Мини-концерты, квесты и средневековый печатный станок: какие еще сюрпризы приготовили для посетителей в Ночь музеев

Сустракаемся апоўначы

Ледзь паспелi адсвяткаваць Мiж­народны дзень музеяў, якi адзначаецца 18 мая, нас зноў запрашаюць атрымаць асалоду ад мастацтва — на гэты раз ужо ноччу. Сёння пасля заходу сонца дзясяткi музейных супрацоўнiкаў застануцца на працоўных месцах i з радасцю сустрэнуць наведвальнiкаў, каб прапанаваць iм насычаную культурную праграму ў рамках Ночы музеяў. З прыемнага — знiжаны кошт на ўваходныя квiткi, незвычайныя экспанаты i займальныя актыўнасцi. Карэспандэнт «Р» разбiраўся, куды варта нанесцi вiзiт гэтым вечарам.

Беларусь як член Мiжнароднага савета музеяў ICOM праводзiць Ноч музеяў ужо больш за 15 гадоў. 
Фото  БЕЛТА

Сам-насам з космасам

Нацыянальны гiстарычны музей на вечар ператворыцца ў мiжгалактычную прастору. Галактыка беларускага касцюма здзiвiць гасцей выставы «Беларускi касцюм: традыцыi i сучасны дызайн». Вялiкая колькасць музейных знакаў адкрыецца ў працэсе праходжання квеста «Космас кнiг i сэнсаў» — таямнiчага, як чорная дзiрка. Сузор’i экспанатаў прывядуць да дзiўных адкрыццяў i прыемных сюрпрызаў. Гiсторыя заваявання космасу паўстане на праекце «108 хвiлiн. Дарога ў космас». А на планеце Друку на адноўленым друкарскiм станку XVI стагоддзя можна будзе зрабiць адбiтак першай старонкi Бiблii Францыска Скарыны. Кошт уваходнага квiтка вар’iруецца ад 4 да 8 рублёў. Затое ў дворыку музея ўся праграма будзе бясплатнай.

Нацыянальны мастацкi музей са слоганам «Сам-насам з мастацтвам» сёлета вернецца да фармату класiчнай Ночы музеяў, якi не арыентаваны на актыўнасцi. Па словах намеснiка генеральнага дырэктара па навуковай i асветнiцкай працы музея Святланы Анейка, арганiзатары хочуць даць магчымасць гледачу пагрузiцца ў мастацтва, пабыць з iм сам-насам, атрымаць асалоду ад яго ў цiшынi, пры мiнiмальнай колькасцi людзей, пры магчымасцi пачуць i адчуць творы. Для гэтага ў музеi будуць адкрыты пастаянная экспазiцыя рускага мастацтва XVIII—XX стагоддзяў, сакральная выстава «Для чаго ты мяне пакiнуў?» i выставачны праект «Мора. Неба. Аблокi». Што да кошту, то наведванне абыдзецца ў 4 рублi для дарослых i 2 — для навучэнцаў.

Сапраўдная атмасфера дваранства

Не адстаюць ад акцыi i абласныя музеi. У Гомельскiм палацава-паркавым ансамблi пройдзе праграма «Прастора/космас памiж намi». У Калоннай зале палаца з тысяч валокнаў-нiтак паўстане макраiнсталяцыя «Дрэва сусвету», а ў зале ўрачыстых прыёмаў размесцiцца сад добрых пажаданняў, дзе наведвальнiкi будуць абменьвацца пасланнямi з невядомым сябрам. Яркiм акордам стане несмяротная арганная музыка I. С. Баха, якая прагучыць у Белай гасцiнай i паўднёвай галерэi палаца. Паглядзець праз павелiчальнае шкло на вытанчаныя экспанаты выставы «Напалеон III у Гомельскiм палацы» прапануюць у зале «Мiкракосмас». А ў зале «Дом», дзе зараз прадстаўлена экспазiцыя «Жылы iнтэр’ер канца XIX — пачатку XX ст.», наведвальнiкаў чакаюць прыемныя гутаркi i вясёлыя гульнi ў коле сяброў. Наведванне свята будзе каштаваць 5—10 рублёў.

У вiцебскiм арт-цэнтры Марка Шагала ў рамках акцыi адкрыецца выстава з музейнай калекцыi «Марк Шагал i мастакi мястэчак», у якую таксама ўваходзiць графiка Рыбака, Каплана i Гяршова. Па выставе распрацаваны творчыя заданнi i квесты, якiя арганiзатары прапануюць прайсцi ўсiм жадаючым гэтым вечарам. Для маленькiх наведвальнiкаў будзе арганiзаваны паказ мультфiльмаў пра мастацтва, для старэйшых вiзiцёраў — дакументальных фiльмаў пра Марка Шагала. Завершыцца вечар майстар-класам па вiтражнай творчасцi беларускага генiяльнага мастака. Характэрна, што ўсе актыўнасцi будуць праводзiцца на бясплатнай аснове.

Таксама сёння на тэ­ры­торыi палацавага ансамбля ў Нацыяналь­ным гiсторыка-культур­ным музеi-запаведнiку «Нясвiж» адбу­дзецца фестываль, прысвечаны культуры, воiнскiм традыцыям i музыцы XVI—XVIII стагоддзяў. Гасцей чакаюць музыка XVI—XVIII стагоддзяў, майстар-класы па танцах i гiстарычным фехтаваннi, паказальныя паядынкi. Кульмiнацыяй свята стане рэканструкцыя эпiзодаў ваенных дзеянняў з удзелам Рэгiмента Януша Радзiвiла. У гэты ж час у экспазiцыi палацавага ансамбля будзе праходзiць анiмацыйная праграма «Па залах i эпохах». Наведвальнiкi ўбачаць найбольш велiчныя залы i «сустрэнуцца» з уладальнiкамi Нясвiжа з розных гiстарычных эпох. Мiкалай Хрыстафор Радзiвiл Сiротка раскажа пра сваё падарожжа на Святую зямлю, Пане Каханку павесялiць самымi неверагоднымi гiсторыямi, Марыя Ружа Бранiцкая адкрые некаторыя сакрэты княжацкай кухнi. Завершыцца вечар яркiм вогненна-пiратэхнiчным шоу. Трапiць на мерапрыемства можна за 7,5 рубля (для школьнiкаў i студэнтаў) або 15 рублёў (для дарослых). 

КАМПЕТЭНТНА

Аляксандр ХРАМЫ, старшыня Рэспублiканскага савета дырэктараў музеяў:

— У нашай краiне ўжо стала добрай традыцыяй, акрамя Дня музея, праводзiць цэлую музейную ноч як працяг прафесiйнага свята музейшчыкаў. Для зручнасцi людзей гэта мерапрыемства, як правiла, пераносiцца на суботу. Гараджане могуць на працягу ночы хадзiць па розных установам культуры. Кожная рыхтуе ўнiкальную праграму, каб падкрэслiць сваю самабытнасць. Запрашаюцца калектывы, чытаюцца творы, цытуюцца класiкi, робiцца рэканструкцыя гiстарычных падзей, праводзяцца лекцыi.

Беларусь як член Мiжнароднага савета музеяў ICOM праводзiць дадзеную акцыю ўжо больш за 15 гадоў. Не было такога года, за выключэннем мiнулага (акцыя праходзiла анлайн), каб Ноч музеяў не адбылася. Сёлета музеi вырашылi вярнуць свята ў афлайн-фармат i па магчымасцi праводзiць мерапрыемствы на адкрытым паветры, каб не сабiралася вялiкая колькасць людзей. Усiх папярэджваем, што ўваход дазволены толькi ў масках i трэба выконваць сацыяльную дыстанцыю.

grudnitskiy@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter