Сусвет саламяных стрэх

Карэспандэнт "НГ" даведалася, чым адрозніваецца дзяжа ад дзежуна і колькі важыць медная патэльня Мая сяброўка, аматарка турызму, адной з самых цікавых адметнасцей любой краіны, дзе яна бывае, лічыць музеі пад адкрытым небам. Пабываўшы ў такіх музеях у Польшчы, Літве, краінах Заходняй Еўропы і Скандынавіі, яна толькі нядаўна даведалася, што так званы скансен ёсць і ў Беларусі. Прычым і хадзіць далёка не трэба — знаходзіцца Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту за пяць кіламетраў ад Мінскай кальцавой дарогі.

Скансен — слова скандынаўскае. У Швецыі ў канцы XIX стагоддзя ўпершыню з`явіўся музей пад адкрытым небам, дзе нібы закансерваваны старажытны населены пункт. Стварыць і ўтрымліваць скансен — задавальненне не таннае, таму пахваліцца такой установай перад турыстамі могуць не многія краіны. Скансен пад Мінскам, ці Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, пачаў стварацца тры дзесяцігоддзі таму. Планавалася, расказвае старэйшы навуковы супрацоўнік культурна-адукацыйнага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Ларыса Мятлеўская, перавезці пад Мінск каля 250 драўляных пабудоў з усёй Беларусі. Пакуль што перавезена толькі 35. Старажытная драўляная пабудова разбіраецца на бярвенні, якія нумаруюцца, прычым кожнае старажытнае бервяно апісваецца ў дакументах як гістарычная каштоўнасць. А потым, ужо на тэрыторыі музея, будынак збіраецца наноў.
На плошчы 151 гектар размешчаны этнаграфічныя сектары "Цэнтральная Беларусь", "Падняпроўе", "Паазер`е", "Заходняе Палессе", "Усходняе Палессе", "Панёманне". Пакуль што для наведвальнікаў адкрыты толькі тры сектары. Можна пахадзіць па старажытных вёсках, зайсці ў кожны дом... У экспазіцыю скансена ўваходзіць і старажытная вёсачка Строчыцы, праз якую некалі пралягаў дыпламатычны шлях на Масковію. З цягам часу з`явіцца тут і яшчэ адна экспазіцыя — "Мястэчка". Першы дом будучага мястэчка, дарэчы, ужо ёсць — перавезены з Мінска, з вуліцы Вызвалення. Плануецца перавезці сюды і драўляную сінагогу, і мячэць, і майстэрні — ад пякарскіх да ганчарных. Усе гэтыя будынкі этнографы ўжо прыгледзелі ў розных кутках краіны, і цяпер будучыя экспанаты чакаюць свайго часу. Але надта доўга чакаць яны не могуць: дрэва — нетрывалы будаўнічы матэрыял, яно гніе і разбураецца. Пабудовы беларускага скансена датуюцца самае ранняе XVIII стагоддзем. Больш раннія проста не дажылі да тых часоў, калі гісторыкі і рэстаўратары ўзялі над імі шэфства.
— Месца тут незвычайнае, — распавядае Ларыса Лявонцьеўна. — З аднаго боку — старажытныя курганы IX—XI стагоддзяў, з другога — Гарадзішча, тое месца, з якога, як лічаць гісторыкі, некалі пачаўся Мінск. Даспадобы прыйшоўся наш музей кінарэжысёрам, артыстам. Віктар Тураў, напрыклад, працаваў тут над фільмам "Шляхціц Завальня". Тут жа здымаліся эпізоды "У жніўні 44-га", "Вам заданне", "Маці Урагана", кліпы з удзелам групы "Ляпіс-Трубяцкі", спевакоў Аляксандра Малініна, Аляксандра Саладухі. Дарэчы, кліп Аляксандры і Канстанціна для "Еўрабачання" таксама здымаўся ў гэтым музеі.
Дзе жывуць духі продкаў?
Старажытныя будынкі патрабуюць пастаяннага клопату. За кожным супрацоўнікам музея замацаваны яго ўласныя "выхаванцы", і дзень тут пачынаецца з іх наведвання: з самага ранку трэба праветрыць памяшканні, яшчэ раз пільна праверыць "стан здароўя" пабудаваных без адзінага цвіка вуглоў і сцен і, калі трэба, аказаць неадкладную дапамогу.
— Для мяне гэтае старое дрэва — як твар старога чалавека, — гаворыць Ларыса Мятлеўская. — Уявіце, колькі пабачыў гэты будынак у сваім жыцці! Напрыклад, вось гэтыя дзірачкі — сляды ад куль. Тут іх багата. Нам ужо ніколі не даведацца, што за трагедыя тут разыгралася, і нават калі гэта адбылося — у Вялікую Айчынную, а можа, і раней, у грамадзянскую...
Кулямі прабіта сцяна свірна. Дарэчы, менавіта тут, у музеі, сучасны гарадскі жыхар можа даведацца аб сэнсе старажытных выразаў і прыслоўяў. Выраз "паскрэбці па засеках" чулі ўсе. Засекі — адгароджаныя ўздоўж сцен месцы ў свірне, куды засыпалася зерне. А потым, калі было патрэбна, унізе адкрываліся заслонкі, і зерне сыпалася ў мяшкі.
— Гэты свіран быў грамадскім зернясховішчам, — распавядае далей Ларыса. — Частку свайго збожжа кожны двор здаваў у агульны здабытак. Яно выкарыстоўвалася, калі засуха ці дажджы знішчалі ўраджай, а часцей за ўсё, каб выдаць фураж войску, што ішло праз вёску. Транспарт быў гужавы, і фуражнае зерне войска патрабавала для коней. Іншымі словамі, такі вось свіран — гэта старажытная бензазапраўка...
Калі мы хочам разабрацца ў сабе, то павінны ведаць, як жылі нашы зусім недалёкія продкі, пра што яны думалі, у што верылі, — упэўнена Ларыса Мятлеўская.
Чаму праз парог нельга здароўкацца ці нешта падаваць? Бо пад парогам жывуць духі продкаў. У старажытнасці менавіта пад парогам славяне хавалі ў гліняных гаршках попел сваіх памерлых. І таму на вяселлі малады павінен перанесці жонку на руках праз парог сваёй хаты (а не выносіць яе з загса!). Справа ў тым, што духі продкаў могуць неспрыяльна паставіцца да чужой дзяўчыны, а вось калі яна ўжо трапіла ў хату, духам нічога не застаецца, акрамя таго, як прызнаць яе за сваю.
"Тэфаль" мінулых стагоддзяў
Амаль кожная хата, кожная царква ці сельскагаспадарчая пабудова, што трапляе ў музей, захоўвае свае "родныя" начынне і мэблю. Сёння, калі ў многіх музеях мы бачым у большай частцы рэканструкцыю, то тут усё сапраўднае, старажытнае. Дзяжа, напрыклад, яшчэ памятае, як у ёй мясілі цеста на хлеб. Дарэчы, паказваць чужым дзяжу было нельга — вока суседкі магло сурочыць дзежку. На якасць хлеба ўплывала і тое, ставіла цеста гаспадыня ў дзяжы альбо ў дзежуне. Лічылася, што калі гэты драўляны посуд "жаночага роду", цеста выспявае лепей. Дзяжун меў цотную колькасць клёпак — дошчачак, з якіх рабіўся гэты посуд, дзяжа — няцотную. І калі гаспадар збіраўся на кірмаш, гаспадыня звычайна гаварыла яму: "Ты ж глядзі, не купі дзежуна, палічы клёпкі..."
У старажытнасці жаночая праца патрабавала значнай фізічнай сілы — патэльня на пачатку XX стагоддзя важыла ніяк не менш чым два кілаграмы, а прас — падобны на маленькі параходзік, нават з трубой для адводу дыму (у яго накладвалі гарачае вуголле) — і ўвогуле тры-чатыры кіло. Затое цяжкая медная патэльня была антыпрыгарнай — куды там "Тэфалю", і амаль што вечнай — і сёння на ёй можна смажыць. І вельмі лёгка ўявіць, як на такой патэльні шкварчыць яечня з салам і цыбуляй. Такую ежу, дарэчы, сям`я ўжывала толькі па святах, бо яйкі былі "валютай" — на іх заўсёды быў попыт на кірмашы, і гэта дазваляла мець грошы на неабходныя рэчы. Нашы не такія ўжо і далёкія продкі ўжывалі мала тлушчу (смажанае, "чарка і шкварка" былі атрыбутамі святаў), таму і былі здаравейшымі за нас.
У турыстаў сёння асабліва ў цане ўсё, што нясе ў сабе яркія нацыянальныя рысы — аўтэнтычныя, старажытныя асаблівасці, што належаць культуры менавіта гэтага народа, робяць менавіта гэтую зямлю непадобнай да астатніх. Беларускі скансен пакуль што нельга назваць адным з турыстычных цэнтраў нашай краіны — пра яго не так шырока ведаюць. Між тым пачалася пара летніх адпачынкаў — самы час здзейсніць вандроўку ў мінулае сваёй зямлі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter