Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Куфар беларускіх скарбаў, што збіраецца ў латышскім Даўгаўпілсе, папоўніўся народным беларускім касцюмам

Сустракаюць па адзенні

“Куфар беларускіх скарбаў” — так называецца праект Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК), прысвечаны 100-годдзю Латвійскай Рэспублікі. Як стартавала ў студзені гэтая цікавая мастацка-краязнаўчая акцыя, газета ўжо расказвала (“Куфар скарбаў беларускіх” . —  ГР, 22.02.2018). А завершыцца наш праект у лістападзе яркім фестывальным канцэртам і адкрыццём музейнай экспазіцыі. У плыні праекта 21 лютага 2018 года ў ЦБК прайшла вечарына, тэмай якой  стаў народны беларускі строй.

“Модны паказ” беларускіх строяў у Даўгаўпілсе

Як вядома, у беларускай народнай культуры куфар — сакральны, культавы прадмет. У яго жанчыны складвалі раней зробленыя ўласнымі рукамі вырабы: вышытыя ручнікі, тканыя абрусы й пакрывалы, плеценыя паясы, пашытыя нацыянальныя касцюмы ды іншыя рэчы, неабходныя ў гаспадарцы цягам жыцця. Па змесціве куфра бачна было, что за чалавек нявеста: наколькі яна працавітая, акуратная, эканомная. Не выпадкова ж вядомы пісьменнік Уладзімір Караткевіч неяк прымеціў: “Праз куфар бачна жыццё чалавека”.

Да 100-годдзя Латвіі наш ЦБК ужо адкрыў свой куфар, паклалі ў яго ручнікі з розных абласцей Беларусі. Чарговай тэмай праекта стаў касцюм. Народнае адзенне — вынік доўгіх і складаных працэсаў развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры. У касцюме люструецца этнічная ўнікальнасць беларусаў. Пасля мовы менавіта народны касцюм — наша найважнейшая этнаадметнасць.

Касцюм наш мае ўзаемаўплывы з латышскай, літоўскай, польскай, рускай і ўкраінскай традыцыямі. Ды ўсё ж ён — самабытны, вылучаецца багаццем тэхнік афармлення: вышыўка, узорнае ткацтва, карункі, аплікацыя. Хоць Беларусь і параўнальна невялікая краіна, у ёй налічваюцца 22 варыянты нацыянальнага касцюма па 6 рэгіёнах: Цэнтральная Беларусь, Усходняе і Заходняе Палессе, Панямонне, Наддзвінне ды Прыдняпроўе. Рэгіянальныя асаблівасці ў асноўным прыхаваны ў дэталях касцюма, матывах і сюжэтах арнаменту, спосабах нашэння частак касцюма, у ягонай каляровай гаме.

Так што ў былыя часы па касцюме было можна не толькі вызначыць, з якой мясцовасці чалавек, але й яго сямейнае становішча, нават прыкладны ўзрост. Пра гэта ды многае іншае ў маляўнічай і вобразнай форме распавядала кіраўніца культурных праектаў і сцэнарыстка вечарыны Галіна Сантоцкая. Яна так і сыпала беларускімі песнямі, вершамі, прыказкамі.

Вечарына была з песнямі

На вечарыне гучала шмат пазнавальнай інфармацыі пра асаблівасці жаночага народнага касцюма, была паказана разгорнутая прэзентацыя, адбыўся “модны паказ”: было прадстаўлена мноства разнастайных касцюмаў, якія ёсць у Цэнтры беларускай культуры. Удзельнікі творчых гуртоў пад музыку (канцэртмайстар Вячаслаў Пятроў) прайшліся ў паказе-дэфіле ў сваіх яркіх і маляўнічых беларускіх народных строях пад шчодрыя апладысменты шматлікіх гледачоў. На вечарыне гучалі народныя песні, выконваліся танцы — гэта рабілі артысты з гуртоў “Купалінка”, “Лянок”, “Паўлінка”, “Спадчына”, “Пралескі”. Гучалі вершы, былі сольныя нумары.

Вядучая вечарыны, кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская прадэманстравала гістарычную рэканструкцыю касцюма Віцебскага рэгіёну і падрабязна расказала пра ансамблі мужчынскага і жаночага адзення. У камплект жаночага касцюма, нагадала яна, уваходзілі кашуля, спадніца, фартух, пояс, безрукаўка, галаўны ўбор. Кашуля шылася з ільнянога даматканага палатна. Тканымі ці вышытымі ўзорамі з чырвонай або чырвона-чорнай пражы ўпрыгожваліся звычайна рукавы, плечы, каўнер, манжэты. Спадніца — шарсцяная альбо ільняная, мае разнастайныя колеры і ўзоры (клетка, паласа). Белы ільняны фартух каларытам і арнаментам спалучаецца з кашуляй. Ніз вырабу прыгожыўся махрамі, карункамі. Безрукаўка (гарсэт) — частка святочнага касцюма, выраблялася з фабрычных тканін (шоўк, аксаміт, парча), багата ўпрыгожвалася вышыўкамі. Пояс жа, сакральны элемент, можа быць тканым, плеценым або вязаным, разнастайнай каляровай гамы, багата ўпрыгожваецца арнаментам.

Сяброўка суполкі “Уздым” Валянціна Анікіна і салістка харавой капэлы “Спадчына” Рэгіна Родзікава падарылі ЦБК для музейнай экспазіцыі кавалак даматканага ільнянога палатна і даўнія беларускія ручнікі.  Усе дароўцы, дарэчы, будуць ушанаваныя падзячнымі граматамі, а іх імёны  мы ўнясем у летапіс стваральнікаў Музея беларусаў Латгаліі.

Наступную вечарыну прысвецім поясу, плануем правесці яе ў фармаце майстар-класа на вячорках.

Марыя Памецька і Жанна Раманоўская, г. Даўгаўпілс

Голас Радзімы № 11 (3563), чацвер, 22 сакавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter