Беларуская абшчына Львоўскай вобласці на пачатку года адзначыла 15-годдзе

Супольнай працай моцныя

Беларуская абшчына Львоўскай вобласці на пачатку года адзначыла 15-годдзе. Цікава пагартаць старонкі яе летапісу.
Беларуская абшчына Львоўскай вобласці на пачатку года адзначыла 15-годдзе. Цікава пагартаць старонкі яе летапісу.

Адразу заўважу: Нацыянальна-культурнае таварыства “Белая Русь” у Львове было створана яшчэ ў жніўні 1992-га. З часам на яго аснове ўзнікла Беларуская абшчына Львоўскай вобласці. Cтваралася першая суполка, калі рухнула вялікая краіна і ўзнікла ў супляменнікаў патрэба трымацца разам. Увогуле ж, адзначу, на Львоўшчыне і цяпер жыве звыш 5 тысяч беларусаў. Вялікую працу правёў былы кіраўнік Рускага драмтэатра Савецкай арміі ў Львове палкоўнік у адстаўцы Барыс Мікалаевіч Цімошчанка. Ён стварыў і ўзначаліў арганізацыйнае ядро суполкі. Неяк з групай афіцэраў запрасіў у той штаб і мяне, аўтара гэтага артыкула. Тады службоўцы з новай гарадской і абласной адміністрацыі падобным суполкам ішлі насустрач. На Львоўскім радыё двойчы на тыдзень па-беларуску гучала перадача “Весткі з Беларусі”. Нам дапамаглі выдаць 4 нумары газет “Беларус Галіччыны” і “Галіцкая Рунь”. Улады спрыялі кантактам суполкі з этнічнай Радзімай, аказвалі іншую дапамогу.

Дэлегацыю супляменнікаў з Украіны ў Беларусі сустракаюць хлебам-соллю

Вялікай падзеяй стаў для нас Першы з’езд беларусаў свету, праходзіў 8-10 ліпеня 1993 года ў Мінску. Запрасілі 8 дэлегатаў ад беларускай грамады Львова, сярод іх і мяне. Тады пашчасціла быць у складзе рабочага прэзідыума, і я меў гонар працаваць побач з кіраўніком дзяржавы і міністрам замежных спраў, з народным пісьменнікам Беларусі Васілём Быкавым ды іншымі вядомымі дзеячамі Беларусі і замежжа. Пасля з’езду, які станоўча паўплываў на абуджэнне беларускага руху ў свеце, і мы больш актыўна ўзяліся за працу.

Штомесяц праводзілі мы сходы таварыства, былі сустрэчы землякоў па інтарэсах, кантакты з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў, прадстаўнікамі ўлады горада і вобласці. Ладзілі канцэрты народнай музыкі і песні, вечары адпачынку. Вялікую дапамогу ў той час нам аказвала Пасольства Беларусі, сам першы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол ва Украіне Віталь Уладзіміравіч Курашык. Помніцца, яшчэ і памяшканні Пасольства не былі гатовы для прыёму наведвальнікаў, дык Пасол прымаў нас у сваім нумары ў гатэлі.

У суполку прыйшлі пераважна людзі высокай культуры, з вялікім жыццёвым досведам. Больш за 80 працэнтаў іх — з вышэйшай адукацыяй. Гэта выпускнікі вну, што ехалі ва Украіну па размеркаванні, афіцэры (і члены іх сем’яў), якія засталіся ў Львове пасля завяршэння службы. У актыве былі акадэмік, член-карэспандэнт Акадэміі навук Украіны, два дактары навук і 16 кандыдатаў, генерал і 90 афіцэраў. Пра­цавалі лекары, настаўнікі, юрысты, інжынеры, а таксама журналісты, пісьменнікі, людзі іншых прафесій. Паспяхова дзейнічалі да пачатку 98-га, пакуль па розных прычынах энтузіязм не згас.

І знайшліся аднадумцы, каб справу адрадзіць, стварыць абласную суполку беларусаў Львоўшчыны. Ініцыятыўная група правяла сход грамады 27 снежня 1998 года. Доўга ішла работа, і 1 снежня 1999-га агульны сход старастай грамады аднагалосна абраў мяне. А 8 студзеня 2000-га быў, нарэшце, агульны ўстаноўчы сход абшчыны, на якім я зачытаў зацверджаны ўжо статут і прапанаваў лічыць гэтую дату днём заснавання Беларускай абшчыны Львоўскай вобласці. Прапанову прынялі аднагалосна, а старшынёй савета грамады абралі Людмілу Янюк. Тады ж замацавалі мы адказных за важнымі кірункамі, а былі гэта прававое забеспячэнне, кіраўніцтва секцыяй ветэранаў вайны і працы, кіраўніцтва моладзевай секцыяй, арганізацыя беларускай нядзельнай шко­лы, кіраўніцтва секцыяй мастацкага выхавання, рэда­гаванне газеты “Весткі з Беларусі”, гуманітарная дапамога, медасвета і камерцыйная дзейнасць. Усталявалі сувязь з нашым земляком, архіепіскапам Львоўскім і Галіцкім Аўгустынам (ён цяпер — Мітрапаліт Белацаркоўскі і Багуслаўскі), папрасілі яго апекаваць нашу суполку.

У гасцях у львоўскіх беларусаў — дэлегацыя з Бацькаўшчыны. Кастрычнік 2013 г.
У гасцях у львоўскіх беларусаў — дэлегацыя з Бацькаўшчыны. Кастрычнік 2013 г.

Па справах абшчыны я двойчы наведаў Мінск, быў на прыёме ў міністраў замежных спраў, адукацыі, культуры, інфармацыі, у Старшыні Дзяржкамітэта па справах рэлігій  і нацыянальнасцяў. Дзякуючы нашай Бацькаўшчыне былі вырашаны важныя пытанні: па выданні газеты суполкі, набыцці аргтэхнікі і падручнікаў для школы, мастацкай літаратуры для чытання. Было нават прынята рашэнне: на ільготных умовах прымаць на вучобу ў вну Беларусі выпускнікоў школ Львоўшчыны з сем’яў членаў абшчыны. Быў аформлены заказ, і нам пашылі нацыянальныя сцэнічныя касцюмы — для артыстаў хораў “Белая Русь” і “Купалінка”. Абшчына атрымала і квоту на штогадовую паездку дзяцей супольнікаў у Дзіцячы аздараўленчы лагер “Зубраня”. На перападрыхтоўку ў Мінск накіроўваліся настаўнікі беларускай нядзельнай школы Львова і кіраўнікі мастацкай самадзейнасці абшчыны.

Кожная замежная суполка моцная сваімі сувязямі з Бацькаўшчы­най. Таму ў плыні праекта “Адміністрацыйны рэгіён Беларусі — грамадская арга­нізацыя суайчыннікаў за мяжой” мы падпісалі пагадненні (дагаворы) аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, культуры, спорту і турызму з райвыканкамамі розных абласцей: Ганцавіцкім, Камянецкім, Дзяржынскім, Лідскім ды Аршанскім. Пры нашым садзеянні падпісаны і дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Львоўскай і Брэсцкай абласцямі.
 
Працавалі мы і ў такім кірунку, як аказанне па лініі Чырвонага Крыжа гуманітарнай дапамогі адзеннем, прадуктамі харчавання тым членам абшчыны, хто мае ў тым вострую патрэбу. Стварылі патранажную службу: каб аказваць дапамогу састарэлым, адзінокім і хворым людзям. “Прабілі” рашэнне Львоўскага аблсавета, прынятае на пачатку 2001-га: аб стварэнні ў Львове Беларускага адукацыйна-культурнага цэнтра (БАКЦ). У яго ўвайшлі беларуская нядзельная школа, бібліятэка, іншыя структуры. Дырэктарам школы прызначана Лідзія Клімюк, выкладчыцы  — Валянціна Цімошчанка і Людміла Чучвіч. Хорам “Белая Русь” кіруе Ірына Глебка-Іўлева, хорам “Купалінка” — Людміла Краўчук.

На пасяджэнні савета абшчыны мы прадумалі, як наладзіць хуткую абвестку ўсіх яе членаў. Скарысталі армейскі досвед. За апавяшчэнне кож­ных 20 супляменнікаў прызначылі адказных. Выра­шылі адпрацаваць і сістэму віншаванняў — а гэта ж каля 400 членаў актыву абшчыны! — ад імя савета абшчыны з днямі нараджэння і юбілейнымі датамі ў жыцці. Такі абавязак усклалі на Ніанілу Платонаўну Ракаўчук — яна, дарэчы, з найвялікшай любоўю да людзей і стараннем робіць такую важную справу і па сёння.

З Беларусі мы атрымалі падручнікі, мастацкую літа­ратуру, дзяржаўную атрыбутыку, а таксама аўдыё- і відэакасеты, кампакт-дыскі. Усё гэта патрэбна, каб вывучаць беларускую мову, літаратуру, гісторыю Беларусі, беларускія народныя і сучасныя песні. Бацькаўшчыне мы ўдзячны і за пуцёўкі для адпачынку дзяцей у аздараўленчым лагеры “Зубраня” на Нарачы.

У 2002-м галоўным рэдактарам газеты “Вест­кі з Беларусі” ў нас быў прызначаны Станіслаў Іванавіч Шарашкоў. Газета і па гэты час трымае пазіцыі: выйшла ўжо 44 нумары выдання. У апошнім нумары мы падрабязна расказалі пра гісторыю абшчыны. Цяпер яе галоўны рэдактар — Вячаслаў Баровіч.

Заслугоўвае павагі дзейнасць Ірыны Яўгенаўны Глебкі-Іўлевай — хор “Белая Русь” пад яе кіраўніцтвам стаў высокамастацкім, зладжаным калектывам. Ён выступаў на розных сцэнах і ў Беларусі: на фэстах беларускага мастацтва ў Паставах і Дуброўне, на святах “Дажынкі” ў Кобрыне, Дзень горада ў Мінску, на “Славянскім базары ў Віцебску” (які ў 2011-м вітаў Першы Міжнародны фэст мастацтваў беларусаў свету), на святкаванні 685-годдзя горада Ліда (Гродзеншчына), двойчы — на ​​фэсце беларускага мастацтва ў Брэсце з вялікім начным святам “Купальская ноч”. Ведаюць нашу “Белаю Русь” і ва Украіне — хор спяваў у Оперным тэатры і Палацы “Україна” ў Кіеве, выступіў у іншых гарадах. Падзяка мая — Ірыне Яўгенаўне, якая ставіла калектыў на ногі, а таксама Марыне Леанідаўне Міроненцы, якая цяпер кіруе хорам.

З часам старшынёй савета абшчыны быў абраны Васіль Лаўрэнцьевіч Капытаў. Яму ж даручылі зарэгістраваць новае ўтварэнне: Беларускую Праваслаўную суполку імя святой Еўфрасінні Полацкай. Так і было зроблена. Беларусы Львова шырока адзначалі 120-я ўгодкі народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Дарэчы, на юбілей Коласа прыязджала ўнучка паэта, грамадскі дзеяч Марыя Міхайлаўна Міцкевіч. Урачысты сход і канцэрт мы арганізавалі ў Доме арганнай музыкі ў Львове.

У канцы 2002 года была сустрэча актыву абшчыны з Паслом Беларусі ва Украіне Валянцінам Вялічкам. У 2003-м да нас прыязджалі з Беларусі вядомыя пісьменнікі, літаратуразнаўцы Генадзь Бураўкін, Вячаслаў Рагойша, Сяргей Законнікаў, Васіль Якавенка, Анатоль Кудраўцаў, Таццяна Кабржыцкая. У сустрэчы паўдзельнічаў і архіепіскап Львоўскі і Галіцкі Аўгустын.

Шэфскую дапамогу аб­шчыне ў той час аказвала Львоўская чыгунка. У прыватнасці, пасля майго, як старасты суполкі, пісьмовага звароту кіраўніцтва дарогі і яе прафарганізацыя бясплатна вылучалі нам плацкартны вагон да Мінска. У ім ехалі дзеці на аздараўленне, а разам з імі да сваякоў у Беларусь выязджала 25-30 ветэранаў абшчыны. Такім жа чынам усе вярталіся ў Львоў. За тое хочацца добрым словам згадаць вялікага сябра Беларускай  абшчыны, выдатнага кіраўніка і патрыёта Георгія Кірпу.

У канцы 2003-га мы звярнуліся ў Пасольства Беларусь ва Украіне з хадайніцт­вам: адкрыць у Львове Ганаровае консульства Беларусі. Прапанавалі кандыдатуру консула. Да лістапада 2005-га ўсе пытанні былі ўзгоднены, і Ганаровым консулам стаў Ігар Драцяк. Значная падзея для ўсёй абшчыны! І цяпер  актыўная праца Ігара Іванавіча па збліжэнні народаў нашых краін, развіцці ўзаемавыгадных стасункаў дае свой плён. Ігар Іванавіч аказвае вялікую дапамогу ў рабоце абшчыны, за што мы яму шчыра ўдзячныя.

Сяргей Кулікоў з настаўнікамі і вучнямі нядзельнай школы
Сяргей Кулікоў з настаўнікамі і вучнямі нядзельнай школы

На пачатку 2006-га я быў абраны дэлегатам ад беларускай дыяспары Украіны на Трэці ўсебеларускі народны сход. Прыемна было адчуваць, што і мы, беларусы Львоўшчыны, таксама далучаныя да справаў Бацькаўшчыны. Што мы — адзіны народ, хоць і жывем у розных краінах. Аднак ці ж гэта так важна, калі маем у сэрцах тое, што ўсіх беларусаў, дзе б ні былі, яднае: вялікую любоў да Айчыны.

Беларускім суполкам замежжа варта падключацца да міждзяржаўных культурных праектаў. У нас такі досвед ёсць. Вясной 2007-га абшчына садзейнічала таму, каб на высокім узроўні прайшлі гастролі ў нашым горадзе Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя Якуба Коласа з Віцебска. Пры поўным аншлагу прайшло 6 спектакляў. У той жа год Львоў прымаў і Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча. Прыемна было бачыць у залах, сярод гледачоў знаёмыя твары. Сотні членаў Беларускай абшчыны з вялікай карысцю для сябе і душэўнай радасцю змаглі паглядзець гэтыя прадстаўленні, канцэрты — па запрашэннях, якія мы для супляменнікаў арганізавалі. Такія сустрэчы з мастацтвам для нас — як глыток паветра з Беларусі. І для творчых людзей прыемна сустракаць супляменнікаў у замежжы.

Сяргей Кулікоў, стараста Беларускай абшчыны Львоўскай вобласці
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter