Прывітанне родным у аргенцінскі горад Бярысу дасылаюць жыхары палескай вёскі Лактышы

Суродзічы жывуць за акіянам

Прывітанне родным у аргенцінскі горад Бярысу дасылаюць жыхары палескай вёскі Лактышы


Неяк у гутарцы са мной доктар гістарычных навук, вучоны сакратар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Гурко выказаў думку: беларуская супольнасць замежжа сёння можа выдатна існаваць у інтэрнэт-прасторы. Як прыклад прывёў суполку ў Японіі: там беларусаў каля 300 чалавек, і жывуць на розных астравах, сустракацца часта магчымасцяў мала. Ды ўсё ж створана Беларуская супольнасць у Японіі, ёсць сайт: www.belcomjp.org. Змяшчаюцца на ім навіны з Радзімы і жыцця супляменнікаў, ёсць інфармацыя пра курсы японскай і рускай моў, спасылкі на сайты пра Беларусь. Стажыруецца ў японскім Кіёта старшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства Цэнтра — Сяргей Сакума. Адна з тэм, над якой ён працуе там, — беларуская дыяспара ў Японіі.

Па меркаванні навукоўца, ідэя інтэрнэт-супольнасці падыходзіць для супляменнікаў у найбольш аддаленых краінах: Кітаі, Карэі, Аўстраліі, Канадзе, ЗША, Бразіліі, Венесуэле, Аргенціне… У апошні час заўважаю: да этнічнай радзімы цягнуцца ўнукі-праўнукі беларусаў, якія некалі назаўсёды пакінулі родныя мясціны. Сёлета шляхі-дарогі прывялі ў Беларусь супляменніц з Іркуцка Алену і Таццяну Сіпаковых, Зянону Сабчук з аргенцінскай Абэры, Себасцьяна Андраюка з Уругвая… Напрыканцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў з беларускіх земляў з’ехалі яшчэ іх дзяды-прадзеды.


Марыліна (злева) з сястрой
Летась у “ГР” мы пісалі пра супляменніцу з аргенцінскай Бярысы Марыліну Дрозд (“Марыліна — каралева”, ГР, №45, 03.12.15), якая ўвесь мінулы год была “тварам беларускай дыяспары”, прадстаўляла супольнасць на розных імпрэзах, канферэнцыях, фестывалях. Тады мы звязаліся з дзяўчынай, каб павіншаваць яе з ганаровым званнем, даведацца пра асабістыя повязі з Беларуссю. Марыліна ж папрасіла знайсці яе родных, назвала вёску Лактышы Ганцавіцкага раёна — гэта Палессе, Брэсцкая вобласць. Адтуль у 1936 годзе з’ехалі яе прабабуля і прадзядуля, Ульяна і Платон Дразды.

Мы звязаліся з калегамі з райгазеты, галоўны рэдактар Пётр Газіеўскі абяцаў дапамагчы. І праз некаторы час у Мінск патэлефанаваў загадчык лактышоўскага сельскага клуба Аляксандр Матусевіч. Паведаміў: аргенцінскія Дразды — яго родныя, а Марыліна — стрыечная пляменніца. Казаў, што захаваліся ў яго старыя фотаздымкі, а на мясцовых могілках ёсць пахаванні Іосіфа і Фёклы Драздоў: памерлых малымі дзяцей Платона і Ульяны. Што ж, трэба на месцы ўпэўніцца, што лактышоўскія Матусевічы — родныя бярысаўскім Драздам.

І вось мы ідзем з Аляксандрам Іванавічам па вясковай вуліцы, да могілак. Расказвае: “У прадзеда Івана было шасцёра дзяцей: Пракоп, Пётр, Аляксандр (мой дзед), Кацярына, Настасся, Ульяна. Адна з сясцёр, Ульяна, і пайшла за Платона Дразда. Той родам быў з суседняй вёскі, а ў Лактышах жыў у прымах, у сям’і жонкі. Памятаю, бабуля яшчэ расказвала: жылося ў вёсцы ой як нялёгка. А ў Драздоў жа й хаты сваёй не было, хварэлі дзеці, двое малых памерлі. Вось тут іх магілкі… А ў той час ездзілі па Заходняй Беларусі вярбоўшчыкі: клікалі ў Амерыку, абяцалі землі, грошы, шчаслівую будучыню. Ад голаду й галечы з некаторымі іншымі лактышоўцамі паехалі ў 1936-м у Аргенціну і Дразды”.

У пісьме Марыліны знаходзім: “Мой дзед Аляксандр (сын Ульяны і Платона) нарадзіўся ў 1928 годзе, яму было 8 гадоў, калі сям’я пераехала ў Аргенціну. У яго былі брат Іван і сястра Юлія”. Паказаў мне і Аляксандр Іванавіч складзены ім самім радавод. Ёсць у ім адгалінаванне Драздоў, ёсць тыя самыя Алесь (Аляксандр), Іван і Юлія — усё супадае!

Адкуль, аднак, звесткі пра аргенцінскіх беларусаў у лактышоўскім радаводзе? Аказваецца, доўгі час родныя людзі падтрымлівалі сувязі. “Апошняе пісьмо ў Беларусь Юлія дасылала ў 1982-м”, — паведамляла Марыліна. Пра пісьмы з Аргенціны ўспамінае і Вольга Мышкавец, стрыечная сястра Аляксандра Матусевіча: “Дасылалі сюды й фотаздымкі. Здавалася, хораша ім жылося. Дачка іх Юлія была заўсёды ў прыгожых сукенках, туфлях модных. Пазней, калі я школу заканчвала, і жыццё трошкі наладзілася, памятаю, як хацела я, каб прыехалі “аргенцінцы” да нас у госці. Каб паглядзелі, якая стала вёска, якія цудоўныя, адкрытыя душою людзі ў ёй”. Пра вёску, дарэчы, мы пісалі раней (“Лактышы на таленты багатыя”, ГР, № 37, 06.10.2016). І прычыну, па якой перарваліся зносіны, Вольга Мікалаеўна вызначае: моўная. “Пакуль жывыя былі Платон ды Ульяна, іх дзеці, то мы й перапісваліся. Унукі ды праўнукі гавораць ужо толькі па-іспанску… Аднак жа й гэтае пытанне вырашальнае: каб родныя не зразумелі адно аднаго — быць таго не можа! Мы падвучым іспанскую, і яны ж хай успамінаюць родную мову дзядоў”.


Аляксандр Матусевіч чакае родных з Аргенціны ў госці
Фота: Кацярына Мядзведская


Марыць пра тое, як будзе прымаць гасцей з Аргенціны, і Аляксандр Іванавіч. “Хай толькі прыедуць, а мы ўжо іх размесцім з камфортам, — абяцае. — Жыць ім ёсць дзе: бацькава хата пустуе”. Заходзіла і я туды: усё там прыбрана, дагледжана. Увогуле ў мяне склалася ўражанне: Аляксандр Іванавіч — дбайны гаспадар. І карова ёсць, і пасека… Дарэчы, гэта па яго ініцыятыве адноўлена ў вёсцы Свята-Мікольская царква, званіца, дагледжаны могілкі.

Паказваў Аляксандр Іванавіч у бацькоўскай хаце фатаграфіі бацькоў, дзядулі, дзядзькоў… Я ж прывезла з сабою здымкі Марыліны. “Вось яна якая, крывінка… — разглядваў дзяўчыну Аляксандр Матусевіч. — Нешта ёсць у яе ад нашай радні”. “Ага, падобная на дзеда Івана... — згаджалася Вольга Мышкавец. — Рысы твару трохі завостраныя, сама хударлявая”. Ёсць у родных з Беларусі ды Аргенціны і агульнае захапленне: любоў да музыкі. Марыліна з маленства танчыць у ансамблі “Чайка”. “Танчыць і я люблю! — прызнаецца Аляксандр Іванавіч. — Як пачую музыку, то ногі самі ў скокі йдуць”. Складае ён і вершы, і песні спявае…

Чакае ў госці стрыечную сястру і сын Аляксандра Іванавіча, Яўген. Ён, дарэчы, сам знайшоў Марыліну ў сацыяльных сетках. Спісвалася з дзяўчынай і дачка Вольгі Мышкавец Святлана. Тая запэўнівае: сустрэнем і ў Мінску (там цяпер яна жыве), і ў Лактышы адвязем. Калі ж у родных не атрымаецца прыехаць на этнічную радзіму, то яна гатова сустрэцца з імі ў Аргенціне. Чакае толькі запрашэння.

Дарэчы, у беларуска-аргенцінскіх кантактах і візы хутка не спатрэбяцца. На сайце Амбасады Беларусі ў Аргенціне паведамляецца: 24 кастрычніка ў Мінску падпісана Пагадненне паміж Урадам Беларусі ды Урадам Аргенціны аб узаемных бязвізавых паездках грамадзян. Калі пагадненне ўступіць у сілу, то “грамадзяне абедзвюх дзяржаў, якія маюць агульнаграмадзянскія пашпарты, змогуць уязджаць, выязджаць і знаходзіцца на тэрыторыі Аргенціны або Беларусі без віз да 90 дзён на працягу аднаго каляндарнага года, пачынаючы ад даты першага ўезду”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter