На Замкавай гары ў Мсціславе праводзяць археалагічныя раскопкі і ладзяць фестываль сярэдневяковай культуры

Сустрэча з мінулым твар у твар

На Замкавай гары ў Мсціславе праводзяць археалагічныя раскопкі і ладзяць фестываль сярэдневяковай культуры


Штолета ў Мсціславе адбываецца фестываль сярэдневяковай культуры. Невыпадкова, што менавіта тут. Бо ж праўда, цяжка знайсці на ўсходзе Беларусі больш каларытны горад для такога свята. Усё тут прасякнута духам даўніны.


Калі вы едзеце сюды ўпершыню, то можа здацца, што Мсціслаў — гэта вёска. Драўляныя дамы з рознакаляровымі ліштвамі, выразанымі так, што непадобныя адна да адной, страка-цяць у акне аўтамабіля. Ах, усклікаеш, якое каларытнае сяло! Але раптам з-за пагоркаў з’яўляюцца крыжы касцёла і царквы, а ўздоўж дарогі драўляныя хаты змяняюцца на мураваныя дамы — моцныя, з чырвонай цэглы. Так будавалі больш за сто год таму. І ўсё гэта выстаяла, тут дагэтуль жывуць людзі.

Традыцыі ладжання святаў з рыцарскімі баямі, кірмашамі рамеснікаў у Мсціславе ўжо некалькі гадоў. І шторазу тут з’яўляецца нейкая новая славутасць, якая прываблівае турыстаў. Добраўпарадкуецца Замкавая гара, дзе хлопцы ў кальчугах паказваюць майстэрства валодання мячом. А побач ставяць помнікі вялікім папярэднікам сучасных асілкаў у латах: раней з’явіліся камяні ў гонар Сімяона Лугвена, сына Альгерда, мсціслаўскага князя, у памяць пра невядомага ваяра пачатку XVI стагоддзя, чые даспехі знайшлі ў водах ракі Віхры. Сёлета паставілі капліцу, што ўшаноўвае святога благавернага князя Расціслава Мсціславіча — яго лічаць заснавальнікам горада. А назваў ён паселішча ў гонар свайго бацькі.


Адзін з найстаражытнейшых гарадоў Усходняй Еўропы цяпер жыве адной нагой у мінулым, якое тут адчуваецца амаль на кожнай вуліцы, другой— у сучаснасці. У гэтым — унікальны патэнцыял Мсціслава, які можа лепш за які хочаш падручнік гісторыі расказаць пра тое, як і чым жылі нашы продкі.

Іду вуліцамі горада, і мемарыяльныя шыльды ў гонар аднаго з першадрукароў Пятра Мсціслаўца, аўтара першага беларуска-рускага слоўніка Івана Насовіча, паэта Аркадзя Куляшова, гісторыка Міхася Ткачова сведчаць, што тут — даўні асяродак культуры і духоўнасці.

Муры старых кляштараў і касцёлаў усё яшчэ чакаюць рэстаўратараў, але можна не сумнявацца, гледзячы на іх, што гэты стары цэнтр княства, ваяводства, павета не толькі быў, але і яшчэ будзе адным са славутых гарадоў.


Калі б я трапіў у Мсціслаў упершыню і не ведаў, што тут ладзіцца фестываль сярэднявечнай культуры, то падумаў бы, што тут аднавілі атмасферу традыцыйнага кiрмашу. Кірмаш даўней ладзіўся ў горадзе ці мястэчку рэдка, у найлепшым выпадку некалькі разоў у год — на вялікае царкоўнае свята. І гэта была галоўная падзея ў эканамічным і культурным жыцці горада ці мястэчка і наваколля. Такім па сутнасці і ёсць на працягу вось ужо некалькіх гадоў мсціслаўскі фестываль. Унікальны архітэктурна-прыродны ландшафт горада, намаганні мясцовых уладаў прыцягваюць сюды тысячы гасцей.

Адзіная праблма — як сюды дабрацца. Доўгая дарога вядзе ад Мінска ў Мсціслаў. Нават на машыне на ўсёй хуткасці, без прыпынкаў шлях займае больш за 4 гадзіны. А грамадскім транспартам ледзь не паўсветлавога дня. Аднак ёсць надзея, што ў будучыні сюды пракладуць такую ж прыгожую чатырохпалосную шашу, што вядзе да Магілёва са сталіцы. Яна як страла — простая і накіравана на абласны цэнтр. А ад Магілёва да Мсціслава — гадзіна язды.


І вось вы на месцы. А перш за ўсё кіравацца трэба да Замкавай гары, дзе галоўныя ўдзельнікі фестывалю — рыцары — сышліся ў шматлікіх двубоях. Гледачоў тут як на футбольным матчы. Людзі пратачыліся праз вузкі праход паміж моцнымі абарончымі валамі замчышча. І ўсе натхнёна балеюць. Выходзіць рыцар з Мінска — “трыбуны” шумяць. З Навагрудка — апладзіруюць. З Заслаўя — усклікаюць. А вось і мясцовы, мсціслаўскі ваяр — тут ужо народ гучнымі воплескамі паказвае, хто ў доме гаспадар. І свой баец у адказ спрытна дэманструе, чаго варты: летучы з усім спрытам на сваім кані, дзідай падкідвае высока ў неба чырвоную анучку. Няхітры конкурс прымушае некаторых воінаў панервавацца: не ўсе спраўляюцца з задачай.

На свята з’ехаліся музычныя, танцавальныя і тэатральныя гурты, народныя ўмельцы як з Беларусі, так і з суседняй Расіі. Больш за 20 рыцарскіх клубаў. Турніры, конныя забавы, спаборніцтвы лучнікаў, начныя бугурты, штурм замка, майстар-клас баявога майстэрства — усё гэта ўражвае. Спецыяльна для начнога штурму замка лучнікамі была пабудавана крэпасць, якую ўдзельнікі спалілі вогненнымі стрэламі. Такое можна ўбачыць толькі ў кіно і тут — у Мсціславе. Сярэдневяковую атмасферу свята падтрымлівалі выступамі зоркі беларускай фальклорнай сцэны: калектывы “Літы талер”, “Млын Сонца”, “Стары Ольса”. А майстар-клас для гледачоў па сярэдневяковых танцах даваў гурт “Яварына”.


Мсціслаўскі фестываль дае ўнікальную магчымасць азнаёміцца з багатым гістарычным мінулым і архітэктурай старажытнага горада. Я падыходжу да лавак, дзе гандлююць дзіўнымі рэчамі майстры з Рэчыцы. Прапаноўваюць купіць сталёвыя пальчаткі. Сапраўдныя, рыцарскія. Не сярэднявечныя, сучасныя, але з выгляду зусім неадрозныя ад тых, якія я бачыў у музеях. Даюць прымерыць. Замалыя. Разлічаны на моцную руку салдата, а не пісьменніка. А па зручнасці — проста ідэальныя: сядзяць лепш, чым рукавіцы. Сакрэт просты: яны толькі звонку металічныя, а з боку далоні — з тканіны. Такі “аксэсуар”, калі не шкада грошай, варта набыць, каб пакласці на кніжную паліцу і здзіўляць гасцей. Адкуль, спытаюць. А ў адказ можна і пафантазіраваць — ад продкаў...

Багатая спадчына нашых прашчураў натхняе людзей у розных гарадах краіны арганізоўваць рыцарскія клубы і вучыцца старажытным звычаям. Як распаліць агонь крэсівам і крэменем — гэта мне таксама паказалі рамеснікі. Спецыяльныя прыстасаванні ў cкураной торбачцы можна таксама набыць. Але не стаў браць. Мо камусьці больш патрэбныя. А ў мяне дома газавая пліта і электрычны чайнік. А вось калі вы заўзяты аматар паходаў на прыроду, то з такой старадаўняй “запальнічкай” будзеце сапраўдным аб’ектам зайздрасці сяброў. Тут цэлае мастацтва — высечы іскру жалезам аб камень!


Мастацтва, якім пад сілу авалодаць толькі сапраўдным рамантыкам — як пашыць касцюм па модзе мінулых стагоддзяў. Або скласці каралеўскі шацёр. А ўдзельнікі фэсту як быццам вучыліся гэтаму змалку. Яны ў сваіх уборах не выглядаюць дзіўнымі лю-дзьмі — здаецца, вось так жывуць і апранаюцца штодня. І паводзяць сябе натуральна ў гэткім амплуа. Мы іх можам убачыць такімі — усё ж такі, як ні круці — незвычайнымі — толькі на святах накшталт мсціслаўскага.

Гэтым такія фестывалі і добрыя — магчымасцю сустрэцца з мінулым твар у твар.

А ў Мсціславе свята сярэднявечнай культуры становіцца яшчэ і нагодай адкрыць многія славутасці, якія знаходзяцца звычайна на замку. Тут ацалелі, па маіх падліках, тры касцёлы і чатыры, а то і пяць кляштараў. З іх дзейнічае толькі храм Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Пакуль што набажэнствы праходзяць у сціплай каплічцы. А рэшта прасторы знутры “закратавана” будаўнічымі рыштаваннямі. Іх паставілі яшчэ ў 1970-я гады. Пачыналі рэстаўрацыю, але так і не давяршылі (дарэчы, сярод тых, хто ўклаў сваю лепту ў важную справу захавання помніка дойлідства — вядомыя пісьменнікі і мастакі Уладзімір Сцяпан і Адам Глобус).

Яшчэ некалькі гадоў таму зала, дзе калісьці ўзносіліся малітвы да Бога, была завалена будаўнічым смеццем. Цяпер адбыліся вялікія змены: прастора храма вызвалена ад усяго лішняга. І можна хадзіць між калонамі, падняцца на вежу, убачыць неапісальнай прыгажосці панараму з Замкавай гарой, спусціцца ў сутарэнні і, сагнуўшыся ў тры пагібелі, праходзячы пад нізкімі аркамі і скляпеннямі, адчуць сябе “ў шкуры” манаха ордэна кармелітаў. У падвале мясцовы краязнаўчы музей цяпер рэгулярна арганізуе выставы. Засталося дачакацца вяртання сюды прафесіяналаў, якія адновяць ранейшае аблічча шэдэўра архітэктуры, бо касцёл знакаміты — ён упісаны ў гісторыю беларускага мастацтва, размаляваны прыгожымі фрэскамі.

Купляючы ў “горадзе майстроў” магніт з мсціслаўскім гербам, частуючыся ў сялянак з навакольных вёсак вішнямі і піражкамі, я пакідаю Мсціслаў з верай, што cвята сярэдневяковай культуры тут будзе ладзіцца не адзін раз у год, а стане круглагадовым. Гэты мае ўсе задаткі, каб стаць такой жа самай жамчужынай, як праслаўленыя на ўвесь свет Мір і Нясвіж.


Мсціслаў аказаўся на паўстагоддзя старэйшым, чым лічылася раней. Пра гэта паведаміў загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк. Новую дату нараджэння горада ўдалося вызначыць спецыялістам Міністэрства лясной гаспадаркі, якія дэндрахраналагічным метадам даследавалі па гадавых кольцах драўніну перададзеных ім археолагамі драўляных фрагментаў самай старажытнай дубовай маставой. Ігар Марзалюк сцвярджае, што ўвесь горад быў пабудаваны паміж 1098 і 1101 гадамі: “Аб больш раннім паходжанні горада, чым паказвае летапісная крыніца, сведчаць, акрамя маставой, і іншыя драўляныя будынкі, якія датуюцца яшчэ больш раннім перыядам. Мсціслаў упершыню згадваецца ў летапісе пад 1156 годам як крэпасць на заходняй мяжы Смаленскага княства”.

Сёлета ў час археалагічных раскопак на Замкавай гары быў знойдзены бронзавы абразок ХIII-XIV стагоддзяў з выявай рымскага імператара Канстанціна і яго маці Алены. Месца раскопак на гары будзе музеефікавана. Спецыяльная група рэстаўратараў правядзе работу па кансервацыі драўляных пабудоў і дэталяў маставых адмысловымі сінтэтычнымі рэчывамі, дзякуючы чаму яны прастаяць яшчэ доўгія дзесяцігоддзі і будуць даступныя для агляду турыстамі. Раскоп закрые ад дажджу і сонца драўляная канструкцыя, якая будзе імітаваць княскі церам. Тут будуць паказаныя знаходкі: вырабы з металаў, шкла, дрэва, гліны, косці, тканіны, шматлікія ўпрыгажэнні, посуд.

Віктар Корбут
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter