Суверэнітэт важнейшы за ўсё, але і без інтэграцыі ніяк

Без інтэграцыі ў наш час не абысціся. І такая яе форма, як Саюз Расіі і Беларусі, па-ранейшаму мае сваю слушнасць
У пачатку крыху паказальнай статыстыкі, якую мы возьмем з нашай публікацыі “Настрой у адпаведнасці з часам”. Дык вось апошнія 10 гадоў савецкая настальгія ў беларусаў згасае, імкненні ж знаходзіцца ў незалежнай краіне растуць.

Да прыкладу, у 2007 годзе 10 працэнтаў грамадзян Беларусі хацелі б жыць ва ўзноўленым Савецкім Саюзе, тады як ва ўласнай краіне без аб’яднання з якой-небудзь іншай дзяржавай — 21 працэнт. А цяпер паводле да­дзеных апошніх апытанняў, праведзеных Інстытутам сацыялогіі НАН, абсалютная большасць насельніцтва — 74,9 працэнта — лічыць, што з моманту здабыцця дзяржаўнай незалежнасці краіна адбылася як незалежная і самастойная дзяржава.

Прычыну такім трансфармацыям вядомы сацыёлаг з Абердзінскага ўніверсітэта Шатландыі Крысціян Хэрпфер, які не так даўно наведаў Мінск, абазначыў вельмі проста: “Калі ўспамінаць Беларусь 20 гадоў назад, то тады ўсе гаварылі пра нявызначанасць сваёй будучыні. У 90-х людзі расказвалі: мы не ведаем, што будзе адбывацца і што будзе з маёй сям’ёй. Сярод насельніцтва была вялікая настальгія па Савецкім Саюзе — па яго эканамічнай сістэме, пенсіях, стабільнасці. Цяпер жа, праз 20 гадоў, мы можам гаварыць пра павелічэнне пачуцця стабільнасці, упэўненасці ў сваёй будучыні, будучыні сваёй сям’і і дзяцей, пачуццё бяспекі. І былой настальгіі таму ўсё менш”.

Цікавыя высновы, ці няпраўда.

Але ж  і без інтэграцыі ў наш час не абысціся. І такая яе форма, як Саюз Расіі і Беларусі, па-ранейшаму мае сваю слушнасць. У Мінску нядаўна прайшло пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. На некаторыя яго асаблівасці варта звярнуць увагу. А менавіта: упершыню са снежня 2010 года Мінск прымаў пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага Савета. Парадак дня такіх мерапрыемстваў, як правіла, традыцыйны. Разглядаюцца вынікі выканання бюджэту года, які завяршыўся, і зацвярджаецца галоўны фінансавы дакумент на новы перыяд. У сферы ўвагі таксама праграма ўзгодненых дзеянняў у знешняй палітыцы. Новым пунктам можна лічыць аналіз выканання першачарговых задач развіцця Саюза. Адпаведная праграма прынята на 2014 -2017 гады. Як відаць, рэгламент цалкам рабочы. Але ўсё ж адна відавочная асаблівасць у цяперашняга мерапрыемства была. І абумоўлена яна няпростым знешнім фонам. Аляксандр Лукашэнка, як заўсёды, называў рэчы сваімі імёнамі. Інтэграцыя сёння выпрабоўваецца на трываласць. Не лепшую ролю пры гэтым адыгрывае глабальная эканамічная нестабільнасць. З тым, што гэта сур’ёзны фактар рызыкі, пагадзіўся і Уладзімір Пуцін.

А пра тое, што і Мінск, і Масква лічаць саюзны праект значным, гаворыць і зацвярджэнне ў ранейшым аб’ёме агульнага бюджэту. Як бы ні было складана, а 6 мільярдаў расійскіх рублёў пойдуць на фінансаванне каля 40 сумесных праграм.

Больш падрабязна пра Саюзныя асаблівасці можна даведацца з нашай публікацыі “Упэўнены погляд на будучыню адносінаў”.

Зрэшты, Беларусь сёння робіць стаўку на шматвектарную інтэграцыю. Еўрапейскую ў тым ліку. Літаральна ў апошні месяц яна пачынае актывізавацца. У Мінску ўжо пабываў шэраг прадстаўнікоў Еўрасаюза. Пакуль ідзе дыялог з абменам меркаваннямі. Але ёсць  надзея, што гэты дыялог прывядзе да больш значных — прагматычных і канструктыў­ных — дамоўленасцяў.

Віктар Харкоў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter