Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Ці стаяў ля друкарскага станка сам Францыск Скарына?

Сувенір з глыбокай даўніны

У калекцыянера, гісторыка Уладзіміра Ліхадзедава ёсць на гэты конт сваё меркаванне, пацверджанае практыкай.

Калі жадаеце прыдбаць унікальны сувенір, зроблены сваімі рукамі, то бывайце на кніжных выставах-кірмашах, святах беларускага пісьменства. Дзякуючы Уладзіміру Ліхадзедаву і яго сябрам кожны можа сябе адчуць першадрукаром, раздрукаваўшы — адзін у адзін — аркуш адной са Скарынавых кніг. А друкарскі станок адноўлены па тых узорах, якія былі 500 гадоў таму ў друкарнях Францыска Скарыны.

Станок з’явіўся ў Беларусі тры гады таму. У верасні 2014-га ў Мінску ўпершыню была прадстаўлена “Біблія” Францыска Скарыны, адноўленая па старажытных тэхналогіях. Абсалютна новая — і ў той жа час такая старажытная, мала адрозная ад 500-гадовага арыгінала.

Уладзімір Ліхадзедаў працуе на рэканструяваным друкарскім станку

Узнавіць рарытэт па тэхналогіі XVI стагоддзя ўдалося камандзе на чале з гісторыкам, калекцыянерам, філакартыстам, лаўрэатам прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэн-не” Уладзімірам Ліхадзедавым — аўтарам сотняў публікацый, дзясяткаў кніг, стваральнікам праекта “У пошуках страчанага”. Ён жа ініцыятар устаноўкі помніка ўсім загінулым у вайне 1812 года пры ўездзе ў Вілейку, калекцыянуе старадаўнія фатаграфіі, паштоўкі, прысвечаныя Беларусі, яе знакамітым людзям. Каб узнавіць па даўніх тэхналогіях Скарынаўскую “Біблію”, Уладзімір некалькі гадоў вывучаў старадаўнюю друкарскую справу. А яшчэ трэба было ствараць адпаведную тэхніку. “Ідэя аднаўлення такой кнігі ў мяне з’явілася даўно, — кажа Уладзімір Ліхадзедаў. — Вывучаў дакументы, у якіх апісвалася тэхналогія стварэння паперы. У майстэрнях Лейпцыга, Майнца і Базеля павучыўся справе старадрукавання. А затым знайшоў у Беларусі добрага майстра, які па гравюрах часоў Скарыны зрабіў станок, былі таксама адлітыя матрыцы й формы з тэкстам Скарыўнаўскай Бібліі”.

Майстар  Генадзь Катлінскі
фота івана ждановіча
Сёння пакратаць той друкаваны станок, адчуць сябе першадрукаром можа кожны. Імправізаваная друкарня падарожнічае па Беларусі: пераважна там, дзе імпрэзы маюць дачыненне да кнігавыдання. Цяпер станок можна пабачыць у цэнтральнай кнігарні Мінска “Светач”, быў ён і на нядаўняй XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. У “Светачы” друкарскі станок эпохі Гутэнберга стаіць на другім паверсе: не заўважыць яго складана. Велізарны, масіўны, зроблены з чыстага дуба і зусім без цвікоў ці балтоў з гайкамі. “Станок удалося зрабіць з дапамогай майго сябра, майстра залатыя рукі Генадзя Катлінскага, — тлумачыць Уладзімір. — Найскладаней было змайстраваць вось гэтыя драўляныя вінт і гайку. А яшчэ ж трэба ж было зрабіць станок разборным: каб лягчэй яго перавозіць куды трэба. У станку больш за 20 драўляных дэталяў. Зборка-разборка яго — праца досыць карпатлівая: часам на тое сыходзіць цэлы дзень ці больш. Дарэчы, аналагаў яму пакуль на постсавецкай прасторы няма”. Побач з друкарскім станком ёсць сёе-тое з папераробнай тэхнікі (ёмістасць з вадкасцю, сушылка, прэсавальны станок) ды іншыя друкарскія прылады.

Што ж, паспрабуем пабыць друкарамі! Першы этап — зрабіць паперу. Са слоў Уладзіміра, яе ў XVI стагоддзі рабілі з лёну. Для майго эксперыменту раздрабняем цэлюлозу, разбаўляем вадой. У вялікай ванне доўга размешваем напаўпразрыстую вадкасць: яна нібы кісель вадкі. Затым сеткаватаю формай чэрпаю з чана папяровую масу (метад і называецца: чэрпанне), даю сцячы вадзе і асцярожна выкладваю адцэджаныя шматкі на сукно. Далей — сушка, прэсаванне і аздабленне. Праца чарпальшчыка, падалося мне, і цяжкая, і малапрадукцыйная. Паколькі ж сушка-прэсаванне займае часу, то друкары мне даюць гатовы аркуш, кімсьці раней выраблены. А папера — шыкоўная: белая, шчыльная, рыфлёная. І нядзіўна, што перажывае стагоддзі. 

Праца на друкарскім станку — занятак больш прыемны, але таксама досыць працаёмкі. Гатовы аркуш самаробнай (аўтэнтычнай!) паперы закладваю ў станок і прыціскаю да яго металічную матрыцу, загадзя адлітую, змазаную чарнілам. І вось цуд: на паперы — адбітак тэксту скарынаўскай “Бібліі”. Не надта роўны, выразны, але ж аддрукаваны ўласнаручна! На выраб адной старонкі (без сушкі) сышло гадзіны паўтары. І тут міжволі з вуснаў маіх вырываецца пытанне: “Калі ж ён паспяваў яшчэ й пісаць?” 

Уладзімір быццам чакаў такога: “Бачыце, праца на станку дазваляе многія гістарычныя факты, здагадкі, гіпотэзы ці то даказваць, ці то аспрэчваць. Скарына, вядома ж, усё ў друкарскай справе і ведаў, і ўмеў. Але я дакладна магу сцвярджаць, што сам ён ля станка — не стаяў. Прыкінем. У адной з кніг ягонай “Бібліі” 192 старонкі — гэта 96 разваротаў: кнігі друкаваліся такім фарматам. Наклад, сцвярджаюць гісторыкі, быў не менш за 1000 асобнікаў. Значыць, каб выйшла толькі адна кніга, трэба зрабіць 100 тысяч адбіткаў! У Скарыны выйшла больш за 20 кніг. Значыць, на пераклады, пісанне прадмоваў і пасляслоўяў у яго проста б не хапіла часу”. 

Такі невядомы факт з жыцця ўсходнеславянскага першадрукара нечакана адкрыўся мне ў “Светачы”. Прасвятлілася!

...Трымала ў руках толькі што аддрукаваны аркуш з Бібліі Скарыны. Ён такі “інфармацыйны”, увесь прасякнуты духам эпохі першадрукаў, саматужных друкарскіх станкоў... І падумалася: гэта ж які шматслойны сувенір атрымліваецца! Вазі турыстаў да станка хоць з усяго свету — і друкуй ім на ўспамін чароўна-рэальныя напаміны пра нашу багатую гісторыю, нашу паважлівую да мінуўшчыны сучаснасць...

Іна Ганчаровіч

Голас Радзімы № 10 (3562), чацвер, 15 сакавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter