Гомельскі майстар падарыў універсітэту імя Скарыны графіці з выявай першадрукара

Сустрэнемся ля Скарыны

Малады гомельскі архітэктар Дзмітрый Казлюк да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання падрыхтаваў падарунак гораду — графіці з выявай знакамітага першадрукара, зробленае амаль поўнасцю за грошы аўтара. І месца для размяшчэння выбрана невыпадковае — сцяна аднаго з карпусоў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Карэспандэнт «Р» назірала, як майстар наносіць апошнія штрыхі.


Дзмітрый трасе балончык з фарбай.

— Вы першая, хто ўбачыць канчатковы варыянт! — радуе майстар і лезе на лясы.

Большую частку малюнка малады ўладальнік дызайн-студыі выконваў пэндзлем і валікамі, балончык — для адценняў і пераходаў. 10 хвілін — і графіці закончана. Майстар пачынае спускацца.

— Не страшна па лясах туды-сюды скакаць?

— Ужо 10 гадоў гэтым займаюся. Хочаш рабіць манументальныя творы — вучыся лазіць!

Дзмітрый задаволена аглядае графіці. Каб скончыць работу ў 64 квадратныя метры, спатрэбілася 9 дзён з рэжымам працы з 9 раніцы да 6 вечара. 

— Надпіс пад Скарынай «Святло ведаў перамагае цемру невуцтва». Адкуль гэта фраза?

— Сам прыдумаў! Толькі доўга сумняваўся, як правільна, нават кансультаваўся з беларусаведамі: «невуцтва» або «нявуцтва». Сказалі, што я маю рацыю.

Ад узнікнення ідэі да яе ўвасаблення прайшло шмат часу. Эстэтычная частка — верхавіна айсберга, прызнаецца майстар. Далей патрэбен шэраг узгадненняў, з якімі не кожны чалавек справіцца. 


Наступны — крок фінансавы. Дзмітрый паспрабаваў сабраць грошы праз краўндфандынг, аднак патрымкі там не знайшоў. Тады вырашыў: мільянерам яго назваць нельга, аднак час і сродкі для сацыяльнага праекта вылучыць трэба, залез у запасы. Крыху дапамог і ўніверсітэт. Канчатковую суму майстар не называе, аднак удалося высветліць, што каштуе такое графіці каля 6—7 тысяч рублёў.

Па-за нашымі спінамі пачуўся вокліч захаплення, жанчына шэптам пачала гаварыць свайму спадарожніку, як ёй падабаецца малюнак. 

— Пакуль працаваў, таксама падыходзілі людзі. Многа — якраз з гэтага корпуса. Дзякавалі.

Атрымалася сапраўды добра. З эстэтычнага боку графіці не выбіваецца з агульнага афармлення будынка, з сацыяльнага — яшчэ раз нагадвае пра родную мову і гісторыю.

Падарунак атрымаўся не толькі для гамяльчан, але і для самога Дзмітрыя. 4 жніўня ён адзначыў дзень нараджэння. Яго жаданне — каб твор не застаўся проста малюнкам. Пад ім можна праводзіць урачыстыя лінейкі для першакурснікаў ці проста прызначаць сустрэчы з сябрамі — «пад Скарынай». 

— Я доўга кансультаваўся з профі і падбіраў якасныя фасадныя фарбы, каб роспіс, як стрыжка ў добрага цырульніка, з часам станавіўся толькі лепшым.

Дарэчы, у планах Дзмітрыя яшчэ некалькі сацыяльных праектаў для Гомеля, аднак пакуль сваіх задумак ён не раскрывае. 

valchencko@mail.ru

Фота Івана КУЗМЯНКОВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter