манументальным палатне Валянціна Волкава “Мінск 3 ліпеня 1944 года”, свердлаўчане-землякі з нядаўніх пор вывучаюць пільна. Бо праз 70 гадоў пасля вызвалення сталіцы Беларусі выявіліся цікавыя дэталі: прататыпам аднаго з герояў гэтага палатна, якое стала для мінчан сімвалам Перамогі, з’яўляецца чырвонаармеец Дзмітрый Сувораў.

— Так атрымалася, што я, як сувязіст і разведчык, суправаджаў на матацыкле першую калону савецкіх танкаў, якія ўвайшлі ў Мінск. Дагэтуль памятаю, як на досвітку 3 ліпеня партызаны вывелі нашу брыгаду на ўскраіну. З невялікага ўзгорка быў відаць горад у імгле. Сонца паднімаецца, туман рассейваецца, і мы — наперад. Я з матацыклам — як адзінае цэлае, у руль учапіўся і імчуся пад абстрэлам, следам грукочуць танкі. Як чорт насіўся па вуліцах, забяспечваючы сувязь падраздзяленняў. А калі прарваліся да цэнтра, прыйшлі з кветкамі жанчыны, дзеці. Радаваліся, крычалі “Ура!”, — расказвае, нібы карціну піша, Дзмітрый Мікалаевіч.

Карціна В.Волкава

Як лічыць уральскі ветэран, відавочцам менавіта гэтай радасці і быў мастак Валянцін Волкаў.
Дакладна вядома, што Волкаў жыў у асаджаным немцамі Мінску і быў рэальным сведкам вызвалення горада. Гэты Дзень Вызвалення так запаў яму ў душу, што пасля вайны Волкаў вырашыў узнавіць падзеі на палатне, працаваў над карцінай доўга — дзесяць гадоў, і толькі ў 1955 годзе на дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве ён прадставіў маштабную (пяць з паловай на тры метры) карціну “Мінск 3 ліпеня 1944 года”.

Зразумела, што падчас баёў за горад прозвішчы вызваліцеляў мастак не запытваў, хоць, магчыма, нейкія замалёўкі і рабіў. Франтавыя фатографы таксама не паспявалі за ходам імклівага наступлення. Зрэшты, некаторыя прозвішчы першых вызваліцеляў Мінска трывала ўвайшлі ў гісторыю. У прыватнасці, экіпаж танка, дзе камандзірам быў Дзмітрый Фролікаў. Менавіта яго Т-34 быў наперадзе ўсёй наступальнай аперацыі. За баявую доблесць Фролікаву прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза, імёнамі членаў яго экіпажа сёння названы вуліцы ў Мінску. “Я якраз і быў у той танкавай брыгадзе, дзе ваяваў Фролікаў, і перад яго танкам на матацыкле забяспечваў адначасова сувязь і разведку, — гаворыць Дзмітрый Сувораў, — вось толькі ўспамінаць той дзень ужо няма з кім: усе загінулі”. 

Фрагмент карціны В.Волкава

Адстойваць імя ў гісторыі Дзмітрый Мікалаевіч не збіраецца. Словы Твардоўскага: што ў бой ішлі “не ради славы — ради жизни на земле” — для ветэрана непахісная ісціна. А жывапіснае палатно — яркі промень успамінаў.

— Заплюшчу вочы, і памяць усё малюе менавіта так: я ў камбінезоне танкіста, запыленай касцы, схапіўся за руль матацыкла, таму што вось-вось ірвану наперад, а вакол радасць, — расказвае мне Дзмітрый Сувораў, водзячы пальцам па рэпрадукцыі карціны, змешчанай у кнізе “Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза”.

Менавіта ў гэтай кнізе Сувораў упершыню і ўбачыў карціну. Кнігу ў 1965 годзе набыў у адным з магазінаў Львова, дзе, ужо быўшы афіцэрам, праходзіў службу. У тым, што на карціне, ён прызнаўся тады толькі жонцы і далей высвятляць акалічнасці сюжэта не стаў. Клопаты былі іншыя, ды і сціпласць перашкаджала. Адшукваць мастака Волкава або яго родных, каб пазнаёміцца і задаць цікавячыя пытанні, не стаў. А потым і зусім праляцелі дзесяцігоддзі, выйшаў на пенсію палкоўнікам, пераехаў з сям’ёй на Урал. Толькі цяпер, калі споўнілася 88 гадоў і ў самым разгары работа над мемуарамі, выпадкова прагаварыўся журналістам пра сваё карціннае “з’яўленне”.

Рэаліі тых баявых гадоў былы чырвонаармеец Сувораў пацвярджае асабістымі дакументамі тых часоў (чырвонаармейская кніжка, пасведчанне байца, узнагародныя загады) і цытатамі з мемуараў вядомых военачальнікаў, якія ўжо даўно ўпісаны ў гісторыю Вялікай Айчыннай як распрацоўшчыкі аперацыі “Баграціён”. Гэты стос кніг ён спецыяльна падрыхтаваў для сустрэчы са мной. Доказы выстаўляў адзін за другім, але ўсё ж было відаць: ветэран збянтэжаны тым, што трапіў у такі гістарычны пераплёт.

— Я тады быў радавым чырвонаармейцам васямнаццаці гадоў. Вясковы хлопец з Кастрамской вобласці, які і на фронце знаходзіўся ўсяго толькі некалькі месяцаў. Пясчынка на полі вайны. Але так атрымалася, што “пясчынку” занесла на самае вастрыё наступальных планаў.

На самай справе слава не ў тым, хто першы ўвайшоў і каго заўважылі, упэўнены ветэран. Слава ў тым, што ўсё прайшлі, усё вытрымалі. І са сваім “Харлеем” чырвонаармеец Сувораў у такія гісторыі трапляў — не то што карціны пісаць, баевікі здымаць можна. У адзіночку ўрываўся ў занятыя немцамі вёскі, браў у палон саперніка, правальваўся з “жалезным канём” у беларускія балоты, ды так, што танкам выцягвалі. Зразумела, што баявымі ўзнагародамі не пакрыўджаны. За вызваленне сталіцы Беларусі Дзмітрый Сувораў быў узнагароджаны медалём “За адвагу”, да таго ж было прысвоена званне гвардзейца, якім ён вельмі ганарыцца. Следам прыбавіліся яшчэ ордэн Чырвонай Зоркі і медаль “За ўзяцце Кёнігсберга”. 

Да самага 9 Мая Сувораў з “Харлеем” быў неразлучны. Трохі крыўдна, што яго “жалезны сябар” на палатно не трапіў. Мастаку Волкаву не аднойчы задавалі пытанне: чаму на карціне нямецкая машына “Цундап”? Верагодней за ўсё, сам мастак часцей бачыў менавіта гэтую марку матацыкла ваеннага часу. 

“Харлей-Дэвідсан” дастаўся Дзмітрыю Сувораву ў разабраным выглядзе за некалькі гадзін да адпраўкі на фронт. Упершыню ўбачыўшы заморскую тэхніку, хлопец усю ноч машыну збіраў і толькі руль ніяк не мог прыстасаваць. Дапамаглі старэйшыя таварышы. Так на “Харлеі” і пракаціў па ўсёй Еўропе. Здаў у матчасць палка ў Прусіі якраз напярэдадні 9 Мая 1945 года.

— Са штаба паступіла прадпісанне адправіць вучыцца ў танкавае ву­чылішча, прыйшлося здаць і матацыкл, і зброю. А раніцай аб’яўляюць — Перамога! Я ж тады, лічы, яшчэ хлапчук: так крыўдна было, што радасць няма чым выказаць. Ні пасігналіць, ні ў паветра адсалютаваць з аўтамата!.. — са смехам успамінае сваё развітанне з легендай Дзмітрый Мікалаевіч.

Перайшоўшы на цяжкую танкавую тэхніку, Дзмітрый Сувораў з матацыкламі завязаў на ўсё астатняе жыццё. Крутым рокерам так і не стаў. Ды і мірны Мінск бачыў толькі адзін раз у жыцці: у пасляваенныя гады, праездам з Прусіі. Прыехаць у савецкі час у адноўленую сталіцу Беларусі не здарылася. А калі пайшоў у адстаўку, здароўе не давала. Дагэтуль шкадуе, што не знайшоў тых хлопцаў-партызан, што вывелі танкавую брыгаду на слаба ўмацаваную немцамі гарадскую ўскраіну. Бо разам з імі пераможным вечарам 3 ліпеня ў садзе аднаго з прыватных дамоў Мінска за сардэчна накрытым сталом яны адзначалі вызваленне горада. Імёны і прозвішчы паплечнікаў, як і адрас квітнеючага саду, ужо сцерліся ў памяці.

Святлана Дабрыніна
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter