Сустрэнемся з вамі на вуліцы...

На чацвёртай сесіі Мінгарсавета было падтрымана рашэнне аб тым, каб увекавечыць у назвах вуліц імёны вядомых беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, вучоных, кампазітараў, грамадскіх дзеячаў.

Цяпер жылы мікрараён Дружба-1,2,3, які ўзводзіцца ў межах праспекта Дзяржынскага — МКАД — чыгункі — Лошыцкай воднай сістэмы, будзе насіць назву фальварка Брылевічы, вядомага па дакументах XVI стагоддзя. Мікрараёну Масюкоўшчына, які зараз будуецца, прысвоілі назву Дамброўка-3,4,5 (таксама ад назвы фальварка).
Вуліцы ў гэтых раёнах толькі праектуюцца, але ўжо маюць назвы. Дэпутаты Мінгарсавета падтрымалі рашэнне аб тым, каб вуліцу пад нумарам 2 на ўчастку ад праспекта Дзяржынскага да праектуемай вуліцы пад чацвёртым нумарам прысвоіць імя Яна Чачота. Беларускі паэт і фалькларыст нарадзіўся ў вёсцы Малюшычы Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Неаднаразова бываў у Мінску. Разам з Адамам Міцкевічам быў арганізатарам Таварыства філаматаў у Віленскім універсітэце. Ян Чачот першым ва ўмовах татальнай паланізацыі беларускай шляхты пачаў актыўна карыстацца роднай беларускай мовай. У сваіх творах адстойваў інтарэсы беларускага сялянства. Вуліца імя Яна Чачота будзе знаходзіцца на паўднёвым захадзе Мінска, якраз у напрамку на Карэліцкі раён, дзе нарадзіўся паэт.
З’явіцца ў Мінску і вуліца Каралінская, ад другой назвы Брылевічаў. Уладальнікі яшчэ называлі маёнтак Каролінам. Існуе версія, што гэта назва паходзіць ад імя жонкі гаспадара фальварка Караліны.
Яшчэ адна праектуемая вуліца будзе насіць імя піяніста, кампазітара і мастака Напалеона Орды — сусветна вядомага майстра, чыім імем ЮНЭСКА абвясціла 2007 год. Творчасць Напалеона Орды была непарыўна звязана з Беларуссю. Нарадзіўся ён у вёсцы Варацэвічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. На яго малюнках помнікаў архітэктуры Беларусі адлюстравалася цёплае пачуццё любові да радзімы.
У назве адной з новых вуліц будзе ўвекавачана і імя польскага культурнага дзеяча Ежы Гедройца. Больш за паўстагоддзя Гедройц узначальваў польскі часопіс “Культура”, які выходзіў у Парыжы. У той час калі большасць польскіх даследчыкаў разглядалі Беларусь як частку Польшчы, Ежы Гедройц у сваіх публікацыях выступаў паслядоўным абаронцам Беларусі і яе незалежнасці.
У мікрараёне Дамброўка-3,4,5 (Масюкоўшчына-3,4,5) адной з праектуемых вуліц прысвоена імя беларускага пісьменніка, акцёра, тэатральнага дзеяча, мастака, народнага артыста БССР, аднаго з заснавальнікаў беларускага тэатра Уладзіслава Галубка. З’явіцца ў гэтым мікрараёне і вуліца імя беларускага цымбаліста, дырыжора, кампазітара і педагога Іосіфа Жыновіча. Адна з вуліц будзе названа ў гонар беларускага гісторыка і грамадскага дзеяча, першага прэзідэнта Акадэміі навук БССР Усевалада Ігнатоўскага. У назвах вуліц будуць увекавечаны імёны беларускага паэта Алеся Гаруна, а таксама вядомых дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі — мужа і жонкі Аладавых. Акрамя таго, дэпутаты падтрымалі прапанову БРСМ аб прысваенні адной з вуліц Мінска імя курсанта Ваеннай акадэміі, кавалера ордэна “За асабістую мужнасць” Дзмітрыя Гвішыані, які, ахвяруючы сваім жыццём, патушыў ахоплены полымем поезд.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter