
Шлях мы трымаем у вёску Перамежнае — менавіта там бачылі незнаёмцаў неславянскай знешнасці. У рэйдзе нас суправаджаюць двое байцоў атрада пагранічнага кантролю «Мінск», які дыслацыруецца непадалёку, у Нацыянальным аэрапорце.
— Увогуле, вялікага наплыву нелегальных мігрантаў у нас няма, — перад тым як выправіцца ў дарогу, заўважае Вікторыя Барысавец, начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Смалявіцкага РАУС. — Але, бывае, факты такія выяўляюцца. Звычайна гэта грамадзяне Украіны, Узбекістана, якія працуюць на прыватных будоўлях або заняты на сельскагаспадарчых работах. Жыхары гэтых краін могуць знаходзіцца ў нас да 90 дзён у год, прычым 30 з іх — без рэгістрацыі. Але важна ведаць, што для працы ім патрэбны спецыяльны дазвол.
Ранішняе сонца бязлітасна паліць двор фермерскай гаспадаркі ў вёсцы Перамежнае. Тут завіхаюцца, даглядаючы жывёлу, чатыры мужчыны, амаль аднолькава смуглыя ад загару. Пры праверцы дакументаў высвятляецца, што два з іх — беларусы, а вось яшчэ два паказваюць пашпарты грамадзян Узбекістана. Алена Таленбаева, інспектар аддзялення ГіМ, пытаецца аб дазволе на працу. Маладзейшы мужчына запытальна глядзіць на таварыша — па-руску ён, відаць, не разумее. Старэйшы апускае вочы і вінавата паціскае плячыма...

Рэгістрацыя ў работнікаў маецца — звычайная, турыстычная, па адрасе ў Мінску.
— Для працы патрэбны рэгістрацыя і спецыяльны дазвол, які атрымліваюць разам з наймальнікам, — тлумачыць Алена. — Гэты дакумент трэба здаць ва УГіМ, узамен атрымаць укладыш у пашпарт, які дае права на працу і гадавое пражыванне па адрасе рэгістрацыі.
З размовы ўдаецца даведацца, што мужчыны — аднавяскоўцы 44 і 34 гадоў, кожны мае сям’ю і дзетак. Працаўладкавацца на радзіме не атрымалася, перабіваліся выпадковымі заробкамі, вось і вырашылі ехаць у Беларусь. Аб неабходнасці дазволу на працу ведалі, але спадзяваліся, што пытанні з дакументамі вырашыць за іх наймальнік.
— Чаму не выправілі неабходныя дакументы? — пытаемся ў гаспадыні.
— Ды мы збіраліся... — раздражнёна кажа яна. — Не паспелі проста, работы зараз шмат...
Вопыт афармлення папер у яе ёсць — у мінулым годзе тут абсалютна легальна і законна працавалі двое грамадзян Узбекістана. Магчыма, дзейнічала, дакладней, бяздзейнічала жанчына з карыслівых меркаванняў: любы працоўны дагавор прадугледжвае выплату падаткаў. Гэтыя ж людзі працуюць па вуснай дамоўленасці. Кажуць, ежу і вопратку ад гаспадыні атрымлівалі, а вось грошы — яшчэ не. Адзін з таварышаў проста не паспеў: пачаў працу толькі ў ліпені. Другі кажа, што сам вырашыў не браць зарплату кожны месяц, а пачакаць, пакуль назбіраецца вялікая сума.
Але сэканоміць на працы нелегалаў наўрад ці атрымаецца: пакараннем за парушэнне парадку заняткаў працоўнай дзейнасцю можа быть штраф да 30 базавых велічынь.
Гора-работнікаў мы забіраем з сабой, у Смалявіцкі РАУС. Абодва маркотныя і засмучаныя, але пагаджаюцца, што закон яны парушылі, што ж тут абурацца. Цікаўлюся, што з імі будзе далей.
— Спачатку апытаем і складзём пратаколы, — дзеліцца планамі Алена. — Відаць, спатрэбяцца паслугі перакладчыка. Хутчэй за ўсё, будзе прынята рашэнне аб прымусовай дэпартацыі. Хаця санкцыі артыкула прадугледжваюць для іншаземцаў, якія парушылі парадак знаходжання ў нашай краіне, у тым ліку і штраф да 50 базавых. Набудзем ім білеты, прычым за кошт прымаючага боку, гэта значыць наймальніка. Пад канвоем адвязём у аэрапорт, прасочым, каб яны селі ў самалёт да Ташкента, і пачакаем яго адлёту. На бліжэйшыя тры гады ўезд у Беларусь гэтым грамадзянам будзе забаронены. Час да рэйса яны правядуць у ізалятары.
Дарэчы, выдаткі, якія пры гэтым панясе дзяржава, таксама давядзецца кампенсаваць наймальніку. Штраф, білеты, утрыманне ў ІЧУ — вось і думай тут, ці ўдалося сэканоміць на працы нелегалаў...
nevmer@sb.by