Прэм’ера сюіты, створанай амаль стагоддзе таму, адбудзецца на фестывалі “Класіка каля Ратушы”

Сусветная прэм'ера і музычны квартал

Падышоў да завяршэння музычны праект «Класіка каля Ратушы». Фінальны акорд — сёння ўвечары. У праграме суботняга канцэрта пад адкрытым небам — творы кампазітараў — ураджэнцаў Беларусі.

За два гады існавання праект «Класіка каля Ратушы» палюбіўся гараджанам і гасцям Мінска

Музыка розных гадоў і стагоддзяў, напісаная нашымі суайчыннікамі, гучала на працягу двух месяцаў і ва ўсіх папярэдніх сямі канцэртах праекта, але ў восьмым, заключным, на яе зрабілі асноўны акцэнт — на сучасную і старадаўнюю. Арт-дырэктар фестывалю Аляксандр Чахоўскі кажа: каб паказаць, што творы нашых кампазітараў вартыя стаяць у адным радзе з творамі Моцарта, Штрауса, Вагнера.

Музычная лаўка Агінскага

Галоўная ж падзея заключнай «класічнай» суботы — сусветная прэм`ера аркестравай сюіты Людаміра Рагоўскага. Напісаны ў самым пачатку XX стагоддзя твор ніколі раней не выконваўся. Зрабіць прэм`еру «Сюіты беларускай» каля Ратушы прапанаваў Віктар Скарабагатаў, вядомы оперны спявак і даследчык музыкі.

Паводле яго слоў, у нашых бібліятэках і архівах можна знайсці ўнікальныя рукапісы і выданні, якія ніколі і нідзе не фігуравалі. Гэты пошук актыўна вядзецца творчым калектывам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета «Беларуская капэла», які Віктар Скарабагатаў узначальвае ўжо 25 гадоў. Вось і арыгінал сюіты параўнальна нядаўна быў знойдзены ў фондах бібліятэкі Акадэміі навук. Пра яго існаванне ніхто нават не здагадваўся. Больш за тое, многія спецыялісты-музыказнаўцы і імя такога не ведалі — Людамір Рагоўскі. А кампазітар між тым аказаўся аўтарам першага нацыянальнага сімфанічнага сачынення XX стагоддзя.

Выступленне каля Ратушы Дзяржаўнага
акадэмічнага сімфанічнага аркестра

Такія вось парадоксы здараюцца. Зрэшты, заўважае Віктар Скарабагатаў, гісторыя ведае прыклады, калі пра сваіх вялікіх кампазітараў суайчыннікі даведваліся праз стагоддзі. Так, амаль 150 гадоў таму немцам ні аб чым не гаварыла імя Іагана Себасцьяна Баха. А ў Італіі на 200 гадоў забыліся пра свайго Вівальдзі. Але — адрадзілі. Сёння гэта сусветная класіка. Віктар Скарабагатаў лічыць, і мы ідзём тым жа шляхам, а кожнае новае адкрытае імя дае магчымасць яшчэ раз нагадаць пра самабытнасць нашай культуры і пра тое месца, якое яна па праве займала і займае ў сусветным маштабе.

Віктар СКАРАБАГАТАЎ — чалавек энцыклапедычных ведаў
па нашай музычнай гісторыі.

У афішы заключнага фестывальнага вечара разам з часткай адроджанай сюіты Людаміра Рагоўскага прагучыць выдатная музыка Станіслава Манюшкі, Яна Голанда, Яўгена Глебава, Вячаслава Кузняцова, Аляксандра Літвіноўскага, Уладзіміра Кур’яна.

Уваход — свабодны.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter