Как собаки-детекторы находят злодеев по запаху

Сунуць нос у чужыя справы

Няхай злачынцы, надзеўшы пальчаткі, не пакідаюць на месцы злачынства адпячаткаў, затое сваім пахам яны наслядзяць абавязкова. І тут на дапамогу сышчыкам прыходзяць сем унікальных сабак-дэтэктараў. За год яны дапамагаюць міліцыі ідэнтыфікаваць па паху каля сотні злачынцаў. Мы вырашылі выпрабаваць чатырохногіх «экспертаў» Герду і Дасье, каб высветліць, ці здолеюць яны адшукаць па паху карэспандэнта «Р».

Дасье — самы дасведчаны сабака — на службе ўжо больш за 9 гадоў

— Кожны чалавек мае свой пах, непаўторны, як адпячаткі пальцаў. Ён застаецца на ўсім, да чаго ён дакранаецца. Знішчыць альбо ўтаіць яго вельмі цяжка. Нават на пасыпаных перцам ці папырсканых адэкалонам прадметах сабакі пачуюць пах канкрэтнай асобы, — уводзіць мяне ў курс справы начальнік аддзела даследавання пахавых слядоў чалавека Дзяржкамітэта судэкспертыз Аляксандр Шчытнікаў.

Сабака можа распазнаць пах, ідэнтычны таму, што ўзялі на месцы злачынства, сярод мільёнаў іншых проб. Сёння возьмем пробы з маіх ключоў і паглядзім, ці здолеюць Герда і Дасье іх знайсці.

— Пахавыя пробы бяром на стэрыльныя сурвэткі з баваўнянай тканіны і пакуем у шкляныя ёмістасці з металічнымі накрыўкамі, якія туга закрываюцца, бо шкло і метал не прапускаюць пахавых складальнікаў, — апісвае працэдуру эксперт Дзяржкамітэта судэкспертыз Алена Шамшур, робячы ўсё гэта з маімі ключамі.

Звычайна эксперты адбіраюць пахавыя пробы з прадметаў на працягу сутак. Мы ж, упакаваўшы ключы з фланелевай тканінай у слоік, пакінем іх на адну гадзіну. Па словах Алены Шамшур, для нашага эксперымента і гэтага будзе дастат­кова.

Пакуль фланелевая тканіна набярэцца пахам маіх ключоў, Аляксандр Шчытнікаў тлумачыць, чаму альтэрнатывы сабачаму нюху пакуль няма:

— Пах — рэч эфемерная. Яго канцэнтрацыя на прадметах, з якімі мы кантактуем, ніжэй за адчувальнасць нават самых сучасных храматамасспектрометраў і храматографаў. Сабака ж 75% інфармацыі атрымлівае праз нос і здольны адрозніваць больш за 2,5 тысячы пахаў. На гэта пакуль не здольны ні адзін прыбор. Каб лепш уявіць розніцу паміж нашым нюхам і сабачым, уявім: яны могуць пачуць чайную лыжку солі, раствораную ў 49 літрах вады. І нават адрозніць пах блізнят.

Сабакі-дэтэктары натрэніраваны па пэўнай методыцы. Сярод дзесяці знешне аднолькавых фішак шукаюць адну з тым жа пахам, які ім далі панюхаць у якасці ўзору. Даследаванне паўтараюць некалькі ра­зоў, мя­няючы месцазнаходжанне фішак з узорамі. Усяго ў ідэнтыфікацыйным даследаванні ў якасці дэтэктара па чарзе ўдзельнічаюць мінімум тры сабакі. Кожны пра­ходзіць пахавы рад двойчы. Толькі калі пры любых камбінацыях усе сабакі абодва разы паказваюць на адзін і той жа ўзор, эксперты робяць выснову аб прыналежна­сці паху падазронаму. Калі сабакі не знаходзяць узор, значыць, паха­выя сляды належаць камусьці іншаму.

— У нас выхаванне і дрэсура га­даванцаў зусім іншыя, чым у сабак, якіх выкарыстоўваюць для патрульна-вышу­ковай працы, пошуку наркотыкаў і выбуховых прадметаў, — галоўны эксперт аддзела дасле­даванняў пахавых сля­доў чалавека Ганна Абаева займаецца выхаваннем сабак больш за дваццаць гадоў. — Мы выбіраем жывёл з тэмпераментам сангві­ніка альбо меланхоліка — патрэбна максімальная канцэнтрацыя і спакой. На іх паўнавартасную падрыхтоўку з нуля трэба патраціць каля паўтара года. Пачынаем займацца з трох­месячнымі шчанятамі. Спачатку агульны курс дрэсіроўкі, затым спецкурс у лабараторыі. Пас­ля двух гадоў яны ўжо могуць паўнавартасна працаваць. Працоўны стаж жывёл — 6—8 гадоў. Хоць таму ж Дасье ўжо дзевяць гадоў, а ён любому маладому сабаку дасць фору.

Праверым, ці добра Герда і Дасье засвоілі ўрокі Ганны Абаевай.

— Дуня (так ласкава называюць Дасье супрацоўнікі аддзела. — Аўт.), нюхай! Добра, малайчына! Нюхай слоік... — Ганна Абаева кіруе працэсам, падводзячы нямецкую аўчарку па чарзе да фішак.

Насупраць сёмай Дуня садзіцца — выбар зроблены. Узор паху з маіх ключоў сапраўды быў там. Для чысціні эксперымента, пакуль сабака знаходзіцца ў іншым пакоі, мяняем фішкі месцамі і паўтараем наш вопыт яшчэ раз. Але Дуню не правядзеш — зноў знаходзіць патрэбны ўзор.

Да працы прыступае Герда. Гэты сабака маладзейшы — усяго 2,5 года. Але ён ужо дапамог выкрыць дзясяткі злачынцаў. У адрозненне ад Дасье, Герда трохі губляецца, адцягваецца на шчаўчкі камеры нашага карэспандэнта, які спрабуе сфатаграфаваць сабаку ў лепшым ракурсе. І ўсё ж праз пару хвілін і Герда беспамылкова знаходзіць пах з маіх ключоў.

— Любы старонні гук ці пах можа адцягнуць увагу сабакі, — Ганна Абаева патлумачыла паводзіны Герды. — Таму падчас экспертызы ў лабараторыі прысутнічаюць толькі два эксперты. Для аб'ектыўнасці адзін працуе з сабакамі, другі — з пробамі. Гэта значыць, першы эксперт не ведае, у якой фішцы ляжыць узор, і не можа падказаць сабаку.

Калі ўзоры з месца злачынства не супадаюць з узорамі падазроных, іх адпраўляюць у банк пахавых слядоў. Там у закрытых слоіках яны будуць захоўвацца не адзін год. Калі ў справе з'явяцца новыя падазроныя, узоры распячатаюць і зноў правядуць даследаванне. Аднойчы экспертам удалося выкрыць забойцу праз чатыры гады дзякуючы забытай на месцы злачынства шапцы. Доказ чакаў свайго часу, закатаны ў трохлітровы слоік.

— У памяшканні для экспертызы падтрымліваем вільготнасць каля 80% і тэмпературу 20 градусаў. Гэта аптымальныя ўмовы для працы сабак-дэтэктараў, бо пры такой тэмпературы і вільготнасці пахавыя складальнікі добра выпараюцца з сурвэтак і сабакам лягчэй іх распазнаць, — Аляксандр Шчытнікаў раскрывае тонкасці працы з пахамі.

Пачынаючы з 1996 года, калі ў краіне ўпершыню правялі экспертызу пахавых слядоў чалавека, эксперты зрабілі больш за 6 тысяч даследаванняў. Іх вынікі не раз дапамагалі выкрыць зла­чын­цаў. У гэтым годзе ў аддзел прыйдуць два новыя чатырохногія «супрацоўнікі». Эксперты не сумняваюцца, што з іх дапамогай раскрыюць яшчэ не адну сотню злачынстваў.

gorbatenko_inna@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter