Обзор книг Кастуся Цвирки "Зорка фiламатаў" и Тумаса Транстромера "Пад вольным небам"

Суровыя пейзажы

Кастусь Цвiрка. Зорка фiламатаў.
Мiнск, Беларуская навука, 2017.

«Згуртаваў iх Вiленскi ўнiверсiтэт»

Так пачынаецца кнiга, у якой сабраныя нарысы i эсэ вядомага беларускага пiсьменнiка Кастуся Цвiркi, прысвечаныя створанаму дзвесце год таму студэнтамi Вiленскага ўнiверсiтэта Таварыству фiламатаў. Менавiта там — пачатак новай беларускай лiтаратуры, там асобы, якiя спрыялi развiццю нашай культуры: Адам Мiцкевiч, Тамаш Зан, Ян Чачот... Гэта не проста навуковае даследаванне. Аўтар апiсвае ўласныя падарожжы па слядах герояў. Вось мы наведваем разам з пiсьменнiкам Фалiчы — былыя ўладаннi паноў Дараганаў. «Фэлькавай сядзiбай стала невялiкая палянка сярод гэтых бясконцых лясоў. Недзе тут шарэлi саламянымi стрэхамi i хаты панскай службы. Можна ўявiць, як жылося ў гэтым мядзведжым кутку пасяленцам». Вось падарожныя прыходзяць у Мядзвядку — радзiму Iгната Дамейкi, аднаго з самых блiзкiх сяброў Адама Мiцкевiча. На жаль, з сядзiбных пабудоў мы бачым толькi зарослы лебядой ды дзядоўнiкам падмурак. А вось Туганавiчы. Сюды летнiм днём 1818 года прыехалi на параконнай брычцы двое студэнтаў, Тамаш Зан i Адам Мiцкевiч. Тут Мiцкевiч упершыню сустрэў сваю Марылю, няздзейсненае каханне. А вось гучаць радкi паэта над возерам Свiцязь. Мы прасочым лёсы дзясяткаў маладых таленавiтых людей, якiя марылi прысвяцiць сябе служэнню радзiме, асвеце, лiтаратуры, навуцы — а спазналi турму, высылкi, войны... I ўсё гэта — з эфектам прысутнасцi, бо расследаванне вядзецца на нашых вачах, у сённяшнiх варунках. Мы сустракаемся i з даўно памерлымi, i з сучаснiкамi, i можам прасачыць, як жа сёння захоўваецца гiстарычная памяць.

Тумас Транстромер. Пад вольным небам. Выбраныя вершы.
Мiнск, 2017.

Чым цiкавая Нобелеўская прэмiя па лiтаратуры, дык тым, што час ад часу моцна здзiўляе. Аб’яўляецца лаўрэат, i ўвесь свет перапытвае: «Хто–хто?» Тое самае адбылося, калi абвясцiлi, што лаўрэатам 2011 года прызнаны шведскi паэт Тумас Транстромер. Гэта ж крытыкам яшчэ iмя трэба было без запiнкi навучыцца вымаўляць! Такi вось падарунак Тумасу да васьмiдзесяцiгоддзя. У 2015–м Транстромер пайшоў з жыцця. А для беларускага чытача з’явiўся шанец паслухаць, як гучаць вершы лаўрэата на беларускай мове. Над перакладамi працавалi людзi розных пакаленняў, ад Уладзiмiра Арлова да Алесi Башарымавай. I часам змест iх гучыць вельмi па–беларуску.

Нiзкая хваiна на тарфянiку з кронай — цёмнай анучай.
Ды ўлоўнае вокам — нiшто ў параўнаннi
З карэннем, паўсюдна паўзучай, разложыстай,
Несмяротнай цi паўсмяротнай
Каранёвай сiстэмай.
Я, ты, ён, яна, мы разгалiноўваемся таксама
За межы ўсяго, чаго хочам.

Ну што ж, суровыя шведскiя пейзажы сапраўды нагадваюць нашы краявiды. А тэмы адвечныя для ўсiх паэтаў не мяняюцца. Жыццё, смерць, месца чалавека ў сусвеце. Калаж дапаўняецца каларытнымi дэталямi — завушнiцы гайдаюцца ў вушах жанчыны, нiбы дамоклаў меч. Смеццяры прыбiраюць пустыя бакi... Ялiна нагадвае стрэлку механiзма гадзiннiка. У паэме «Воды Балтыкi» аўтар апiсвае свой радавод. Дзед па кудзелi — лоцман, бабуля па кудзелi — удава, бяспраўная служанка. Суровы побыт маракоў, выспы, памiж якiмi — толькi на лодцы. Пераход у сучаснасць, якая вымагае ад чалавека не згубiць свой голас i каранi. Карацей, усё пераплятаецца, ва ўсiм глыбiнныя сэнсы, аўтар яшчэ i ўмудраецца назваць усе болевыя кропкi часу са стужкi навiн. Вядома, чытанне не для ўсiх, але ёсць магчымасць паразважаць, за што далi прэмiю.

Издания для обзора предоставлены книжным магазином «Академическая книга», Минск, пр/т Независимости, 72.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter