Обзор книг Владимира Степана «Папяровая шапка» и Тимо Парвела «Эла i сябры 2»

Сусвет люструецца ў кроплi

Уладзiмiр Сцяпан. Папяровая шапка.
Мiнск, Кнiгазбор, 2018

Стыль Уладзiмiра Сцяпана — празрысты, лiрычны, мудры — добра знаёмы чытачам «СБ» па аўтарскiх калонках i ягоных артыкулах. Зборнiк «Папяровая шапка» дазволiць вам па-новаму адкрыць для сябе гэтага аўтара: тут сабраныя хайку, паэтычныя трохрадковiкi. «Кожны верш з сямнаццацi складоў — спроба знайсцi паэзiю ў самым звычайным i будзённым», — сцвярджае анатацыя. Здольнасць бачыць адлюстраванне сусвету ў кроплi — без гэтага немагчыма авалодаць надзвычай складанай формай традыцыйнай японскай паэзii. Форма хайку патрабуе дасканаласцi не толькi кожнага радка, кожнага слова i гука. Чытач павiнен убачыць i пейзажную карцiну з адмысловым настроем, i фiласофскую канцэпцыю, i падставу для роздуму.

Новае лiсце
Лiчыць не пералiчыць
Начному дажджу.
Пра што гэта? Пра жыццё i смерць?
Пра тое, што ўсё мае працяг? Чытач дадумае сам.
На мокрым акне
Стаўлю подпiс. Быццам сам
Намаляваў парк.

Уявiлi? Трапнае назiранне, незвычайны вобраз... Сусвет стварае мастака цi наадварот? Кожны кароткi верш можа быць разгорнуты ў апавяданне цi навелу. Гэта належыць чытаць няспешна, удумваючыся, вяртаючыся. Пры гэтым застаецца адчуванне дыялогу з аўтарам, якi гранiчна шчыры — малюе аўтапартрэт. Магчыма, той самы, што на вокладцы.

Цiма Парвела. Эла i сябры 2.
Мiнск, Мастацкая лiтаратура, 2019

Неверагодна смешныя аповеды вядомага фiнскага пiсьменнiка Цiмы Парвелы пра школьнiкаў з багатым уяўленнем i iх добрага, але ўразлівага настаўнiка займелi адданых чытачоў i ў Беларусi дзякуючы перакладчыцы Алене Казловай. Першая кнiга пра маленькую Элу i яе сяброў з поспехам разышлася, цяпер выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» выпусцiла працяг. Аўтар браў удзел у працы Мiнскай кнiжнай выставы, сустракаўся з чытачамi, i, вядома, выявiлася, што ён i сам быў настаўнiкам, i вырас у сям’i настаўнiкаў — iначай, вядома, так яскрава не апiшаш рэалii школкi. Дзеткi ў той школцы добрыя, толькi, як я ўжо сказала, з уяўленнем. Напрыклад, вырашаць, што кухарка ў летнiм лагеры — злачынка. I зусiм не фасоля ў яе супе, а атрута. Ды яшчэ з настаўнiкам кветкi па начах збiрае. Ну як не падсцерагчы злачынцу ўночы, не напусцiць на яе жывога задзiрыстага баранчыка? А новы вучань, якi з усiмi б’ецца i нават настаўнiка ўкусiў за лытку, — гэта, вядома, iншапланецянiн! I цi не змова гэтых злавесных гуманоiдаў — падгадаваць усiх школьнiкаў, каб пасля з’есцi падчас футбольнага матча? Усе прыгоды, вядома, заканчваюцца весела. I высновы добрыя: трэба сябраваць, а калi нехта не такi, як усе, не значыць, што ён горшы. Для нас у кнiжцы пра фiнскую школу асаблiва цiкавая мадэль паводзiн дарослых, якiя з гумарам зносяць наступствы бурлiвай фантазii дзетак i ўмеюць падтрымаць iх гульню i павярнуць на карысць. А вось, напрыклад, як улюбёны настаўнiк Элы распавядае вучням, што такое школьны лагер: «Праводзiцца начная школа так: спачатку настаўнiк заводзiць вясёлыя гульнi, якiя дзецi лiчаць нуднымi i некрутымi. Потым каўбаскi падгараюць да чарнаты i тушыцца лясны пажар, якi пачаўся ад вогнiшча. Потым усе аб’ядаюцца цукеркамі так, што ў пяцi чалавек скруцiць жывот, а дваiх званiтуе ў вазон з дырэктарскiм фiкусам». Рэакцыя дзетак прадказальная: «Мы былi проста зачараваныя. Натуральна, што мы страшна захацелi ў начную школу». Непрывычна для нас? Магчыма. Але гiсторыi Астрыд Лiндгрэн у свой час шакіравалi шмат якiх маралiзатараў, а сёння сталi класiкай.

Издания для обзора предоставлены книжным магазином «Академическая книга»,  Минск, пр-т Независимости, 72.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter