Список ЮНЕСКО пополнил еще один белорусский объект

Сусветная вядомасць

Прыемная навіна прыляцела напрыканцы года — у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ўключаны элемент «Культура бортніцтва», падрыхтаваны Беларуссю і Польшчай. Гэта ўжо наш чацвёрты аб'ект нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Спісе ЮНЕСКА. Раней туды трапілі абрад «Калядныя цары», які захоўваецца ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна, «Урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай» і «Юраўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна.
Фота Аляксея Сталярова

Промыслам, заснаваным на развядзенні і ўтрыманні лясных пчол у штучных дуплах, на тэрыторыі сучаснай Беларусі займаюцца не менш за дзве тысячы гадоў. У часы ВКЛ, паведамляе livingheritage.by, у гарадах і мястэчках дзейнічалі брацтвы і цэхі бортнікаў, правы пчаляроў былі замацаваны заканадаўча, а мёд і воск з'яўляліся аднымі з галоўных відаў экспарту. Пазней лясное бортніцтва пачало скарачацца ў сувязі з развіццём іншых відаў калоднага пчалярства.

Тым не менш у асобных раёнах Беларусі старажытны промысел захаваўся да ХХІ стагоддзя.

Сёння бортніцтвам займаюцца жыхары Лельчыцкага, Петрыкаўскага, Лоеўскага, Жыткавіцкага, Ельскага раёнаў Гомельскай вобласці, Столінскага і Пінскага раёнаў Брэсцкай вобласці. Асобныя бортнікі дзейнічаюць у Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай абласцях. Захоўваюцца бортныя трацыцыі і ў некаторых рэгіёнах Польшчы.

Што важна, сучасныя бортнікі не толькі здабываюць дзікі мёд, захоўваючы старажытную тэхналогію, але і перадаюць традыцыю сваім сем'ям, практыкуюць настаўніцтва сярод маладых добраахвотнікаў, спрыяюць распаўсюджванню ведаў пра промысел, лекавыя ўласцівасці ляснога мёду і неабходнасць захавання экалагічнай раўнавагі ў лясной экасістэме.

Пасля ўключэння элемента «Культура бортніцтва» ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва пра ўнікальны промысел, які і сёння практыкуецца ў нашай краіне, даведаецца ўвесь свет.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter