Суседзі Коласа

Так і сёння называюць сябе жыхары Стаўбцоўшчыны. А ў славутым родзе Міцкевічаў сёння больш за трыста чалавекАтрымліваць лісты заўсёды прыемна. Асабліва — ад нашых чытачоў, і асабліва — з удзячнасцю журналістам. Ветэран Узброеных сіл Уладзімір Голуб выказвае “Народнай газеце” падзяку за матэрыялы, прысвечаныя 125-годдзю Якуба Коласа. Непасрэдна 125 год з дня нараджэння песняра краіна будзе святкаваць 3 лістапада, нагадвае чытач і просіць расказаць больш падрабязна пра нашчадкаў Коласа — сучаснае пакаленне сям’і Міцкевічаў, пра тое, як сёння ўшаноўваецца памяць класіка і ці памятае пра Коласа моладзь на радзіме песняра. Атрымаўшы ад чытача “заданне”, напярэдадні юбілею аўтара “Новай зямлі” еду ў яго “родны кут” — на Стаўбцоўшчыну.

Зямля, што родзіць таленты
У Стоўбцах партрэт Коласа вісіць нават на чыгуначнай станцыі. Гэта не дзіўна: тут — зямля Коласа, яго родныя мясціны. І сёння, больш чым праз паўстагоддзя пасля смерці класіка паўсюль тут адчуваецца яго прысутнасць.
Родны кут, апеты Коласам у славутай “Новай зямлі”, — гэта Акінчыцы, дзе 3 лістапада 1882 года нарадзіўся будучы класік; Ласток, з якім звязана яго ранняе дзяцінства; Альбуць, куды сям’я Міцкевічаў перасялілася, калі Костусю было 9 год і дзе паэт зрыфмаваў першыя, яшчэ дзіцячыя паэтычныя радкі; і Смольня, куды Колас вярнуўся пасля вызвалення з Мінскага астрога. Сёння ўсе яны — мемарыяльныя сядзібы.
...У Акінчыцах — светлая хатка, добры драўляны дух, ля акенца — калыска.
Цікава, гэта рэканструкцыя, ці гэтая калыска памятае першае слова хлопчыка, якому наканавана было стаць вялікім паэтам?
Напэўна, у задуменні я задала гэтае пытанне ўслых, бо раптам пачула адказ.
— Тут усё сапраўднае!
Мая нечаканая суразмоўца, прыгожая маладая дзяўчына, усміхаецца мне.
— Вы — супрацоўніца музея?
— Не, — адказвае яна. — Я — суседка Коласа. Тут недалёка мой дом.
— Кажуць, вытокі таленту Коласа — у надзвычайнай прыгажосці гэтых мясцін. Прырода ў нас сапраўды прыгожая — маляўнічыя лясы, велічны Нёман. Але, мне падаецца, на Стаўбцоўшчыне — нейкая асобая аўра, што спрыяе нараджэнню і развіццю літаратурных талентаў, — гаворыць Яўгенія Лапко, метадыст раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама. — Досыць сказаць, што амаль кожны, хто нараджаецца тут, з маленства спрабуе пісаць — вершамі, прозай. З лёгкасцю можна пералічыць не менш як два дзясяткі вядомых пісьменнікаў, што нарадзіліся і выраслі на Стаўбцоўшчыне. У нас у раёне праводзіцца нямала творчых мерапрыемстваў, і ні адно з іх не адчувае недахопу ў талентах. Напрыклад, наш традыцыйны фестываль гумару “Мікалаеўшчынская прыстанька” выявіў сярод нашых землякоў нямала таленавітых сатырыкаў.
Сямейныя традыцыі — ад Коласа
Напачатку мінулага стагоддзя ў Смольні, куды сям’я Коласа пераехала ўжо пасля смерці бацькі, лесніка Міхася Міцкевіча, малады паэт пасадзіў у двары свайго дома дзве ліпкі. Яны зелянеюць і зараз кожную вясну — моцныя, высокія. Пад гэтымі ліпамі і адбылася мая размова з унучкай Коласа, Верай Міцкевіч.
— Я нарадзілася апошняй з унукаў і дзеда не памятаю, — прызнаецца Вера Данілаўна. — Ды і бабулю, Марыю Дзмітрыеўну, не бачыў ніхто з унукаў — яна памерла адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, маю стрыечную сястру назвалі Марыяй у яе гонар. Але сямейныя традыцыі, закладзеныя дзедам і бабуляй, жывыя і сёння, мы раслі і выхоўваліся на іх. Напрыклад, добразычлівыя, гасцінныя адносіны ў сям’і, строгую павагу малодшых да меркавання старэйшых, і павагу кожнага кожным — усё гэта завёў яшчэ дзед.
Традыцыйна ў родзе Коласа заўсёды было шмат дзяцей. У бацькоў песняра — Міхаіла Казіміравіча і Ганны Юр’еўны — было трынаццаць сыноў і дачок. Сёння сям’я нашчадкаў паэта налічвае больш за трыста чалавек, і многія з іх заняты высакароднай справай коласазнаўства. Вера Міцкевіч таксама доўгі час была супрацоўніцай Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, зараз працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
— Тое, што я — унучка такога чалавека, якога ведаў, напэўна, кожны не толькі ў Беларусі, але і ў Савецкім Саюзе, дадавала мне адказнасці калі не ў дзіцячым садку, то з малодшых класаў школы, — працягвае суразмоўца. — Прыходзілася ўвесь час памятаць, хто мой дзед, думаць пра вучобу, паводзіны...
Ад старэйшых малодшым у вялікай сям’і Міцкевічаў перадаюцца сямейныя гісторыі.
— На сярэбранае вяселле ў 1938 годзе Колас заказаў у кандытараў торт, — распавядае Вера Данілаўна. — На торце ён прасіў напісаць: “Пінск — Мінск”, бо менавіта з гэтымі беларускімі гарадамі звязана гісторыя кахання дзеда і бабулі. Але Пінск тады быў пад панскай Польшчай, і кандытары пабаяліся нават упамінаць яго назву. І калі Колас прыйшоў за заказам, на торце было напісана толькі слова “Мінск”. Так той торт і з’елі...
Жывучы ўжо ў Мінску, Колас не страчваў сувязі з роднымі мясцінамі, расказала Вера Данілаўна. Адным з самых любімых Коласам спосабаў бавіць вольны час было “ціхае паляванне”, а грыбных месцаў у лясах Стаўбцоўшчыны заўсёды было шмат. Аднойчы раўнадушны да пасад і дзяржаўных узнагарод Колас пажартаваў у Савеце Міністраў:
— Вось каб было міністэрства грыбной гаспадаркі, я хацеў бы быць міністрам...
Як Юрка прадаў коласавы чаравікі
Хто не чуў, як траюрадны пляменнік Коласа, старэйшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея славутага паэта Георгій Міцкевіч чытае на памяць “Новую зямлю”, многае страціў. Для кожнага слухача дзядзька Юрый выбірае з паэмы пэўныя ўрыўкі, знаходзіць своеасаблівую манеру выканання.
— Кажуць, вы ведаеце на памяць усю паэму? — завязваю я размову.
— Так, ведаю, але магу трохі збіцца. Вось дзед Юзік — той ведаў “Новую зямлю” бліскуча, ніколі не памыляўся!
Дзед Юзік — гэта малодшы брат Коласа Іосіф Міхайлавіч Міцкевіч. Менавіта ён стаяў ля вытокаў захавання і ўшанавання памяці свайго брата: задоўга да афіцыйнага адкрыцця філіяла Коласаўскага музея на Стаўбцоўшчыне вадзіў па сядзібах, што памяталі песняра, экскурсіі, чытаў паэмы і вершы — многа тамоў спадчыны песняра мог проста прачытаць на памяць.
Майму суразмоўцу было 14 гадоў, калі Коласа не стала. У дзяцінстве Юрка часта сустракаўся са славутым паэтам, які быў для яго, маленькага хлопчыка, у першую чаргу блізкім сваяком.
— Колас здаваўся мне чалавекам строгім — вусы, нос вялікі... Ніколі ён громка не рагатаў — толькі ўсміхаўся ў вусы, — прыгадвае Георгій Міхайлавіч.
Адно з яркіх дзіцячых уяўленняў: Колас прыехаў упершыню да іх на легкавым аўтамабілі і пракаціў маленькага Юрку на “легкавушцы”.
— У 1949 годзе Колас прыехаў пагасціць у родныя мясціны, — расказвае Георгій Міхайлавіч. — І наша сям’я з гэтай нагоды наладзіла застолле. Мяне, тады яшчэ зусім маленькага, паставілі на табурэтку, і я чытаў перад дарослымі коласава “Савось — распуснік” на памяць. Коласу спадабалася маё “выкананне” — ён пацалаваў мяне і падарыў 200 рублёў. На гэтыя грошы маці купіла мне чаравікі. Прывыкшы бегаць басанож, я ніяк не мог да іх прызвычаіцца. Неўзабаве мы з маімі дзедам і бабуляй паехалі на рынак у Стоўбцы. Старыя пакінулі нас, малых — мяне і маю цётку, што была толькі на некалькі гадоў старэйшая за мяне — на возе і пайшлі купляць, што ім было патрэбна. А да нас падыходзіць цыганка, слова за слова — і яна выменяла ў мяне новыя чаравікі на мяшэчак цукерак-ледзяшоў. Вярнуліся старэйшыя, а цыганкі ўжо і след прастыў. Дома мне, канешне, дасталася. Так я за цукеркі прадаў коласавы чаравікі...

Штогод на радзіме Коласа бывае каля дзесяці тысяч наведвальнікаў. І тыя, хто пабываў аднойчы, заўсёды вяртаюцца — каб пачуць, як чытае коласаўскія радкі дзядзька Юрый, паслухаць, як шумяць пасаджаныя Коласам ліпы, адчуць на сабе своеасаблівую аўру зямлі, што нараджае таленты.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter