Сумны рамантык

Вёска заўжды поўніла спіс выдатных асоб у мастацтве і літаратуры, перакананы вядомы беларускі дзеяч культуры Уладзімір Пракапцоў

Вёска заўжды поўніла спіс выдатных асоб у мастацтве і літаратуры, перакананы вядомы беларускі дзеяч культуры Уладзімір Пракапцоў


Многія палотны вядомага беларускага мастака Уладзіміра ПРАКАПЦОВА прысвечаны прыгожым мясцінам паміж паўнаводнымі рэкамі Сожам і Іпуццю, дзе нарадзіўся і вырас. Бацька бачыў яго аграномам, а сэрца сына загаралася творчасцю. Паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута імя Кірава, і пасля атрымання дыплома меў альтэрнатыву: застацца інструктарам абкама камсамола ці адправіцца загадчыкам аддзела Лепельскага райкама камсамола. Апантаны рамантык выбраў раён, дзе неўзабаве стаў другім сакратаром райкама камсамола. Потым былі аспірантура, абарона ў Маскве кандыдацкай дысертацыі, загадванне аддзелам культуры ў ЦК ЛКСМБ, праца ў апараце Савета Міністраў рэспублікі і прызначэнне генеральным дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Творчая дзейнасць Уладзіміра Іванавіча адзначана Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва, прысваеннем звання “Заслужаны дзеяч мастацтва Рэспублікі Беларусь”, узнагароджваннем медалём Францыска Скарыны. Удастоены  ордэнаў Дружбы народаў, Роўнаапостальнага князя Уладзіміра, Сергія Раданежскага (Рускай праваслаўнай царквы), а таксама іншых беларускіх узнагарод і замежных. Узначальвае канфедэрацыю творчых саюзаў Беларусі, савет дырэктараў музеяў рэспублікі. Ганаровы грамадзянін горада Добруша і Лепельскага раёна.



ДЭМАБІЛІЗАВАНЫ франтавік Іван Пракапцоў з салдацкім заплечнікам і баявымі ўзнагародамі вяртаўся ў родную добрушскую вёску Ларышчава, дзе яго чакалі родныя, землякі. З нямецка-фашысцкімі захопнікамі змагаўся на “трыццацьчацвёрцы”. Двойчы паранены, але жывы вярнуўся дамоў і доўга без справы не заставаўся. Падаўся ў Гомель, машыністам вадзіў саставы на чыгунцы. А ў выхадныя імчаўся ў вёску. Прыглянулася там яму дзяўчына, што кватаравала па суседству. Пазнаёміліся. Марыя Сівуха пасля заканчэння Рэчыцкага педвучылішча прыехала настаўнічаць у Ларышчавіцкую пачатковую школу. Маладыя сустракаліся амаль два гады. Згулялі вяселле. Бацькі дапамаглі ім набыць невялікую хатку ў суседняй вёсцы Жгунская Буда. Два сыночкі падрасталі. Марыя Андрэеўна перайшла настаўнічаць у мясцовую васьмігодку, а Іван Пятровіч перасеў за руль грузавіка ў саўгасе “Жгунскі”. Сыноў Пракапцовы летам звычайна адвозілі ў Ларышчава да бабулі Агапы Савельеўны. Сямігадовы Васілёк пайшоў з сябрамі на рэчку Іпуць. Адзін з падлеткаў штурхануў яго з абрывістага берага. Ратаваць хлопчыка кінуўся старэйшы з кампаніі, і рака забрала дваіх. Пяцігадоваму Валодзю Пракапцову запала ў памяць пахаванне Васілька. Давялося сям’і перажыць і страту 27-гадовай дачкі Зіны. 

— Трое нас засталося ў бацькоў, — узгадвае Уладзімір Пракапцоў. — Сёстры Тамара і Кацярына пазней нарадзіліся. З малых гадоў бацькі прызвычайвалі нас да працы. Падлеткам выходзіў з касою на іпуцкі луг і разам са старэйшымі касіў травы. Усёй сям’ёю апрацоўвалі 25 сотак каля хаты. З сёстрамі кармілі курэй, сустракалі карову з пашы. І самі пасвілі чаргу.

Франтавыя раненні ўсё больш давалі знаць бацьку. Ён пакінуў грузавік і стаў ездавым. Навучыў мяне запрагаць каня, хадзіць за плугам. Ад дзядоў засталіся прылады для апрацоўкі зямлі. Абраблялі свой і суседскія агароды. Дружна аднавяскоўцы выходзілі на праполку саўгасных буракоў. На пачатку восені мне даручалася скошваць бульбоўнік, каб лягчэй выворваць клубні. Усе на вёсцы жылі са сваіх агародаў і падворкаў. Заробкі ў саўгасе невысокія былі. І ў студэнцкія гады прыязджаў на канікулы і ні дня не сядзеў без справы. Дапамагаў бацькам, у саўгасе працаваў.

— А на радзіме маці ў прыдняпроўскіх мясцінах часта даводзілася бываць?

— Як на свята мы адпраўляліся адведваць маміных сваякоў. Бабуля Аўдоцця Карнееўна вельмі радавалася нашым прыездам. Сямёра дзяцей было ў яе. Дзесяцігадовага мамінага брата Валодзю, які ў час нямецка-фашысцкай акупацыі катаўся з сябрам па замёрзлай рэчцы, гітлераўцы прынялі за партызан і выстралам забілі, а суседскага хлопчыка паранілі. І другі мамін брат Мікалай таксама загінуў у вайну. Дзед у сорак тры гады пайшоў на фронт, а ў пасляваенны час працаваў у сельсавеце. Вялікая Айчынная пакінула крывавы след у сем’ях маіх бацькоў. Дваццацігадовым юнаком бацька кіраваў танкам. Ледзьве жывым застаўся. Скупа ўзгадваў франтавое мінулае. Калі працаваў машыністам на цягніку, дамоў прывозіў кніжкі з малюнкамі семафораў, каб падрыхтавацца да пераздачы штогадовага экзамена машыніста. З-за пагаршэння здароўя пакінуў чыгунку і перайшоў на працу ў саўгас. 

У бацькавай вёсцы Ларышчава па традыцыі запрашалі гасцей на Сёмуху. Мы прыязджалі на падводзе да бабулі Агапы Савельеўны гасцяваць. Нас шчыра частавалі. Тры дні адзначалі светлае праваслаўнае свята. А вясковыя будні патаналі ў працы. Саўгас “Жгунскі” заўжды лідзіраваў у Добрушскім раёне. Тэхнікі зусім мала было, і асноўная праца выконвалася ўручную. Цэнтральная сядзіба гаспадаркі была ў Жгунскай Будзе, дзе ў той час налічвалася амаль паўтары тысячы падворкаў. Па чатыры камплекты першакласнікаў пачыналі заняткі ў васьмігадовай школе. 

— Якія прадметы лягчэй даваліся?

— Любіў гісторыю, літаратуру. Паспяваў добра вучыцца і дапамагаць па гаспадарцы. Пасля заканчэння Жгунскай васьмігодкі вучыўся ў добрушскай сярэдняй школе № 2. Атрымаў атэстат сталасці. Бацька хацеў, каб я працягваў спадчынны занятак — стаў спецыялістам сельскай гаспадаркі. Дзяды і прадзеды нашы спакон вякоў займаліся хлебаробскай справай. Сябра нашай сям’і працаваў саўгасным аграномам і прыносіў кнігу з каляровымі ілюстрацыямі пра новыя сарты садавіны, якія вывеў вучоны Іван Мічурын. На глянцавай паперы красаваліся малюнкі груш і яблык. Я захапляўся не пладамі, а майстэрствам мастака. Бацька раіў мне паступаць на агранамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. 

— А маці кім вас бачыла?

— Як педагог яна імкнулася даць выхаванне, падрыхтаваць да жыццёвага выбару. Са школьных гадоў мяне вабіла мастацтва. Рыхтаваўся ў сталічны тэатральна-мастацкі інстытут, але так склалася, што падаў дакументы на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута імя Кірава і паступіў. Атрымаў месца ў студэнцкім інтэрнаце. У адным пакоі са мною жылі другакурснікі Васіль Касцючэнка і Мікалай Аўчыннікаў. З невялікай стыпендыі выкройвалі частку грошай і ляцелі ў Маскву, Ленінград на мастацкія выставы. У вольны час і начамі зараблялі на афармленні насценных газет, стэндаў медінстытута, які суседнічаў з нашым інтэрнатам. Пасябраваў з цікавымі студэнтамі-медыкамі, якія сталі вядомымі спецыялістамі: доктар медыцынскіх навук Сяргей Жаваранак, дырэктар Навукова-даследчага інстытута анкалогіі імя Аляксандрава Алег Суконка.

У пісьмах родным расказваў пра студэнцкае жыццё. Ведаў, што яны радуюцца маім поспехам. На пачатку кожнага навучальнага года мы выязджалі ў віцебскія гаспадаркі на ўборку бульбы. Жылі ў вясковых сем’ях. Пасля працы на полі дапамагалі сялянам рамантаваць агароджы. Гэта было заканамернай з’явай. 

 На пятым курсе выпускнікам мастацка-графічнага факультэта прапанавалі дыпломныя праекты прысвяціць афармленню новага навучальнага корпуса педінстытута. Мне выпала клееным вітражом з выкарыстаннем бетону з пафарбаваным цэментам аздобіць хімічны факультэт. З заданнем паспяхова справіўся і атрымаў дыплом аб заканчэнні інстытута.

— А разам з дыпломам і накіраванне на працу. Выбар быў?

— Дзве прапановы адразу. Першы сакратар абкама камсамола Яўген Глушкевіч запрашаў камсамольскім інструктарам у вобласць ці загадчыкам аддзела ў Лепельскі райкам камсамола. Трэба было неадкладна выбіраць. Параіўся з інстытуцкім куратарам Аленай Ціханаўнай, якой зараз ужо 81 год. Яна была другой маці для нас. Прыняў яе параду ехаць у Лепель, каб лепш пазнаць жыццё і вярнуцца ў Віцебск на белым кані.

— З чаго пачаліся вашы працоўныя будні?

— Са строгай дысцыпліны і вялікага парадку. Першы сакратар райкама партыі з’яўляўся ў кабінеце ў сем гадзін раніцы — і ўсе прыходзілі. У Віцебску я стаў бы чыноўнікам. А ў раёне павінен быў сустракацца з кіраўнікамі гаспадарак, вытворчых калектываў, з галавой акунуўся ў паўсядзённыя клопаты грамадства. На бюро райкама камсамола мяне абралі другім сакратаром. Прыязджаў першы сакратар абкама партыі Віктар Іванавіч Шабашоў, і з ім да раніцы размаўлялі ў лесе на месцы стаянкі партызан. Абмяркоўвалі ўзвядзенне мемарыяльнага комплексу “Прарыў” ва Ушацкім раёне, дзе загінула больш за трыццаць тысяч нашых грама- дзян у гады Вялікай Айчыннай вайны. Шмат было іншых клопатаў. У гаспадарках раёна стваралі камсамольска-маладзёжныя калектывы. Змагаліся за высокія эканамічныя паказчыкі. Праца ў раёне была вельмі карыснай. Было ў каго навучыцца жыццёваму вопыту. Лепель стаў дарагім і блізкім, родным горадам. І цяпер не парываю сувязь з ім і наладжваю там, як і ў родным Добрушы, выставы сваіх карцін. Непаўторнай прыгажосці дарагія сэрцу мясціны дзяцінства і маладых гадоў немагчыма не любіць. На Гомельшчыне кранаюць сэрца шырокія рачныя поймы, прасторныя палі і сенажаці, а Віцебшчына ў мяне як мастака асацыіруецца з блакітам азёр і пышнасцю густых бароў. Камсамольская дзейнасць на Лепельшчыне загартавала, дала моцную закваску. 

— Вы, пэўна, Лепель пакарылі сваім з’яўленнем? 

— Адразу акунуўся ў працу. Адчуваў, што на віду, і тое, што дазвалялася іншым, сабе забараняў. На першым часе людзей у раёне не ведаў. Са мною віталіся, і я адказваў прывітаннем. А калі праходзілі моўчкі, і я так прабягаў. Аднойчы першы сакратар райкама партыі Віктар Тарасаў выклікаў і стаў выгаворваць, чаму не вітаюся з людзьмі. Кіраўнік раённай сельгастэхнікі паскардзіўся яму, што сустракаемся штораніцы на вуліцы, а я быццам яго не заўважаю. Мы жылі побач, і я не ведаў яго. Гэта было ўрокам на будучае. У маёй добрушскай вёсцы заўжды, хто б ні сустракаў — знаёмы ці не, — абавязкова віталіся.

— Ці не ў Лепелі вам пашчасціла сустрэць сваю палавінку?

— Халасцяком з Лепеля адправіўся ў сталіцу паступаць у аспірантуру Акадэміі навук. Там мяне абралі сакратаром камсамольскай арганізацыі. А прафсаюзам кіравала Вера Масленікава, якая ўжо рыхтавалася да абароны кандыдацкай дысертацыі. Калектывам выязджалі ў падшэфную гаспадарку нарыхтоўваць кармы, вандравалі па гістарычных мясцінах Беларусі. Кіраўнік акадэмічнага калектыву Вольга Фёдараўна Нячай як зводная маці пазнаёміла мяне з Верай, і хутка мы пажаніліся. Так я стаў зяцем вядомага мастака Паўла Масленікава. Жонка абараніла кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, узначаліла кафедру ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры. Падрасталі ў нас два сыны. Павел закончыў эканамічны факультэт, але прафесійна захапляецца мастацтвам, а Антон па адукацыі музыкант, але ў ім прабудзіліся гены майго бацькі, і ён працуе вадзіцелем. 

— Кандыдатам мастацтвазнаўства сталі і вы, а жаданне маляваць засталося?

— Нават калі працаваў у ЦК камсамола, а потым і ў апараце Савета Міністраў, выкройваў час, каб адвесці душу за мальбертам. Мне, выхадцу з беларускай вёскі, шмат дала сталічная сям’я жонкі. Бацька яе, Павел Васільевіч Масленікаў, быў надта працаздольны, і недобразычліўцы чамусьці прыдумвалі, што ён дапамагае мне пісаць карціны. Ён больш акадэмічны творца, трымаўся рэалістычнага кірунку… 

— А вашы палотны напоўнены рамантызмам, у многіх з іх адчуванне вясковай рамантыкі.

— Вясковая тэма для мяне вельмі блізкая і дарагая сэрцу. Мая жонка выхоўвалася ў даволі высокакультурным асяроддзі, і маю працу як мастака і потым як кіраўніка Нацыянальнага музея адчувае і ў многім садзейнічае. Яна выхавана на гэтым. Для творцы вельмі важна, каб яго разумелі. Магу пайсці з дому раненька і вярнуцца апоўначы, і жонка Вера Паўлаўна разумее такую занятасць. Выхаванне сыноў было яе абавязкам.

Па суботах вырываюся ў сваю майстэрню і гатовы там начаваць. Нават такую байку прыдумаў, што ў пятніцу пасля працоўнага тыдня зачыняю сябе на ключ і выкідваю яго праз фортку на вуліцу. Да вечара нядзелі хто-небудзь з прахожых гэты ключ знаходзіць і вяртае мне. Да раніцы панядзелка ператвараюся ў дырэктара і кірую Нацыянальным мастацкім музеем. 

За працоўны тыдзень столькі задумак ахоплівае мяне і хочацца рэалізаваць. Вось набліжаецца з’езд мастакоў, і я да яго ўжо напісаў два вялікіх пейзажы. Мне ж трэба трымаць справаздачу перад мастакамі і не проста займаць памяшканне ў майстэрні, каб папіць гарбаты і пагаварыць, а паказаць тавар тварам, і ён павінен быць бездакорным, каб не было нараканняў. Трэба высока трымаць планку творчасці. 

— Бацькоўскай хаце вы прысвяцілі некалькі палоцен. На адным адлюстравана восень, перад вашым падворкам высокія дрэвы, а на другім з зімовым пейзажам тая ж хата і няма ўжо дрэў. Пэўна, пісаліся гэтыя творы ў розныя часы?

— Перад нашай хатай раслі высокія каштаны. А потым і таполі пасадзілі, і яны з цягам часу так разрасліся, што сталі небяспечнымі. Мы іх спілавалі, каб не нарабілі шкоды. Бацькі купілі старэнькую хатку ў Будзе Жгунскай, а потым разжыліся і здубавалі новую. Накрываў яе брат мамы Андрэй Сівуха, які жыве ў пасёлку Храбры Рэчыцкага раёна. Дах ён зрабіў на рэчыцкі манер, па баках прыплюснутым, і крыў яго гонтаю. Я таксама дапамагаў будаўнікам. Мне даручылі склюдаваць жэрдкі. Так захапіўся працай, што з размаху вострым лязом сякеры параніў нагу. Свістала кроў, ледзьве спынілі. Шрам на ўсё жыццё застаўся. У нашай вёсцы было гонарам, хто больш працавіты і больш дапамагае дарослым. Нас хвалілі, што дзеці школьнай настаўніцы спрытныя і старанныя. Маці і цяпер з сястрою Кацярынай жывуць у тым доме, што некалі мы разам будавалі ў Будзе Жгунскай.

— Уладзімір Іванавіч, аналізуючы вашу творчасць, нельга не адзначыць, што вы не парываеце сувязь з роднымі вытокамі. Чым яны так трымаюць вас у палоне?

— Сваімі палотнамі, прысвечанымі роднай хаце, мілым сэрцу беларускім краявідам, канстатую адданасць дарагім мясцінам. Ра- зам з беларускімі мастакамі наведвалі Кітай і там пісалі пейзажы. Па натуры я вясковы, з дзяцінства выхаваны не марнаваць дарма час. Гэта рыса характэрна маім землякам. Сярод іх няма ні рыбакоў, ні паляўнічых, бо ўдача не заўсёды спадарожнічае. Калі чымсьці займаюся, то павінен быць вынік. Таму не захапляюся рыбалкай і паляваннем. Вольны час аддаю стварэнню эцюдаў. Так адпачываю з карысцю. Ляжаць на канапе перад тэлевізарам — не па мне.

— Пэўна, таму і параіў амаль два дзесяцігоддзі таму міністр культуры Аляксандр Сасноўскі вашу кандыдатуру на пасаду дырэктара галоўнага музея краіны. Як вы ўспрынялі гэта?

— У міністра вялікая адказнасць за прызначэнне. Ён ручаецца за чалавека і не мае права на памылку. Цяжка зрабіць не проста кан’юнктурны выбар, а адчуць у асобе кіраўніка, гаспадара. Аляксандр Сасноўскі адмовіў адной даме, якая некалькі гадоў працавала ў музеі і вылучалася па даволі ўплывовай лініі на пасаду, і настойліва прапаноўваў маю кандыдатуру. Як кіраўнік савецкай закалкі міністр умеў пераканаўча адстойваць сваю думку. Трывожыла, што не па мне шапка, і тройчы не даваў згоду на прызначэнне. За плячыма была ўжо абарона ў Маскве кандыдацкай дысертацыі, адказныя пасады ў вышэйшых органах улады. Яркія асобы Алена Аладава, Юрый Карачун узначальвалі музей. Лічыў, што калі не апраўдаю давер у якасці дырэктара, то як людзям у вочы глядзець буду. І ўсё ж міністр пераканаў мяне прыняць прапанову ўзначаліць Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Першыя пяць гадоў ні разу не быў у адпачынку. Спасцігаў таямніцы музейнага жыцця. Унікаў ва ўсе дробязі. За няпоўныя 20 гадоў кіраўніцтва тры разы ўсё пракруціў. Цяпер ведаю, на што здольны кожны супрацоўнік. Дзякуючы адміністрацыйнаму рэсурсу змог выстаяць як кіраўнік. 

Прыходзілася вытрымліваць даволі моцныя наезды. Колькі мы аддалі сваіх выдатных дзеячаў культуры Расіі, Польшчы. На пачатку 2000 года мастакі Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Станіслаў Жукоўскі былі ў нашай картатэцы як расійскія. Бялыніцкі-Біруля нарадзіўся на Магілёўшчыне, вучыўся ў Кіеве, пасля вайны прыязджаў у родныя мясціны, сустракаўся з Панцеляймонам Панамарэнка і адзначаў, што ганарыцца Беларуссю. Колькі давялося дыскуціраваць са сваімі супрацоўнікамі. Бялыніцкага-Бірулю, Жукоўскага, Рушчыца перавялі ў картатэку беларускіх мастакоў. Здзіўляла, чаму такая непавага да свайго. Ганаруся, што аргументавана даказаў, што такія вядомыя мастакі — прадстаўнікі Беларусі.

На балансе музея былі філіялы, з якімі змагаўся і даказваў безсэнсоўнасць існавання. Там з-за неналежных умоў захоўвання наплывала пагроза знішчэння шэдэўраў мастацтва. У мазырскай вёсцы Гурыны закрылі неперспектыўную базавую школу, і амбіцыёзныя мясцовыя кіраўнікі задумалі ў ёй стварыць філіял сталічнага музея. Замуравалі вокны, завезлі і развесілі па сценах карціны. А пра захаванасць іх не падумалі. Восем штатных адзінак патрабавалі штомесячна зарплаты. Прыехаў і ўбачыў, што лагі на падлозе пагнілі, ад сапсаванай электраправодкі ў любы момант магло загарэцца. Але нікога гэта не хвалявала. Рызыкавалі палотнамі Міхаіла Савіцкага і іншых вядомых творцаў, якія былі на нашым балансе.  За буданык адказваў сельсавет. Прапанаваў адрамантаваць гістарычны будынак былой раённай бальніцы ў Мазыры побач з педуніверсітэтам і там адкрыць мастацкі філіял. Але мяне ніхто не слухаў. Ледзьве закрылі той філіял. Як давялося даказваць і нікчэмнасць утрымання філіяла мастацкага музея ў Гальшанах. Шмат намаганняў пайшло, каб навесці элементарны парадак. Колькі на ўсё гэта было патрачана дзяржаўных сродкаў, і ніхто не панёс адказнасці.

— Вясковым працаўнікам не заўжды выпадае выбрацца ў горад, пабываць у музеях, іншых культурных установах. Як прапагандуеце культуру ў глыбінцы?

— Наладжваем выязныя выставы ў рэгіёнах. Прывозім у наш музей экспанаты з раённых музеяў і прапагандуем. Раней у маім родным Добрушскім раёне не было музея. Дзякуючы старшыні райвыканкама Вользе Фёдараўне Мохаравай адкрылі там музей. Народ туды пацягнуўся. І гэта вельмі важна. Стала модна школьнікам наведваць яго. Патрэбна, каб сталічныя спецыялісты выязджалі ў глыбінку дзеля прэстыжу рэгіянальных музеяў. Мы працуем з унікальным Веткаўскім раённым краязнаўчым музеем. Я не падзяляю расслаення культуры на рэгіянальную і цэнтральную. Нават невялікі музейчык можа мець даволі багатыя скарбы: ручнікі, вышыўкі, народныя вырабы. Важна, каб з раёнаў часцей прыязджалі ў галоўныя музеі краіны, дзе ёсць на што паглядзець. Тут захоўваюцца арыгіналы шэдэўраў сусветнай культуры.

Са школьных гадоў памятаю, што мала было ў падручніках карцін беларускіх майстроў. Той жа “Мінск 1944 года”. Арыгінал палатна ў нашым фондзе. Музеі захоўваюць шэдэўры культуры нацыі, гісторыю народа. Не трэба на гэтым эканоміць. Калі школьнікі пасля наведвання музея запомняць прозвішча хаця б аднаго з мастакоў (Савіцкага, Волкава, Шчамялёва), скульптараў (Азгура, Гумілеўскага, Анікейчыка), значыць, недарма прайшла экскурсія.

Мы запрашаем у музей жыхароў правінцыі, устройваем бясплатныя дні наведвальнікаў. Часта выязджаем у рэгіёны, сустракаемся з аматарамі мастацтва. На сваёй радзіме ў Добрушы і Лепелі прэзентаваў краязнаўчым музеям свае творы. Разам з сынам Паўлам наладзілі выставу жывапісу ў Навагрудку. 

Пашыраюцца экспазіцыйныя магчымасці нашага музея, і ў хуткім часе ў сталіцы адкрыецца беларускі Манмартр. Цэлы квартал зойме архітэктурны ансамбль.

— Уладзімір Іванавіч, як кажуць, нішто не вечнае пад месяцам. Ці задумваліся над кадравым рэзервам?

— Маю на ўвазе такіх асоб у калектыве. За імі будучае. Важна, каб гэтая асоба сама прымала ўдзел у папаўненні фондаў экспанатамі і каб жыла музеем. Не дай Бог кіраўніка, які не ведае прафесійных тонкасцей. Музей — унікальная ўстанова, якая не ведае кан’юнктуры. Тут працуюць не дзеля карьеры, а з адчуваннем важнасці за даручаную справу. У такіх установах непажадана частая змена кіраўнікоў. Для мяне дырэктарства стала сэнсам жыцця. Жыву стварэннем музейнага квартала. Калі будуць фінансавыя магчымасці, то да 80-гадовага юбілею нашай установы культуры плануем задуманае здзейсніць. Тым больш што гэта работа вядзецца пад патранажам Прэзідэнта. Гэта мая лебядзіная песня. Сам сабе прыдумаў такую грандыёзную справу.

За надзвычайную актыўнасць мяне не ўсюды ў вярхах любяць. Многіх здзіўляла, чаму наладжваем выставы карцін з Трацякоўскай галерэі, іншых вядомых музеяў свету. Мінулым летам беларускія абразы выстаўляліся ў Ватыкане. Тры гады старанна рыхтаваліся. Ездзіў у Італію, рулеткай вымяраў рамкі выставачнай залы, распрацоўваў экспазіцыйны макет, падбіраў адпаведнага памеру абразы, афармляў вітрыны. Перажываў, каб экспазіцыя не рухнула. Распрацоўваў эскізы ножак пад вітрыны, падбіраў колер для афармлення. Выстава прайшла выдатна, столькі водгукаў атрымалі. Апярэдзілі Расію і іншыя еўрапейскія краіны па арганізацыі такога масавага культурнага мерапрыемства. Штодня праходзіла звыш 20 тысяч турыстаў. Наведаў выставу і кіраўнік нашай дзяржавы. 

— Беларуская вёска дала свету шмат вядомых творчых імён. Як музей садзейнічае прапагандзе іх твораў?

— Вёска заўжды поўніла спіс выдатных асоб у мастацтве і літаратуры. Беларускія класікі літаратуры, народнай творчасці, мастацтва адтуль выйшлі. Вясковая філасофія дае больш таленту. Там духоўна тонкія лірыкі. Немалая роля і  гарадоў, але бачыць жыццё на асфальце і сярод прыроды — вялікая розніца. Хіба можна з чым іншым параўнаць усход сонца за ваколіцай ці шчэбет птушак, журчанне крыніцы. Усё гэта ўбіраецца з малаком маці. Пасля Вялікай Айчыннай у нашым грамадстве быў росквіт літаратуры і мастацтва. Столькі яркіх прозвішчаў падарыў той час. У Каралішчавічах беларускія класікі Максім Танк, Ніл Гілевіч, Іван Чыгрынаў праводзілі творчыя сустрэчы. Па камсамольскай лініі мы арганізоўвалі творчыя вечары маладых літаратараў Леаніда Галубовіча, Аляксандра Пісьмянкова, Яўгеніі Янішчыц і іншых. Усе яны — выхадцы з вёскі. 

— Уладзімір Іванавіч, вы рэаліст у жывапісе, але ваш рэалізм рамантычны. Якое сваё палатно лічыце брэндавым?

— Праходзіць час, і некаторыя палотны пачынаюць па-новаму цябе кранаць. Мая самая першая работа, якая была закуплена ў 1985 годзе Беларускім саюзам мастакоў за 300 рублёў, прысвячалася Максіму Багдановічу. Яна не толькі мяне кранае, а і многіх іншых. Як і карціна “Вытокі”. Праз гады гляджу на яе і думаю: можа, гэта не я напісаў. У дзяцінстве з маці ездзілі на базар купляць насенне гародніны і кветак і бачылі фанеркі з намаляванымі яркімі кветкамі. Набыў набор такіх своеасаблівых фанерак у Раўбічах. Мяне нешта ўскалыхнула і вярнула ў маленства, і пад гэтым успамінам стварыў малюнак — вялікі гляк чорнаглянцавы і ў ім такія кветкі, як на тых фанерках, і пасцелены ручнік. Лічу, што мая песня яшчэ недаспяваная ў творчасці. Мяне хвалюе тэма Радзімы, роднай вёскі, каб яе не забываць.

— У адным з інтэрв’ю вы адзначылі, што як мастак ляціце ў калясніцы. І куды яна вас нясе? Мо, да вытокаў?

— Імчу да людзей вясковых і гарадскіх. У замежжы як дырэктар прадстаўляю Беларусь. Сябрую з кіраўнікамі Эрмітажа, Трацякоўскай галерэі, Луўра і іншых сусветнавядомых музеяў. У Музеі Ватыкана, дзе экспанаваліся беларускія абразы, прэзентавалася наша краіна. Сябе атаясамліваю ў якасці прадстаўніка яе, і мае паводзіны і знешні выгляд павінны быць адпаведныя. Не магу ў суботу дазволіць сабе прыйсці ў музей ці ў майстэрню ў пацёртых джынсах. Не маю права. У кабінеце захоўваю два парадныя касцюмы. Часта наведваюцца нечаканыя дэлегацыі, і я іх сустракаю. На гэтай адказнай пасадзе сабе не належу. А як мастак я, па словах вядомага беларускага творцы Леаніда Шчамялёва, сумны рамантык. Мой сум — па родных вытоках. 

Як дырэктару музея мне трэба ўсё трымаць у руках. Важна выхаваць у сабе ўнутраную культуру. Вельмі цяжка, калі ў цябе абвостраная пачуццё адказнасці і справядлівасці і ты не прыстасаванец. Складана жыць сумленнаму чалавеку, які не ўмее прыстасоўвацца. Разумею, што вынік маёй працы бачаць простыя людзі. Іншы раз сустракаюць у метро і дзякуюць. Гэта вышэйшая ўзнагарода. 

Можна мець найлепшую адукацыю, а то і некалькі, як зараз модна, быць уважлівым у калектыве, на вуліцы, а дома нягоднікам. А можна быць не надта адукаваным, як некаторыя мае землякі, але быць чалавекам вялікай душэўнай культуры, такта, чысціні і прыстойнасці. Такім імкнуся быць заўжды і ўсюды. І дзяцей з Верай Паўлаўнай такімі выхоўвалі, а як Бог дасць унукаў, то і ім такія рысы будзем прывіваць.

Уладзімір СУБАТ

 Фота аўтара і з сямейнага альбома Уладзіміра ПРАКАПЦОВА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter