Заместитель генерального директора Национальной библиотеки Алесь Суша о своей давней любви к книгам, нанотехнологиях и работе мечты

Сусвет, сабраны пад вокладкай

Алесь Суша — асоба вядомая. З экранаў тэлевiзараў, эфiраў радыёстанцый i старонак газет ён расказвае нам пра багатую кнiжную спадчыну краiны. Запрашае на свае вочы ўбачыць каштоўныя i вельмi рэдкiя асобнiкi старажытных рукапiсных помнiкаў, паўдзельнiчаць у грандыёзных па сваiх маштабах выставах i iнтэрнэт-праектах. Пад яго чулым кiраўнiцтвам выдадзены дзясяткi факсiмiле: напрыклад, «Берасцейская Бiблiя» — мабыць, самае каштоўнае, вялiкае i загадкавае выданне ў гiсторыi айчыннай кнiжнай культуры, свет пабачылi 20 тамоў спадчыны Францыска Скарыны — гэта лепшыя з 520 захаваных да сёння кнiг беларускага першадрукара, i многае iншае. Як дзiцячая захопленасць чытаннем перерасла ў любiмую справу ўсяго жыцця — «Р» пра гэта распавёў сам Алесь Суша.

Алесь Суша працуе ў сценах сховiшча магутнага iнфармацыйнага рэсурсу краiны ўжо роўна 15 гадоў.

Усе мы родам з дзяцiнства

Амаль 100 гадоў Нацыянальная бiблiятэка збiрае дакументальную спадчыну нашага народа — сёння фонды налiчваюць больш за 10 млн асобнiкаў выданняў. Алесь Суша працуе ў сценах сховiшча магутнага iнфармацыйнага рэсурсу краiны ўжо роўна 15 гадоў. Мае тры вышэйшыя адукацыi, ведае шэсць моў — нядзiўна, бо ён сур’ёзна захапiўся чытаннем яшчэ ў раннiм дзяцiнстве. Намеснiк гендырэктара Нацбiблiятэкi ўспамiнае:

— Любоў да кнiгi была здаўна. Мацi — гуманiтарый, працавала ў сферы культуры ўсё жыццё. Бацька — iнжынер, як у наро-дзе кажуць — асоба тэхнiчнага складу. Усё жыццё ён працаваў на розных заводах, прадпрыемствах, але пры гэтым таксама меў моцную схiльнасць да чытання. Да апошняга дня свайго жыцця ён хадзiў на кнiжныя выставы, чытаў шмат i штодня. Дома была багацейшая бiблiятэка: ва ўсiх трох пакоях кватэры стаялi шафы з кнiгамi — вялiкiя, на ўсю сцяну, застаўленыя, бывала, у два рады. Я з дзяцiнства чытаў i мастацкiя творы, i пазнавальную лiтаратуру.

Ва ўзросце 8—10 гадоў Алесь перабраў усе кнiгi хатняй бiблiятэкi, расставiў iх тэматычна па шафах i палiцах, падрабязна распiсаў у алфавiтным нататнiку i паспрабаваў самастойна зрабiць каталог — атрымалася! Хлопец рэгулярна наведваў школьныя i дзiцячыя бiблiятэкi, але даволi хутка зразумеў выгоды вялiкiх храмаў кнiгi — ужо ў даволi маладым узросце пачаў ездзiць у Мiнскую абласную бiблiятэку iмя Пушкiна i ў цэнтральную гарадскую бiблiятэку iмя Янкi Купалы. Добра працаваць з крынiцамi яго навучылi падчас вучобы ў Нацыянальным дзяржаўным гуманiтарным лiцэi iмя Якуба Коласа. Там прыходзiлася шмат чытаць, самастойна знаходзiць iнфармацыю i супастаўляць яе з iншымi крынiцамi.

— У тыя часы стаць чытачом Нацыянальная бiблiятэкi маладым людзям было няпроста — прымалi толькi студэнтаў, пачынаючы з трэцяга курса ўнiверсiтэта. Школьнiкаў у прынцыпе не бралi, толькi за вельмi рэдкiм выключэннем. Я сабраў цэлую папку станоўчых рэкамендацый i пайшоў да дырэктара — тады бiблiятэкай кiравала Галiна Мiкалаеўна Алейнiк. Нарэшце мне ўдалося яе пераканаць, што падлетку можна даць доступ да магутнай скарбнiцы кнiг. Мне было ўсяго 14—15 гадоў, — Алесь Суша з усмешкай расказвае сваю гiсторыю.

Як усё паспець?

Алесь Суша доўга не мог вырашыць, кiм хоча стаць: спачатку цягнула да культуралогii, эканомiкi i камп’ютарных тэхналогiй. Але знайшоў спецыяльнасць, дзе спалучаюцца ўсе гэтыя сферы — адвучыўся на культуролага-менеджэра па спецыялiзацыi «iнфармацыйныя сiстэмы ў культуры». Пасля Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта культуры i мастацтваў атрымаў яшчэ дзве вышэйшыя адукацыi па сумежных напрамках. Тое, што ён трапiў на працу ў Нацыянальную бiблiятэку — выпадковасць, але ад гэтага суразмоўца вельмi шчаслiвы.

— Лепшага месца сабе можа i не знайшоў бы, — дзелiцца. — А было ўсё так: яшчэ студэнтам я штодня прыходзiў у бiблiятэку. Сядзеў гадзiнамi, працуючы з рознымi кнiжкамi, часопiсамi, газетамi, старымi дакументамi. Аднойчы загадчыца аддзела рэдкай кнiгi прапанавала працу, хай сабе i на палову стаўкi. Я пагадзiўся. Спачатку працаваў там, потым пераходзiў з адной пасады на iншую, стаў вучоным сакратаром, а з 2012 года — намеснiкам дырэктара, цяпер курырую навуковую, выдавецкую, метадычную дзейнасць.

У рабочым кабiнеце суразмоўцы шмат кнiг i дакументаў. На стале — спiсаны аркуш паперы, дзе абазначаны задачы на дзень. Колькасць пунктаў уражвае! I як удаецца ўсё паспяваць? Алесь Суша з задавальненнем дзелiцца сваiм сакрэтам:

— Найчасцей чалавек 8—9 гадзiн знаходзiцца на працы дзеля грошай, яшчэ некалькi гадзiн трэба на дарогу, абедзенны перапынак. Стомлены, вечарам ён можа патрацiць толькi 1—3 гадзiны на свой занятак, атрымаць задавальненне для сябе. Таму не паспявае нi тое, нi другое. У мяне, напрыклад, рабочы дзень заканчваецца ў 17.30. Але ў 17.31 я не стаю на прахадной, каб хутчэй адсюль збегчы. Цэлы дзень я займаюся любай мне справай: калi з поўнай аддачай працуеш, праца пачынае табе дзякаваць. Таму застаецца час на сям’ю. А мяне дома чакае жонка Ксенiя, сын Кастусь i дачка Каралiна.

Цiкава, што пасля рабочага дня Алесь Суша не перастае чытаць. Карыстаецца матчынай бiблiятэкай, багацейшай калекцыяй кнiг бацькоў жонкi, ды i ў сваёй кватэры таксама стварыў добрую скарбнiцу iнфармацыi!

— У бедныя студэнцкiя гады я абедаў батонам з кефiрам, але на кнiгi заўсёды знаходзiў грошы. Рэгулярна, мiнiмум два разы на тыдзень, я хадзiў па кнiгарнях, шукаў навiнкi, букiнiстычныя выданнi, наведваў шмат прэзентацый. Цяпер мае закупкi скарацiлiся: купляю толькi тое, чаго няма на палiцах Нацыянальнай бiблiятэкi альбо энцыклапедычныя i даведачныя выданнi, якiя мне вельмi патрэбныя для штодзённага выкарыстання. Дарэчы, жонка таксама iмi карыстаецца — яна, як i я, культуролаг i займаецца навукай.

Вяртанне сiмвалаў

За гады, што Алесь Суша працуе ў Нацыянальнай бiблiятэцы, шмат што змянiлася. З апошняга — упершыню анлайн сталi даступныя лiчбавыя копii больш за 2,5 тысячы рэдкiх i старадрукаваных дакументаў. Адно з вялiкiх дасягненняў — рэалiзацыя цэлага шэрагу маштабных праектаў. Напрыклад, факсiмiльнае ўзнаўленне самых каштоўных i старажытных кнiжных помнiкаў Беларусi. Цэлы спiс старажытных выданняў i рукапiсаў вярнулi ў грамадскi i навуковы абыходак.

Амаль 100 гадоў Нацыянальная бiблiятэка збiрае дакументальную спадчыну нашага народа — сёння фонды налiчваюць больш за 10 млн асобнiкаў выданняў.

Так, факсiмiле дазволiла максiмальна ўзнавiць Полацкае Евангелле — унiкальны помнiк славянскага пiсьменства канца XII — пачатку XIII ст., якi самiм фактам свайго iснавання дэманструе багацце i старажытнасць духоўнай культуры Беларусi; Тураўскае Евангелле — гэта не толькi беларускi, але i адзiн з самых старажытных усходнеславянскiх рукапiсаў, якi датуецца сярэдзiнай XI ст. У культурную прастору таксама вярнулi Баркулабаўскi летапiс i многiя iншыя помнiкi, у тым лiку ХХ стагоддзя. Трэба ўзгадаць i прэзентацыю факсiмiле першага ў свеце буквара на славянскай мове — на планеце захавалася ўсяго дзве арыгiнальныя кнiгi 1618 года, на жаль, не ў Беларусi.

— Вялiкае дасягненне — папулярызацыя кнiжных помнiкаў. Для гэтага мы рэалiзавалi шмат iнтэрнэт-праектаў, правялi безлiч навуковых канферэнцый i розных кнiжных выстаў. Напрыклад, сёння многiя ўжо цудоўна ведаюць пра багацейшую спадчыну Скарыны дзякуючы выставе «Францыск Скарына i яго эпоха», якую мы зладзiлi да 500-годдзя беларускага кнiгадрукавання. Прадставiлi выданнi першадрукара з шасцi краiн свету, гэта больш за 50 кнiг! Таксама мы паказалi ўзнiкненне кнiгадрукавання на прыкладзе розных краiн Еўропы. Дарэчы, нават паказалi Бiблiю Гутэнберга ў арыгiнале!

Узгадваецца i маштабная выстава «Беларусь i Бiблiя», якую ўсяго за месяц наведалi больш як 30 000 чалавек! Там паказалi экспанаты сусветнага ўзроўню, якiм 3—5 тысяч гадоў — з Вялiкабрытанii, ЗША, Кiтая, Iзраiля, Карэi, Расii… Прэзентавалi помнiкi часоў нараджэння чалавечай цывiлiзацыi, сведкаў часоў узнiкнення пiсьменства i зараджэння хрысцiянства. Алесь Суша падсумоўвае:

— Новая iнiцыятыва — стварэнне Дзяржаўнага рэестра кнiжных помнiкаў. Гэта першая спроба ўлiчыць кнiжныя скарбы, якiя мы маем у краiне. Дагэтуль такога не было: мы не здагадвалiся, якiя выданнi ляжаць у абласных i раённых бiблiятэках, музеях, унiверсiтэцкiх зборах, не кажучы ўжо пра прыватныя калекцыi. Праца iдзе, але зойме дзесяцiгоддзi.

ypopko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Юрий МОЗОЛЕВСКИЙ , Алексей МАТЮШ