Земной шар на постаменте, МАЗ и новогодняя елка со светодиодным экраном: какие еще световые новинки появятся в Минске?

Сустракайце: яркія фігуры!

Памятаеце, як у 2015 годзе ў сталіцы з’явіліся навагоднія шары — першыя аб’ёмныя светлавыя фігуры? І зараз у калядныя і навагоднія святы яны радуюць мінчан і гасцей горада. Менавіта з гэтых аб’ектаў пачалася «светлавая гісторыя» Мінска. З таго часу да канца мiнулага года ўстанавілі 9 светлавых фігур. На гэты год запланавалі 8 — з іх  паставілі ўжо 4. Карэспандэнт «Р» даведалася, якія новыя элементы з’явяцца ў горадзе і як іх ствараюць.

Уладлен ЧУХІН паказвае макеты таго, што было, і што ўстановяць вось-вось.

Распрацоўкай новых яркіх элементаў займаецца УП «Мінгарсвятло». Раней прадпрыемства адказвала ў асноўным за стацыянарныя ілюмінацыі і падсвет, зараз яго супрацоўнікі рады ствараць і іншыя цікавыя аб’екты.

— Пра такія аб’ёмныя фігуры, якія з’яўляюцца зараз, і не думалі. Існавала нешта падобнае, але не настолькі цікавае і якаснае, — за маніторам камп’ютара Уладлен Чухін, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела УП «Мінгарсвятло», паказвае макеты таго, што было, і што ўстановяць вось-вось. — Калегі глядзелі ў інтэрнэце, што з’яўляецца ў сталіцах іншых краін, ездзілі на адпачынак і прыязджалі адтуль з уражаннямі, якія захацелі перанесці да нас. Так з’явіліся навагоднія шары, якія на той момант карысталіся папулярнасцю ў Прыбалтыцы і Расіі. Мы дадалі сваю фішку: зрабілі іх з уваходам, лаўкамі ўнутры, каб усе маглі зрабіць яркія фотаздымкі.

Спачатку майстравалі фігуры самі, у тым ліку і «Падарунак» каля Палаца спорту. Калі ж канструктарскія думкі сталі больш дасканалымі, а тэхнічныя асаблівасці   складанымі, звярнуліся ў арганізацыі, якія маглі б выканаць якасна тое, што хацелася б. За сабой пакінулі распрацоўку праекта, каляровага дызайну, электрычных схем.

— Жыхарам горада фігуры спадабаліся, і ўзнікла неабходнасць іх устанаўліваць яшчэ больш. Ды так, каб не толькі ў цэнтры горада з’яўляліся, але і на іншых вуліцах, — успамінае, як усё адбылося, Уладлен Віктаравіч. Дарэчы, нягледзячы на тое, што фігур становіцца больш, людзі пытаюцца: «А калі будзе ў нас?». — Але працэс стварэння няпросты. Распрацоўка, узгадненне, праходжанне камісіі і правядзенне тэндара на выкананне — кожнай аб’ёмнай фігуры надаецца шмат часу.


У пачатку для канструкцый выкарыстоўваўся чорны метал, які ў гарадскіх умовах і пры нашым надвор’і не заўсёды заставаўся як новенькі. Даводзілася часта падфарбоўваць, рамантаваць. Метал пачалі цынкаваць, а пасля выкарыстоўвалі алюміній розных канфігурацый, які не каразіруе. Ён зараз іграе галоўную скрыпку ў канструкцыях. Яго перавагі заключаюцца таксама ў тым, што ён лёгкі ў прамым сэнсе ў выкарыстанні — мантаж фігур стаў прасцей.

Што зроблена зараз? Сёлета ў Мінску ўстанавілі светлавую аб’ёмную кампазіцыю «Зубр» на праспекце Дзяржынскага. Стаіць ён на пастаменце з узорам. Зрабілі плоскасці аб’ёмнага прасторавага каркаса з ліста перфараванай нержавейкі. Запоўнены каркас, як і ў іншых фігур, святлодыёднай гірляндай «стрынг-лайт» — таўшчынёй з аловак, а таксама святлодыёдным дзюралайтам — таўшчынёй з палец. Гірлянда і дзюралайт мацаваліся з дапамогай пластыкавых крапежных сцяжак з абаронай ад ультрафіялетавага выпраменьвання.

Устанавілі таксама і светлавую кампазіцыю «Ласі» на вуліцы Прытыцкага, аб’ёмную постаць «Колас» на плошчы Якуба Коласа — гэта разгорнуты ліст скрутка з пяром. На плошчы Свабоды размясцілася кампазіцыя «Конь і карэта». У канцы кастрычніка — пачатку лістапада на Партызанскім праспекце з’явіцца аб’ёмная фігура МАЗа — стылізаваная мадэль самазвала.

— Ужо да Новага года з’явіцца «Светлавая галерэя» на плошчы Свабоды. Гэта шэсць асобных стылізаваных фігурных аб’ёмных арак па 3 на кожную пешаходную дарожку, — паказвае прыгожы макет Уладлен Чухін. — Прыкладны памер адной аркі каля 4 метраў у вышыню, шырыня — 3 метры, вышыня праёму — 2,5 метры. Канструкцыя са «стрынг-лайтам» будзе працаваць з эфектам страбаскопа.

Вуліца Герцэна таксама зменіцца. І даволі незвычайна: з’явіцца кампазіцыя «Светлавы бульвар» — гэта пяць асобных стылізаваных фігур гістарычных персанажаў у старадаўнім адзенні, якія быццам бы крочаць. Выглядаць будуць практычна як скульптуры. Да таго ж перад 31 снежня на Кастрычніцкай плошчы з’явіцца «Конь з санкамі»: ён белага халоднага колеру, сані — белага цёплага высвятлення. Усе фігуры працуюць і будуць працаваць з моманту ўключэння вулічнага асвятлення і да 12-й гадзіны ночы, у святы — даўжэй. Іх спажыванне электрычнасці не болей, чым у кухоннай пліты — ад 1,5 да 2,5 кВт у гадзіну.

Уладлен Чухін кажа:

— Хутка на праспекце Пераможцаў усталюем рознакаляровы бліскучы шар на пастаменце — зямны шар, які верціцца. На ім будзе лагатып II Еўрапейскіх гульняў. Сёлета і галоўная ёлка будзе з незвычайным афармленнем: будуць ужыты пiксельныя гiрлянды, якiя ствараюць эфект святлодыёднага экрана. Такога ў краіне яшчэ не было.

Фота аўтара і з архіва УП «Мінгарсвятло»

kasel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter