Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У традыцыйным свяце песні і паэзіі “Ракуцёўскае лета”, якое штогод праходзіць у вёсцы Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёна Міншчыны, сёлета паўдзёльнічалі беларусы з Даўгаўпілса

Сустрэчы ля Максімавай крыніцы

“Старонка лепшая ў штодзённіку жыцця!” — так назваў паэт Максім Багдановіч два летнія месяцы 1911 года, праведзеныя ім у беларускай вёсцы Ракуцёўшчына пасля працяглай разлукі з радзімай. Цяпер там штогод праходзіць свята песні і паэзіі “Ракуцёўскае лета”, якое збірае прыхільнікаў творчасці самага маладога класіка беларускай літаратуры. Сёлета ў фэсце  ўпершыню ўдзельнічала дэлегацыя Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры.

На свяце песні і паэзіі “Ракуцёўскае лета”

Улетку 1911 года ў вёску Ракуцёўшчына — цяпер гэта Маладзечанскі раён Мінскай вобласці — прыехаў малады паэт Максім Багдановіч. Яго запрасілі пагасцяваць сябры па “Нашай Ніве” Іван і Антон Луцкевічы, маёнтак належаў іх дзядзьку Вацлаву Лычкоўскаму. Максім Багдановіч вярнуўся праз пятнаццаць гадоў, калі ўжо быў безнадзейна хворым на сухоты... У беларускай вёсцы ён прабыў усяго два месяцы, але яны сталі дзіўна плённымі ў творчасці паэта. Максім Багдановіч напісаў тут найлепшыя свае творы — паэмы “Вераніка” і “У вёсцы”, а таксама сямнаццаць вершаў, якія склалі аснову яго адзінага прыжыццёвага зборніка “Вянок”.

Ужо болей за трыццаць гадоў, з 1983-га, у музеі “Фальварак Ракуцёўшчына” штогод праводзіцца свята песні і паэзіі “Ракуцёўскае лета”. Зямля, якая натхняла Максіма Багдановіча, у апошнюю нядзелю ліпеня збірае прыхільнікаў яго творчасці, таленты беларускай літаратуры і музыкі, народных майстроў, турыстаў.

Музейны комплекс размешчаны ў вельмі прыгожым, маляўнічым месцы і ўключае ў сябе дом гаспадара, домік арандатара, у якім і жыў Максім Багдановіч, гумно, Максімаў сад, крыніцу Максіма, помнік паэту.

Удзельнікаў і гасцей свята павітала намесніца старшыні Мала-дзечанскага раённага выканаўчага камітэта Алеся Лукоўская. А далей на сцэне выступалі спевакі, пісьменнікі, фальклорныя калектывы з Маладзечанскага раёна і Мінска, госці з Санкт-Пецярбурга, Ялты, Даўгаўпілса.

Кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская расказала гасцям свята, што дзякуючы Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры ў Латвіі знаходзілася выстава пра творчасць Максіма Багдановіча, з якой за паўгады азнаёміліся многія жыхары Рыгі, Даўгаўпілса, Екабпілса і Дагды. Жанна Раманоўская ўручыла ў падарунак нядаўна выдадзеную кнігу “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” дырэктару Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Дзмітрыю Яцкевічу. Дарэчы, супрацоўніцтва дзвюх устаноў культуры Беларусі і Латвіі змацавана Пагадненнем аб супрацоўніцтве. Сябра Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Марыя Памецька прачытала верш-прысвячэнне “Ракуцёўскае лета” Станіслава Валодзькі, даўгаўпілскага паэта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Канцэрт працягваўся больш за чатыры гадзіны. Шматлікія гледачы ахвотна ўдзельнічалі ў майстар-класах, квэстах, знаёміліся з выставамі рамеснікаў, куплялі сувеніры і дэгуставалі мясцовыя стравы. Каля крыніцы іх сустракалі траўніцы, загадвалі загадкі і жадалі моцнага здароўя на ўвесь год.

Свята ў Ракуцёўшчыне для даўгаўпілчан стала месцам сустрэч з добрымі людзьмі. Пісьменнік Міхась Казлоўскі падарыў бібліятэцы Цэнтра беларускай культуры новую кнігу твораў латвійскіх беларускіх літаратараў “Крывіцкія руны II”, і мы чакаем яго ў Даўгаўпілсе — будзе свята, прысвечанае 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. На Міжнародны фестываль “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” мелі гонар запрасіць паэта, публіцыста, галоўнага дырэктара Галоўнай дырэкцыі міжнароднага вяшчання Белтэлерадыёкампаніі Навума Гальпяровіча, з якім раней удзельнічалі ў “Полацкіх чытаннях”. Радаваліся сустрэчы з дударом Сяргеем Яруком — ён выступаў на “Купаллі” ў Даўгаўпілсе і Дагдзе. Затаіўшы дыханне, слухалі паэта і барда Алеся Камоцкага, з якім пазнаёміліся ў Рызе на юбілеі аб’яднання беларускіх мастакоў Балтыі “Маю гонар” у Вячкі Целеша.

Свет цесны. Як выдатна, што Беларусь багатая на такія маляўнічыя мясціны, у якіх літаратары чэрпаюць натхненне і ствараюць шэдэўры, пакідаючы іх у спадчыну нашчадкам.

Марыя Памецька, метадыст Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры, Латвія

Голас Радзімы № 32 (3536), чацвер, 24 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter