Сустрэнемся ў Маладзечне!

За сваю гiсторыю Нацыянальны фестываль беларускай песнi i паэзii, якi традыцыйна праходзiць у Маладзечне, паспеў набыць шмат сяброў. Аб тым, каб свята, якое плануецца правесцi ў наступным годзе, не расчаравала сваiх даўнiх прыхiльнiкаў i спадабалася тым, хто трапiць на яго ўпершыню, ужо сёння клапоцiцца аргкамiтэт на чале з вiцэ-прэм’ерам Аляксандрам КОСIНЦАМ.

На пасяджэннi аргкамiтэта, якое прайшло ўчора пад яго старшынствам, былi разгледжаны асноўныя пытаннi, звязаныя з забеспячэннем высокага арганiзацыйнага i мастацкага ўзроўню падрыхтоўкi i правядзення фестывалю. Праграма свята, па словах яго мастацкага кiраўнiка, народнага артыста Беларусi прафесара Мiхаiла Фiнберга, будзе прысвечана 125-м угодкам з дня нараджэння Янкi Купалы i Якуба Коласа i насычана шматлiкiмi прэм’ерамi твораў беларускiх аўтараў. “Удзельнiкамi фестывалю стануць таленавiтая моладзь малых i вялiкiх гарадоў Беларусi, а таксама фальклорна-этнаграфiчныя калектывы i знакамiтыя майстры беларускай эстрады, — адзначыў маэстра. — “Стрыжнем” свята, яго арганiзатарам i творчым выканаўцам будзе па традыцыi Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусi”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter