Продолжаются осенние региональные ярмарки в разных регионах

Суперпрыз — бульбы мех і певень

Працягваюцца сталічныя і рэгіянальныя кірмашы з багатым выбарам сельгаспрадукцыі

На асенніх кірмашах, што праходзяць па ўсёй краіне, можна не толькі зрабіць ладныя запасы на зіму. У некаторых рэгіёнах улады арганізавалі падчас традыцыйных базараў святочныя забавы. Напрыклад, злавіць рыбу голымі рукамі ды выйграць пеўня можна было ў суботу на кірмашы ў Шчучыне. Мы таксама параўналі цэны на найбольш папулярную прадукцыю на мінскіх і рэгіянальных пляцоўках.


Карэспандэнт «СГ» накіравалася на кірмаш у Шчучыне з самага ранку. Яшчэ і сямі гадзін не было, як вуліца Леніна ў райцэнтры ажыла, загаманіла і зазвінела гаманцамі.

Кірмаш — той дзень, калі вёска горад корміць, таму гараджанам, відаць, не спалася — яны ішлі з сумкамі ды мяхамі. Свае паслугі прапаноўвала грузавое таксі, бескарыслівую дапамогу — актывісты РК БРСМ.

Восеньскі кірмаш зноў здзівіў багатым асартыментам і мясцовым каларытам. Выйграць прадукцыю можна было і падчас сельгаслатарэі: за 2,5 рубля атрымаць мех бульбы, морквы, цыбулі, яблыкаў і нават разжыцца пеўнямі ды курамі. Сёлета ўдача ўсміхнулася шчучынцам Юліі і Кірылу Скаромным, якія набылі ажно 16 квіткоў! Выйгрышных — дзевяць.

— У мінулым годзе купілі дзесяць квіткоў, і амаль усе былі шчаслівыя. Выйгралі суперпрыз — двух пеўняў і дзве курыцы. Вось і сёлета вырашылі паспытаць шчасце і не прагадалі, — прызналіся Скаромныя.


Як заўсёды, знайшліся смельчакі, якія прынялі ўдзел у традыцыйнай гумарыстычнай рыбалцы. Праўда, каб рыбу з'есці, трэба было ў ваду лезці. Удзельнікі пад гучныя апладысменты гледачоў лавілі рыбу голымі рукамі!

Актыўна працавалі падворкі і выязны гандаль. Цікавымі рукатворнымі таварамі радавалі народныя ўмельцы. Асабліва шмат было вязаных вырабаў, патрэбных акурат да халадоў.

— Сёлета ў кірмашы ўдзельнічалі дзевяць гаспадарак раёна. Прадалі яны 40 тон збожжа, 20 тон бульбы, каля 8 тон яблыкаў. А яшчэ попытам карысталіся цыбуля, капуста, морква і іншая агародніна, — расказаў першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Шчучынскага райвыканкама Андрэй Клімовіч.

На кірмашы было шмат прадаўцоў і з іншых раёнаў. Напрыклад, Наталля Кароза прыехала з Мастоў. У яе звыш 70 сартоў хрызантэмы. Шчучынцам кветкавод прапанавала 45 відаў. Кошт — ад 4 да 20 рублёў.

Імпрэза запомнілася і тэатралізаванай праграмай, якую падрыхтавалі работнікі РЦКіНТ і Мастоўскага РЦК.

У ТЭМУ

Ці вартая цана?

У выхадныя рэгіянальныя кірмашы на Міншчыне адбыліся ў Вілейцы, Жодзіне і Слуцку. Працягваюцца яны таксама і ў сталіцы. Але можна заўважыць, што цэннік на некаторыя віды садавіны і агародніны ў Мінскe павышаецца ў параўнанні з вераснёвым. Скажам, за слівы просяць 5,5 рубля, вінаград ідзе па 6,9 рубля, салодкая кукуруза — па 3,8. Так, мы параўналі цэны на кірмашы па вуліцы Русіянава ў Першамайскім раёне сталіцы і ў Слуцку ў мінулую суботу. У рэгіёне цэннік на яблыкі — 0,5—1,5 рубля, у сталіцы — ад 1,5 да 2,5. Журавіны на Случчыне прадаюць за 6—7 рублёў, у Мінску — за 8. Памідоры ва Уруччы — 2,2—4,5 рубля, а на слуцкім кірмашы — 2,5—3. Баклажаны — 3,5 і 3,9 рубля. Найбольшая розніца ў цэнніку на салодкі перац: 2,5 і 3,9 рубля не на карысць жыхароў сталіцы. Аднак пакупнікоў хапае, тым больш на сезонным кірмашы можна купіць, напрыклад, свежых шчупакоў, каліну, глог, дамашні сыр і тварог, чаго не знойдзеш у звычайным магазіне.

kasper@sb.by

yasko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter