Тысячагадовы фарпост Беларусі

Сураж: клічуць родныя мясціны

Віцебскае мястэчка Сураж, размешчанае ў сутоцы рэк Каспля і Заходняя Дзвіна, адлічвае шосты век. У другой палове ХVI стагоддзя па загадзе князя Вялікага Княства Літоўскага і караля Польшчы Жыгімонта II кашталян трокскі Стэфан Збаражскі побач з мястэчкам пабудаваў драўляны замак-крэпасць. Сураж стаў каралеўскім мястэчкам. Жыхары яго засталіся пад уладай віцебскага ваяводы Станіслава Паца і на пяць гадоў вызваліліся ад мытных збораў, акрамя падаткаў на ўвоз солі і вываз воску. Праз дзесяцігоддзе яны атрымалі ў карыстанне навакольныя з замкам землі. Мужское насельніцтва мела павіннасць коннай вайсковай службы. Двойчы на год ладзіліся кірмашы, на якія збіраліся купцы з замежжа. У канцы ХVI стагоддзя польскі кароль Стэфан Баторый зацвердзіў герб Суража з выявай замка і трох вежаў.


Частыя войны Сярэднявечча наносілі ўрон мястэчку, якое зноў і зноў адраджалася.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Сураж атрымаў статус горада і цэнтра павета Полацкай, потым Беларускай і з пачатку ХIХ стагоддзя Віцебскай губерні Расійскай імперыі. Адкрыліся двухкласнае павятовае і народнае вучылішчы, дзе засвойвалі навуку амаль тысяча навучэнцаў. Па Заходняй Дзвіне сплаўляўся лес, дзейнічалі прыстань, амаль паўсотні розных майстэрняў. У канцы ХIХ стагоддзя стаў пазаштатным горадам Віцебскага павета. Прадукцыю выдавалі папярова-кардонная фабрыка і шклозавод. З 1924-га па 1957 год Сураж — раённы цэнтр Віцебскай вобласці. З 1938 года — гарпасёлак.

З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі ў навакольных лясах арганізоўваліся і дзейнічалі партызанскія атрады. Мемарыяльнымі помнікамі ўшанавана ўсенародная барацьба з лютым ворагам. У брацкай магіле ляжаць звыш дзевяці тысяч мірных жыхароў, зверскі знішчаных гітлераўцамі. Увекавечаны ў Суражы легендарны бацька Мінай.

Пасля вызвалення мясцовасці ад акупантаў аднавілі дзейнасць раённыя службы, вытворчыя калектывы. На тэрыторыі сельсавета дзейнічаюць лясгас, падраздзяленні ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка”. Сярэдняй школе прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Шмырова (бацькі Міная).

Старшыня сельвыканкама Аляксандр ВЯЛІТЧАНКА
ШЛЯХ у аддаленае мястэчка Сураж, куды мяне паклікала чарговая вандроўка, пралягае праз дзясятак віцебскіх вёсак, забудаваных пераважна драўлянымі дамамі. Што ні падворак — сялянская крэпасць. Высокія вароты з перакладзінай, гаспадарчыя пабудовы ствараюць невялікі дворык з домам вокнамі на вуліцу. У палескіх вёсках пасляваенных часоў драўляныя хаты будавалі глухімі сценамі на вуліцу. Шчыльна застаўлены дамамі гродзенскія мястэчкі. Розняцца і сады. На Віцебшчыне яны ў асноўным яблыневыя, з вішнямі, слівамі. Рэдка сустракаюцца грушы. На Прыдзвінне пазней прыходзіць вясна. Над пераўвільготненай раллёю, куды яшчэ не заехаць тэхнікай, звіняць галасы пералётных птушак. Рачная пойма Заходняй Дзвіны і яе прытокаў — сапраўдны рай для птушынага і звярынага царстваў. На зелянеючую рунь выйшлі з падлеску палахлівыя дзікія козачкі, над якімі мільгацелі гаманлівыя кнігаўкі. Парослыя хмызамі нізіны Віцебшчыны чарадуюцца з крутабокімі лапікамі палёў.

Пэўна, зачаравала Прыдзвінне ў далёкай мінуўшчыне заснавальнікаў Суража, вандроўку па якім пачаў з замчышча, што ўзвышаецца над рачной поймай. Як на далоні — сядзібы, зарэчныя прасторы. Магутная рака падзяляе мястэчка на дзве часткі. Побач са старажытным гарадзішчам з бурлівай плынню Заходняй Дзвіны зліваецца рака Каспля, праз якую перакінуты бетонны мост. У міжсезонне з зарэчных сядзіб, а пражывае там сотня жыхароў, каб патрапіць у цэнтр гарпасёлка, трэба аб’язджаць раку праз Віцебск. А гэта амаль сотня кіламетраў.

Спецыяліст ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка” Уладзімір ПАЎЛОЎСКІ

Старшыня сельвыканкама Аляксандр Вялітчанка, з якім пад’ехалі да пераправы, заклапочаны рамонтам парома. Пасля завяршэння крыгаходу кацярок будзе перавозіць людзей, пакуль не адновяць пераправу. Вучні з зарэчных сем’яў часова пераведзены ў суседнюю школу.

Чакаюць парома і хлебаробы ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка”, угоддзі якой размешчаны ў Задзвінні. Са спецыялістам сельгаспрадпрыемства Уладзімірам Паўлоўскім завіталі на мехдвор агракомплексу імя Шмырова, які стаў структурным падраздзяленнем акцыянернага таварыства. Побач з энерганасычанымі трактарамі на заасфальтаванай пляцоўцы выстраіліся пасяўныя агрэгаты. Большасць трактароў аснашчаны электронікай. Працуюць на іх вопытныя механізатары.

Начальнік МТК“Шапурова” Алег ЛОСЕЎ і жывёлаводы Вера і Люба БАБРОВЫ

АНДРЭЙ Арцёменка, з якім сустрэліся на мехдвары, дзесяць гадоў таму разам з атэстатам сталасці атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста і застаўся працаваць у гаспадарцы. І цяпер дзейнічае ў Суражы пры раённым цэнтры дзяцей і моладзі гурток падрыхтоўкі механізатараў. Практычныя заняткі праводзіць Аляксандр Алейнікаў. Жадаючыя стаць трактарыстамі выпускнікі школы прафесію атрымліваюць у спецыялізаваным ліцэі.

Халасцяк Андрэй Арцёменка сваё будучае бачыць у родных мясцінах. Удасканальваць кіраванне тэхнікай яму дапамагаў бацька Аляксандр Міхайлавіч, які быў адным з лепшых механізатараў гаспадаркі. Маці Валянціна Трафімаўна даіла кароў на ферме. Сястра Алена таксама засталася дома. Працуе бухгалтарам у лясгасе. Для Андрэя сёлетняя вясна асаблівая — упершыню вывядзе ў поле энерганасычаны трактар “Кейс”. Машына складаная. З восені карпатліва засвойваў кіраванне ёю.

Пенсіянеры Таццяна і Віталь КАПЦЕЛАВЫ

Пасля далучэння агракомплексу імя Шмырова да віцебскай птушкафабрыкі прыкметна абнавіўся машынна-трактарны парк. Кіраўніцтва гаспадаркі турбуе праблема кадраў механізатараў. Не хапае і жывёлаводаў. На малочна-таварным комплексе “Шапурова”, што побач з гарпасёлкам, амаль тысяча галоў жывёлы. З кіраўніком комплексу Алегам Лосевым зайшлі ў прасторнае памяшканне, дзе даглядалі кароў сёстры-двайняты Вера і Люба Бабровы. Ад іх даведаўся, што і маці Галіна Міхайлаўна была жывёлаводам. Цяпер на пенсіі. У дзяцінстве дапамагалі ёй даіць кароў. Сёстры адзначылі, што ўмовы працы на комплексе не параўнаць, што былі на ферме. Вера і Люба даглядаюць кароў, а трохразовым на дзень даеннем займаюцца аператары ў спецыялізаванай зале. Ручная праца зведзена да мінімуму. У Суражы ёсць дзе і адпачыць маладым пасля працоўнага дня. Розныя гурткі створаны пры Доме культуры, якім кіруе Зоя Касянок. Па выхадных ладзяцца дыскатэкі. Сёстры Бабровы заклапочаны, што кавалераў не хапае.

Гаспадыня Людміла ШУТКО

СТАРШЫНЯ сельвыканкама Аляксандр Вялітчанка падкрэсліў: з 900 жыхароў гарпасёлка — большая палова жанчыны. Працуюць у асноўным педагогамі, сацыяльнымі работнікамі, медыкамі. Пасля ўвядзення ў эксплуатацыю новага жывёлагадоўчага комплексу паступова становіцца запатрабаванай прафесія жывёлавода. Многія сем’і хлебаробаў справілі наваселлі ў сучасных катэджах.

На ўскрайку Суража будаўнічая брыгада птушкафабрыкі ўзводзіць збожжаачышчальна-сушыльны комплекс, на якім з’явяцца новыя працоўныя месцы.

Цясляр-бетоншчык Юрый ГЕРОЯЎ і дарожны рабочы Уладзімір ПАРЦЯНКА

Сярод арганізацый і ўстаноў гарпасёлка найбольш працуючых у лясгасе, дзе занята амаль 270 чалавек. Ёсць у калектыве і вакантныя месцы. Зараз лесаводы займаюцца пасадкай сасны і ліставых парод дрэў.

Нясмела прыжываецца фермерства. Толькі адзіны на тэрыторыі сельсавета Аляксандр Зайцаў займаецца вырошчваннем гародніны. Рэалізуе прадукцыю на рынках Віцебска. Браты Анатоль і Сяргей Белавусавы наладзілі вытворчасць альтанак, дачнай мэблі. Трусагадоўляй захоплены былы механізатар Мікалай Губернатараў.

Поўняць бюджэты сем’яў багатыя на прыродную даніну лес і рэкі. Акрамя Заходняй Дзвіны, нібыта венецыянскія каналы перасякаюць гарпасёлак рэчкі Неварожка, Суражка і Каспля. Грыбныя і ягадныя лясы акружаюць паселішча. Жыхары абласнога цэнтра аўтобусамі масава прыязджаюць летам за прыроднай данінай.

Настаўніца Вольга АЛЯКСАНДРАВА з вучнямі на прагулцы

РЫБНЫЯ мясціны дзяцінства вярнулі з Віцебска ў Сураж Таццяну і Віталя Капцелавых. Гаспадар сваімі рукамі пабудаваў двухпавярховы драўляны дом, у які запрасіў зазірнуць. На падворку ўзвышаліся акуратна складзеныя бярозавыя дровы. Таццяна Паўлаўна завіхалася з сякерай у руках каля спілаваных галін старой яблыні. Побач з домам — альтанка, абвітая вінаграднаю лазою. Здзівіла ўнутраная прыгажосць арыгінальнага дома, сцены якога ўвешаны незвычайнымі карцінамі. Для вырабу іх Віталь Яўхімавіч выкарыстоўвае бляшаныя сценкі старых халадзільнікаў, мікрахвалявых печак і іншай бытавой тэхнікі.

Вяртанне ў родны Сураж, як лічаць Капцелавы, абагаціла іх жыццё. Сэрца шчымела вярнуцца да сцежак дзяцінства. Два дзесяцігоддзі таму ажыццявілі мару. Сельвыканкам даў зямельны надзел. Была свая карова. Вось толькі складанасці з газіфікацыяй. Цэнтральная частка Суража газіфікавана, а да іх аддаленай сядзібы дарагавата каштуе пракладка газаправода. З дровамі праблемы няма. Вакол густыя лясы. Ёсць каму і калоць круглякі. Сыны Максім і Павел кожныя выхадныя прыязджаюць да бацькоў, дапамагаюць гаспадарыць.

Краявед Зоя КАСЯНОК

З Украіны вярнуліся ў Сураж і купілі дом Таццяна і Васіль Свіловічы. З далёкай Туркменіі паклікалі родныя мясціны Святлану Ракаву, а Наталлю Жаглову — з Латвіі.

Летась наваселлі справілі ў пабудаваных сваімі сіламі дамах сем’і Сотнікавых і Чыбісавых. Чатырнаццаць катэджаў прынялі навасёлаў у гарпасёлку і амаль трыццаць у суседняй вёсцы Шапурова.

Пасля ліквідацыі Суражскага раёна ў гарпасёлку захавалася неабходная інфраструктура: амбулаторыя, аптэка, ветучастак, ашчадны банк, сярэдняя школа, пажарная служба. Памяшканне былога мэблевага магазіна пераабсталявана ў царкву Пятра і Паўла.

Настаўнік фізкультуры Ігар АЛЯКСАНДРАЎ, школьнікі Дар’я СЦІНЬКОВАЯ і Дзмітрый ЦВЁРДЫ

ШАНУЮЦЬ суражцы памяць пра герояў вайны. Восем мемарыяльных помнікаў на тэрыторыі сельвыканкама. У цэнтры гарпасёлка ў памяшканні канторы філіяла райкамунгаса ў вайну быў канцэнтрацыйны лагер. На школьным двары побач з садам Перамогі, разбітым педагогамі раёна вясною 2015 года, узвышаецца помнік замучаным фашыстамі дзецям легендарнага бацькі Міная — Лізе, Зіне, Сяргею, Міхаілу. Шэфствуюць школьнікі над мемарыялам “Суражскія вароты”, дзе ў вайну пасля паспяховага наступлення савецкіх войск быў створаны 40-кіламетровы пралом у лініі нямецкага фронту паміж Веліжам і Усвятамі. Праз гэтыя “вароты” падтрымлівалася сувязь партызан з Вялікай зямлёю. Подступы да іх утрымлівалі часці 4-й арміі і народныя мсціўцы.

Механізатар Андрэй АРЦЁМЕНКА

Аляксандр Вялітчанка, які паўтара дзесяцігоддзя кіруе сельвыканкамам, як і многія жыхары гарпасёлка, памятае арганізаваную журналістамі газеты “Рэспубліка” прэзентацыю на беразе Заходняй Дзвіны воднай экспедыцыі, прысвечанай вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У сельвыканкаме захоўваецца Ганаровая грамата Прэзідэнта Беларусі, якою ўзнагароджаны Сураж за мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны. Такой узнагародай уганараваны таксама Лепель, Пінск, Рагачоў і Расоны.

Віцебскі раён.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter